"Рынак дыктуе свае ўмовы..."

№ 7 (1081) 16.02.2013 - 23.02.2013 г

Рычард СМОЛЬСКІ, старшыня Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў, галоўны навуковы супрацоўнік навукова-даследчага аддзела Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, доктар мастацтвазнаўства, прафесар (з выступлення):

Хачу закрануць некалькі праблем развіцця беларускага мастацтва ў сучасных умовах. Сёння, як вядома, адбываюцца карэнныя змены ў сацыяльна-эканамічнай сферы, дзе паступова ўсталёўваюцца рыначныя законы. Адначасова пашыраюцца і развіваюцца прыватныя формы ўласнасці ў многіх галінах гаспадарання. Узмацняюцца, пад уплывам глабалізацыі, міжнародная інтэграцыя і кааперацыя. Зразумела, што гэтыя змены ў базіснай аснове беларускай дзяржавы ды грамадства робяць пэўны ўплыў на культурнае і духоўнае жыццё сучаснага чалавека...

/i/content/pi/cult/412/8450/1-2.jpeg

Нельга не заўважыць і яшчэ адной прыкметы сённяшняга часу, пра якую мы іншым разам саромеемся казаць з трыбуны. Гэта паступовае фарміраванне ў нетрах нашага грамадства філасофіі празмернага прагматызму, што прыводзіць да ўсталявання так званага буржуазнага грамадства спажывання, якое ўжо даўно пануе ў заходнім свеце...

Таму пошукі свайго месца ў рыначнай мадэлі дыктуюць беларускім творцам неабходнасць распрацоўкі сучасных інавацыйных формаў мастацкай дзейнасці, вынікі якой былі б успрыняты і прыняты, у першую чаргу, масавым спажыўцом культурнага прадукту.

У апошнія гады беларускія творцы, асабліва — маладое і сярэдняе пакаленні, выйшлі на міжнародную арэну і пачалі даволі актыўна асвойваць замежны мастацкі рынак. Значна актывізавалася сумесная творчая праца, найперш — з расійскімі майстрамі тэатра, кіно, выяўленчага мастацтва і дызайну. Гэта, безумоўна, прынесла свой плён для ўсёй айчыннай мастацкай культуры, у тым ліку і ў надзённай справе адаптацыі да новых рыначных пераўтварэнняў у сферы культуры. Але, разам з тым, нарадзілася і шмат новых праблем, якія чакаюць свайго вырашэння.

Да прыкладу, у сферы тэатральнага мастацтва. Асаблівасці эстэтычнай і эканамічнай прыроды тэатра робяць яго даволі дакладным індыкатарам ці, калі хочаце, адбіткам усёй нацыянальнай мастацкай культуры таго або іншага народа, у тым ліку і беларускага. Не можа быць яркага нацыянальнага тэатра, калі няма нацыянальнай літаратуры, выяўленчых, экранных і пластычных мастацтваў, музыкі, архітэктуры, дызайну, а таксама, што важна, эстэтычна адукаванага гледача.

Яшчэ адна прынцыпова важная асаблівасць. Тэатр, вобразна кажучы, — вельмі дарагая “цацка” для дзяржавы і грамадства: ён вымагае значных матэрыяльна-фінансавых выдаткаў, наяўнасці пэўнай інфраструктуры, спецыяльных навучальных устаноў, традыцый і, нарэшце, культурнай ды маральнай развітасці грамадства.

Усё гэта нараджае шматлікія праблемы арганізацыі і развіцця тэатральнай справы на сучасным этапе. У ранейшыя часы Міністэрства культуры Беларусі даволі цвёрда трымала руку “на пульсе” тэатральнага жыцця. Адказныя супрацоўнікі апарата Мінкультуры рэгулярна наведвалі прэм’еры не толькі ў сталічных, але і ва ўсіх абласных тэатрах, своечасова заўважалі таленавітую моладзь, асабліва рэжысёраў, і бралі, як кажуць, “на карандаш”, падтрымлівалі, дапамагалі ў фарміраванні творчага лёсу. Актыўна працаваў Саюз тэатральных дзеячаў… Але, як спяваюць “Песняры”, няма таго, што раньш было. Зараз СТД раз у год узнагароджвае хрустальнымі “Паўлінкамі” тэатральных дзеячаў і на гэтым сваю місію лічыць закончанай. І поўнасцю знікае з творчага жыцця да наступнага 27 сакавіка — Міжнароднага дня тэатра.

Вось, дарэчы, толькі адзін красамоўны вынік такой бяздзейнасці: тэатральныя рэжысёры зусім нядаўна не здолелі абараніць свае законныя правы як аўтары спектакляў. Цяпер яны — проста выканаўцы, з усімі вядомымі наступствамі. А раней жа існавала Гільдыя рэжысёраў пры СТД, якая збіралася, абмяркоўвала свае прафесійныя праблемы, даволі паспяхова адстойвала інтарэсы прафесіі і тэатра ў цэлым…

Мастацкія і адміністратыўныя кіраўнікі большасці тэатраў сёння лічаць сябе гэткімі “ўдзельнымі князькамі”: маўляў, як хачу, так і кірую творчым калектывам і ўвогуле тэатральным жыццём. А як жа іначай! Пануе свабода творчасці, цэнзуры няма, крытыкаў не чуваць, адным словам — райскае жыццё...

Я не супраць “райскага” жыцця ў гэтым недасканалым свеце, хаця вельмі цяжка ўяўляю яго ў творчым асяроддзі. Добра, калі тэатрам кіруе таленавіты, руплівы, па-сапраўднаму дзяржаўны і нацыянальна свядомы дзеяч. Напрыклад, Валерый Анісенка ў Віцебску, Аляксандр Козак у Брэсце, Андрэй Новікаў у Магілёве, якія праводзяць вядомыя і аўтарытэтныя фестывалі, падтрымліваюць новую беларускую драматургію…

А калі такія, як Мікалай Пінігін — безумоўна, таленавіты, вынаходлівы рэжысёр? Той, які ўпарта раз за разам паўтарае, што на адноўленай сцэне Купалаўскага не будуць ставіць ні Петрашкевіча, ні Макаёнка, ні Крапіву ды іншых беларускіх драматургаў, таму што яны, маўляў, на яго думку, не адпавядаюць сучаснаму мастацкаму ўзроўню. Вельмі спрэчная, на мой погляд, пазіцыя. Я вось думаю так: а што, напаўаматарскія замалёўкі нашага шаноўнага пачынальніка беларускай драматургіі Дуніна-Марцінкевіча — гэта шэкспіраўскі ўзровень драматычнай літаратуры? Што, еўрапейскія тэатры “выстраіліся ў чаргу”, каб ставіць яго п’есы?

Я разумею амбітныя планы Пінігіна паставіць на Купалаўскай сцэне польскага класіка Адама Міцкевіча: гэта цікава, дый у Варшаву запросяць на гастролі… Хто ж супраць — тварыце! Але мне ўсё ж здаецца, што для мастацкага кіраўніка першага нацыянальнага тэатра больш важным было б паклапаціцца пра беларускую драматургію, пра адкрыццё новага маладога аўтара… Так, як даўней, напрыклад, зрабіў Леанід Рахленка, які на першым этапе адкрыў і падтрымаў Кандрата Крапіву, як Канстанцін Саннікаў, які адкрыў Андрэя Макаёнка, як Валерый Раеўскі, які адкрыў Дударава, Курэйчыка, як Валерый Анісенка, які наогул “нарадзіў” цэлае пакаленне беларускіх так званых драмаўцаў на сцэне РТБД.

Прабачце за банальнасць, але прывяду вядомы і неаспрэчны факт: нацыянальны тэатр можа паспяхова развівацца і быць цікавым як айчыннаму, так і замежнаму гледачу толькі на аснове нацыянальнай, у тым ліку новай, літаратуры. Вось можаце сабе ўявіць рэакцыю, напрыклад, французскай творчай грамадскасці, калі б мастацкі кіраўнік славутага парыжскага тэатра “Камедзі Францэз” заявіў, што яму, маўляў, Мальер — як костка ў горле! Абрыдла, маўляў, хачу новага, “блакітнага” мастацтва пра аднаполыя шлюбы… Тым больш, для Францыі цяпер гэта вельмі актуальна.

Больш перспектыўным мне ўяўляецца шлях мастацкага кіраўніка Нацыянальнага тэатра імя Максіма Горкага Сяргея Кавальчыка, які выступіў з вельмі цікавай ініцыятывай: правесці сёлета год беларускай драматургіі на сцэне Горкаўскага тэатра. І ў яго планах — паставіць новыя п’есы Дударава, Рудкоўскага, Багуслаўскага, Курэйчыка, нарэшце, класічную спадчыну Андрэя Макаёнка…

Я не буду далей развіваць гэтую тэму, якая ўвогуле патрабуе асобнага абмеркаванння. Скажу пра іншае. У 2000 годзе Міністэрствам культуры разам з Акадэміяй мастацтваў была распрацавана праграма развіцця тэатральнага мастацтва на перыяд 2001 — 2010 гады. Гэтая праграма зрабіла вельмі пазітыўны ўплыў на тэатральнае жыццё. Тое, што большасць тэатраў рэканструявана, палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база тэатральных устаноў — вынік дзейнасці праграмы.

Але на сёння ўжо шмат што змянілася ў нашай рэчаіснасці. І патрабуюцца сучасныя, у тым ліку і рыначныя падыходы да арганізацыі тэатральнай справы. Таму, на мой погляд, патрэбна распрацаваць зусім новыя, так бы мовіць, правілы гульні. Магчыма, і новы Закон Рэспублікі Беларусь “Аб тэатральнай дзейнасці” — з улікам відавочных працэсаў камерцыялізацыі нашага жыцця і тэатральнай справы. Такія законы ёсць у Расіі, на Украіне, у іншых краінах.

Таксама вельмі важнае пытанне — лёс нацыянальнага кінамастацтва. А лёс гэты вырашаецца менавіта зараз. І тут два шляхі развіцця: альбо ў нас застанецца проста кінафабрыка “Беларусьфільм”, з усімі атрыбутамі менавіта кампаніі па прадастаўленні адпаведных паслуг, і тады кінастудыя заробіць не два мільёны, як летась, а дваццаць два, альбо яна зробіць усё для таго, каб развівалася беларускае нацыянальнае кінамастацтва, якое прыносіла адпаведную карысць нашай культуры, гледачу, грамадству і дзяржаве.

У гэтай справе спатрэбяцца выключныя намаганні Дэпартамента па кінематаграфіі, кінастудыі, факультэта экранных мастацтваў, Саюза кінематаграфістаў, іншых дзяржаўных і грамадскіх структур.

І тут не магу не сказаць вось яшчэ пра што. Як вядома, кадры вырашаюць усё. Таму выхаванцы факультэта экранных мастацтваў Акадэміі мастацтваў патрабуюць не проста асаблівай увагі, а, у сілу ўнікальнасці прафесіі кінарэжысёра, зусім іншых падыходаў і да падрыхтоўкі спецыялістаў, і да іх размеркавання. Дзе, напрыклад, сёння выхаванцы Міхаіла Пташука? Большасць з іх працуе на расійскіх тэлеканалах. Летась пяць выхаванцаў выпусціў Аляксандр Яфрэмаў. З іх пакуль толькі ў аднаго спецыяліста ёсць надзея на рэжысёрскі дэбют... Гэтыя прыкрыя прыклады можна доўжыць. А так быць не павінна.

Таксама выкажу думку сваіх калег: магчыма, варта было б ладзіць раз на два-тры гады Форум беларускай творчай інтэлігенцыі для шырокага абмеркавання надзённых праблем нацыянальнай культуры і мастацтва. А яшчэ даўно наспеў час і неабходнасць пабудаваць у Мінску Дом творчасці, які стаў бы культурным цэнтрам беларускай сталіцы, па-сапраўднаму родным і ўтульным домам для вялікай сям’і айчынных дзеячаў тэатра і кіно, выяўленчага мастацтва, тэлебачання і гэтак далей.