"Крокі сацыяльнага партнёрства"

№ 7 (1081) 16.02.2013 - 23.02.2013 г

Наталля АЎДЗЕЕВА, старшыня Цэнтральнага Камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры:

Паважаныя ўдзельнікі пасяджэння! Першае. Наша сацыяльнае партнёрства паміж Міністэрствам культуры і яго галіновым прафсаюзам будуецца, у першую чаргу, на аснове галіновага пагаднення. Новае тарыфнае пагадненне, даводзім да вашага ведама, падпісана на 2013 — 2015 гады, зарэгістравана ў Міністэрстве юстыцыі і, адпаведна, з’яўляецца асновай для заключэння мясцовых пагадненняў і калектыўных дагавораў. Дагаворы ў нас пашыраны амаль паўсюдна. Гэта азначае, што мы павінны вельмі аператыўна прыступіць да працэсу ўнясення змяненняў і дапаўненняў у гэтыя вельмі важныя дакументы. ЦК прафсаюза, абкамы прафсаюза гатовы ўсебакова дапамагчы ў дадзеным пытанні — і шляхам правядзення юрыдычнай экспертызы, і шляхам правядзення мерапрыемстваў па абмене вопытам па калдагаворнай дзейнасці. Тым больш, што ў мінулым годзе мы з вамі правялі першы рэспубліканскі конкурс на лепшы калектыўны дагавор. І ёсць цудоўныя прыклады: гэта аддзел культуры Гродзенскага райвыканкама, Крупская раённая цэнтралізаваная сістэма ды іншыя.

/i/content/pi/cult/412/8452/1-2.jpeg

Другое. Я спадзяюся, што мы з вашай дапамогай завершым працэс стварэння пярвічных прафарганізацый нашага прафсаюза ва ўстановах сістэмы Міністэрства культуры. Каб не было намераў і думак, і мар у незалежных прафсаюзаў заняць нашу арыентаваную падтрымку галіны, беларускага грамадства ў цэлым, нішы.

Хачу таксама вас праінфармаваць, што ў гэтым годзе сістэма “Белпрафсаюзкурорт” рэалізуе пуцёўкі для членаў прафсаюза, якія ўваходзяць у склад Федэрацыі прафсаюза работнікаў Беларусі, і іх дзяцей ад 4 да 14 гадоў коштам на 25 працэнтаў ніжэй. У мінулым годзе гэтая лічба складала 20 працэнтаў.

Мы з вамі актыўна будзем і надалей праводзіць работу па выкананні на месцах заканадаўства аб працы і ахове працы. Гатовы праводзіць мы, прафсаюзы, у вашых інтарэсах, інтарэсах нашай галіны бясплатны па гэтых напрамках аўдыт. Калі ласка, запрашайце — будзем рады аказаць гэтую дапамогу. Таму што, калі мы прыходзім ужо на планавую праверку, то адсюль будуць выцякаць іншыя наступствы, мера адказнасці, па, перш за ўсё, Указе № 40 Кіраўніка дзяржавы.

У завяршэнне. Год беражлівасці. Канешне ж, наш прафсаюз сумесна з Міністэрствам культуры праводзіць конкурс па эканоміі, беражлівасці матэрыялаў, энергарэсурсаў. Я як лідар нашага прафсаюза прашу вас: давайце берагчы яшчэ і адно аднаго, берагчы нашых людзей, уважліва ставіцца да кадраў. Я думаю, што мы гэта ў стане, у сілах зрабіць. Дзякаваць богу, абышліся ў 2012 годзе без судовых разбораў. Спадзяюся, так будзе і сёлета. Я публічна шчыра дзякую вам ад свайго імя, ад імя ўсяго нашага прафактыву за вельмі канструктыўнае супрацоўніцтва, добрае, узважанае!..