"Мадэрнізацыя і сістэмнасць"

№ 7 (1081) 16.02.2013 - 23.02.2013 г

Ірына ДРЫГА, намеснік начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення — начальнік упраўлення сацыяльна-культурнай палітыкі галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь:

Перш за ўсё, хачу падзякаваць кожнаму з вас, ад сельскага, раённага спецыяліста да работніка рэспубліканскіх устаноў культуры, за адданую дзейнасць у мінулым годзе: пад час кампаніі па правядзенні парламенцкіх выбараў, а таксама — акцыі “Беларусь у маім сэрцы”, за дапамогу ў падрыхтоўцы мерапрыемстваў з удзелам Кіраўніка дзяржавы, што прайшлі ў Нясвіжскім палацава-паркавым ансамблі, Нацыянальным гістрычным музеі, Музеі гісторыі горада Мінска, дзе адкрывалася Галерэя Міхаіла Савіцкага. Шмат зроблена ўпраўленнем культуры Магілёўскага аблвыканкама: святкаванне Купалля пераўтварылася з рэгіянальнага ў свята рэспубліканскага і міжнароднага маштабу. Неаспрэчныя і дасягненні Віцебскага аблвыканкама, які разам з Міністэрствам культуры вось ужо столькі гадоў арганізоўвае брэндавы для Беларусі “Славянскі базар у Віцебску”... Інакш кажучы, у сферы культуры працуюць надзейныя і самаадданыя людзі.

/i/content/pi/cult/412/8451/1-1.jpeg

Бягучы год у нацыянальнай эканоміцы праходзіць пад знакам мадэрнізацыі. І, як вы самі цудоўна адчуваеце, мадэрнізацыя ў культуры патрэбна не менш, чым на вытворчасці. Апошнім часам Міністэрства культуры зрабіла для гэтага неблагі задзел. Маю на ўвазе прававое забеспячэнне галіны і рэалізацыю шматлікіх творчых акцый, якія вывелі нашу культуру на якасна новы ўзровень. Цяпер галоўнае — перавесці гэтыя пачынанні ў рэчышча сістэмнай працы, не згубіць час, не знізіць тэмпы пераўтварэнняў, давесці іх да лагічнага завяршэння. Таму на пэўныя пытанні пры арганізацыі дзейнасці ў 2013 годзе я хацела б звярнуць увагу і апарата Міністэрства, і прадстаўнікоў усіх сфер культуры.

Што да кінавідэагаліны, то сёння ў дачыненні да яе чамусьці часцей згадвалі “Беларусьфільм”. Кінастудыя, на якую ўскладаюцца функцыі фабрыкі стужак, цэнтра развіцця нацыянальнага кінамастацтва, адна з такімі глабальнымі задачамі не справіцца — неабходна працаваць усім разам. Не магу не згадаць у сувязі з гэтым неабходнасць рэфармавання механізма дзяржаўнай падтрымкі кінематографа. Год таму быў прыняты Указ № 567, які стымулюе вытворчасць менавіта беларускіх фільмаў. І гэта задача не толькі Нацыянальнай кінастудыі, але і ўсіх зацікаўленых дзяржаўных ды прыватных кампаній... Але першыя вынікі паказалі, што пэўныя праблемы павінны знайсці адлюстраванне і пры карэкціроўцы прававых актаў, і ў практыцы работы Дэпартамента па кінематаграфіі ў час размеркавання фінансавай дзяржпадтрымкі.

Першае і галоўнае патрабаванне — конкурс пры гэтым павінен быць аб’ектыўным і празрыстым, а яго вынікі мусяць спрыяць з’яўленню якаснага кіно і не выклікаць у кінематаграфістаў дыскусій. Другі нюанс звязаны з вытворчасцю дакументальных стужак: прыярытэт павінны мець тыя кінапраекты, якія адпавядаюць тэматыцы, прапанаванай Міністэрствам культуры. Толькі тады, напэўна, мы ўбачым актуальнае, сацыяльна значнае нацыянальнае кіно. Наступнае патрабаванне: стварэнне належных умоў для таго, каб і дзяржаўныя, і прыватныя кампаніі (як гэта і закладзена ва Указе) мелі магчымасць накіроўваць прыбытак, атрыманы ад сваіх фільмаў, на развіццё кінавытворчасці. Толькі тады ў нас з’явіцца канкурэнтнае асяроддзе.

Пры наступных конкурсах варта ўлічваць і такі крытэрый эфектыўнасці выкарыстання дзяржпадтрымкі, як колькасць гледачоў, касавы збор ад пракату фільмаў. Укладваць сродкі дзяржавы ў кінастужкі, якія лягуць на паліцу ці будуць паказаны толькі на фестывалі, — прынамсі, не зусім правільна. Паўтаруся: задача Указа — павелічэнне колькасці якаснага нацыянальнага кіно. Арыенцір на сумесную кінавытворчасць — правільны, але ён не павінен прывесці да таго, што наш бюджэт застанецца крыніцай фінансавання адно толькі замежных праектаў. Хацелася б больш адваротных прыкладаў: калі наш сцэнарый, наша рэжысура цікавяць расійскую кампанію, якая гатова інвеставаць менавіта наша кіно.

Эфектыўнасць кінапракату — адзін з крытэрыяў ацэнкі працы намеснікаў старшынь аблвыканкамаў, якія курыруюць культуру. Шчыльна знітаваны з гэтым і пераход абласных кінатэатраў на лічбавыя тэхналогіі. За першае паўгоддзе мінулага года па Расіі ў лічбавым фармаце была паказана большасць прапанаваных кінатэатрамі фільмаў. Мы не павінны адставаць. Як, дарэчы, і ў прасоўванні свайго кіно за мяжой. Нашы кінакампаніі тут працуюць пакуль разрознена, асаблівага эфекту не назіраецца. Добра, што два гады запар дзейнічае беларускі павільён на Канскім кінарынку. Але, на жаль, аддача ад гэтага — мінімальная. Натуральна, не выпадае абвінавачваць у тым “Беларусьфільм”, які за пазабюджэтныя сродкі выязджае ў Каны і толькі спрабуе яшчэ ўкараніцца на прэстыжным кінарынку.

Мабыць, Дэпартаменту па кінематаграфіі, Міністэрству культуры мэтазгодна вывучыць вопыт работы кампаніі “Роскино”, якая дастаткова паспяхова прасоўвае расійскую прадукцыю за мяжу, у тым ліку стварае свае павільёны на Канскім, Берлінскім фестывалях, ладзіць кінарынкі ў рамках Маскоўскага кінафэсту. Напэўна, надышоў час, каб і нашаму “Лістападу” дадаць камерцыйнай дзелавітасці, каб і гэты фэст стаў сродкам прэзентацыі айчыннага кіно замежным дыстрыб’ютарам. А можа, варта падключыць да справы Міністэрства замежных спраў, нашы пасольствы і цэнтры беларускай культуры ў замежжы? Калі для такой каардынацыі сіл трэба звяртацца ва Урад, да Кіраўніка дзяржавы, дык, калі ласка, звяртайцеся, уносьце свае прапановы...

Рэалізацыя праектаў, звязаных з развіццём актуальнага ці сучаснага мастацтва, — задача і творчая, і палітычная. Калі новае пакаленне творцаў не адчуе належнага клопату аб сабе, мы гэтых мастакоў проста згубім. Летась у Мінску прайшло першае ў гісторыі краіны Трыенале сучаснага мастацтва. Падзея павінна стаць пачаткам новай культурнай традыцыі. Таму ў бягучым годзе Цэнтр сучасных мастацтваў, час станаўлення якога ўжо адбыўся, павінен сістэмна працаваць над новымі выставачнымі праектамі. Трэба практычна ўвасобіць ідэю стварэння Арт-дэпо і выдзялення для яго адпаведных памяшканняў. Ужо цяпер варта задумацца і пра чарговы буйны выставачны праект у галіне сучаснага мастацтва, які можна прымеркаваць, напрыклад, да Чэмпіянату свету па хакеі...

Не буду доўга спыняцца на пытаннях рэстаўрацыі і рамонту аб’ектаў культуры. Праблемы тут вядомыя. Паўгода не маглі набыць для Купалаўскага тэатра ні светлавую, ні гукавую апаратуру з-за нейкіх памылак заказчыка і пастаўшчыкоў. А будынак пасля рэстаўрацыі ўжо гатовы. Наспявае чарговы даўгабуд у выглядзе кінастудыі “Беларусьфільм”. Летась першую чаргу будаўніцтва аўтагаспадаркі не здалі: таксама з прычыны несвоечасовай пастаўкі абсталявання. Міністэрства культуры павінна ўзмацніць кантроль за ўзвядзеннем і абсталяваннем гэтых аб’ектаў.

Наконт рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Замкі Беларусі” хачу нагадаць словы Кіраўніка дзяржавы, які пад час наведання Полацкага дзяржуніверсітэта казаў пра больш шырокае выкарыстанне нашых мясцовых сучасных, стылізаваных пад даўніну матэрыялаў для рэканструкцыі гісторыка-архітэктурных помнікаў, пра тое, што гатовыя, адрэстаўраваныя ўжо аб’екты павінны працаваць як, да прыкладу, Полацкі калегіум, пераўтвораны ва ўніверсітэт.

Найпершая музейная задача — стварэнне экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Проста цудоўна, што ўстановай кіруе актыўны і неабыякавы дырэктар Сяргей Азаронак, з якім мы зранку, перад пасяджэннем гэтай калегіі, паспелі абмеркаваць многія спрэчныя пытанні... Просьба да ўсіх музейшчыкаў і Міністэрства культуры — каб гэтая экспазіцыя пераканала: наш музей — першы сярод падобных, мы ў адказе перад усім светам за справу захавання памяці аб мінулай вайне. Новая музейная ўстанова павінна ярка і дакладна адлюстраваць неўміручасць Подзвігу Беларусі і ўсяго савецкага народа. З першай да апошняй залы названая ідэя павінна прасочвацца. Калі мы гэтага не зробім, дык не зробіць ніхто... Так, экспазіцыя будзе сучаснай, але пры выкарыстанні найноўшых музейных тэхналогій трэба захаваць колішні дух установы, да якой мы ўсе так прызвычаіліся, і максімальна паказаць усё багацце калекцый. Толькі ў такім выпадку пазбегнем праблемных момантаў, што ўзніклі пры арганізацыі Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці, калі былі вялікія залы, мультымедыя, інфакіёскі, а экспанатаў напачатку аказалася мала, экспазіцыю давялося аператыўна дафарміроўваць.

Вялікае значэнне ў справе развіцця нашых брэндаў маюць народныя промыслы. Трэба ўсяляк падтрымліваць рэалізацыю Праграмы па вытворчасці слуцкіх паясоў. Але гэта, так бы мовіць, толькі вяршыня айсберга. Брэнды варта рабіць і з іншых нашых твораў народнага мастацтва. Кіраўнік дзяржавы паспрыяў рэкламе бездзежскіх фартушкоў з Дрыбінскага раёна, калі адзначыў развіццё гэтага промыслу спецыяльнай прэміяй. А справу трэба і далей рухаць, прэзентаваць узоры гэтага ўнікальнага старадаўняга рамяства на рэспубліканскіх мерапрыемствах... Зусім не надаецца ўвага пераўтварэнню ў брэнды твораў сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Зрабіць — можам, разрэкламаваць і прадаць — не заўжды. Якія кірмашы ў Мінску? “Вясновы букет” ладзіцца раз у год і далекавата — у Лошыцы. Ёсць кірмаш у Палацы мастацтва, але праводзіцца ён цягам двух тыдняў. Між тым, у гэтым будынку цягам двух месяцаў гандлявалі шырспажывам пад маркай “Усходняга базару”. Дык мо Міністэрству, упраўленню культуры горада варта прадумаць пытанне аб пастаянна дзеючай пляцоўцы, дзе народныя ўмельцы, майстры сучаснага мастацтва маглі б і выстаўляцца, і рэалізоўваць свае творы на льготных умовах...

Патрабуе неадкладнага павышэння ўзровень аналітычнай і навуковай прапрацоўкі праектна-прававых актаў, інавацый, увогуле — усіх праблемных момантаў у сферы культуры. На жаль, усё ідзе тут метадам спроб і памылак. Між тым, адпаведны замежны вопыт не заўжды аналізуецца і выкарыстоўваецца. Да прыкладу, два гады запар “вынаходзіцца веласіпед” па Нацыянальнай тэатральнай прэміі, замест таго, каб вывучыць досвед расійскай “Залатой маскі”. Падаецца, істотную дапамогу ў пытаннях абмеркавання праектаў прававых актаў, правядзення экспертыз ды маніторынгаў могуць і павінны аказваць грамадскія творчыя структуры. Да прыкладу — Рэспубліканскі грамадскі савет па культуры і мастацтве, які пакуль працуе без належнай аддачы...