Бялыніцкі вадэвіль з “маторам”

№ 47 (813) 24.11.2007 - 30.11.2007 г

Сталічная фанабэрлівасць і цесна спалучаны з ёю комплекс стэрэатыпаў адносна культурнай “адсталасці” жыхароў “перыферыі” неўзабаве могуць стаць перажыткам мінулага. Такія прагнозы немінуча прыходзяць падчас наведвання Бялынічаў, невялічкага гарадка, ці, як казалі раней, мястэчка, прыгажосць і добраўпарадкаванасць якога цешыла вока кожнага, каму даводзілася хаця б толькі прамінуць яго па Магілёўскай шашы. Дзіравы дах клуба і танцы ўпоцемку з п’янаватым дзі-джэем для гэтага мястэчка настолькі ж нехарактэрныя, як і бруд на вуліцах, — балазе, Бялынічы вось ужо другі год запар займаюць першае месца ў краіне па добраўпарадкаванні ў сваёй намінацыі. Жыхары патрабуюць іншага: чарадзейнай тэатральнай цішы і святла страбаскопаў, курсаў камп’ютэрнага дызайну і магчымасці бачыць палотны вядомых мастакоў. Прымаўка “Другі гатунак — не брак” у дачыненні да мястэчка зусім ужо не дапасоўваецца. Другі гатунак нікому цяпер не патрэбны.

Варта толькі ўбачыць начальніка аддзела культуры Бялыніцкага райвыканкама Ірыну Косціну, каб адразу ўсумніцца ў старым стэрэатыпе адносна таго, што ў культуры рэгіёнаў пануе цішыня і спакой, які ў нечым мяжуе са стагнацыяй. Бо як толькі гэты няўрымслівы кіраўнік завітвае ў бібліятэку або ў рэпетыцыйны пакой, жыццё там адразу пачынае літаральна фантаніраваць.
 /i/content/pi/cult/138/845/Kult-47-2.jpg
Ірына Косціна.
— Так, новыя варункі не даюць нам заседжвацца на месцы, — пагаджаецца яна. — Патрабаванні людзей няўхільна растуць, і заплюшчваць на гэта вочы нам было б несумленна. Адпаведна, узрастаюць і патрабаванні да работнікаў культуры. Таму і кадравыя пытанні набываюць асаблівую актуальнасць.
Сёлета працаваць у раён па размеркаванні трапіла ажно 13 маладых спецыялістаў. “Уліванне” ў прафесійнае жыццё адбывалася ў іх па-рознаму. Хтосьці адразу адчуў сябе “як дома” — напрыклад, хормайстар народнай студыі “Колеры” Людміла Трусава ўжо 2 жніўня, фактычна на наступны дзень па прыбыцці ў Бялынічы, узяла ўдзел у “жніўным” канцэрце (дарэчы, іх традыцыя ў раёне мае ўжо трыццацігадовую гісторыю). А працай харэографа Таццяны Рыбаковай і кіраўніцтва, і яе выхаванцы не могуць нарадавацца.
Хтосьці доўга ныў і наракаў, бясплённа шукаў магчымасці ўнікнуць свайго кону. Цяпер, калі “навабранцы” адпрацавалі ўжо больш за тры месяцы, тыя нараканні ў многіх зменшыліся — хлопцы і дзяўчаты зразумелі, што працаваць у мястэчку мо яшчэ і цікавей, чым у горадзе, бо людзям яны тут папраўдзе патрэбны. Менавіта дзякуючы “новаму ўліванню” ў Бялыніцкай школе мастацтваў удалося адкрыць аддзяленне камп’ютэрнага дызайну.
Натуральна, такі “дэсант” маладых спецыялістаў патрабаваў належнага забеспячэння і жытлом, і нагрузкай, і ўвагай. Па словах Ірыны Косцінай, раён зрабіў усё, каб ніхто з маладзёнаў не застаўся пакрыўджаным, — у тым ліку і магчымасцямі творчай самарэалізацыі ў напружанай працы. Яна спадзяецца, што хтосьці з выпускнікоў затрымаецца ў раёне, стварыўшы тым самым кадравы рэзерв ужо і для кіраўнічых пасад, як гэта ўжо стала з яе гадаванкай Лідзіяй Грыневіч. Калі яны пазнаёміліся, Ірына Аркадзьеўна працавала ў школе, а Лідзія вучылася там у першым класе. Цяпер янаўзначальвае цэнтралізаваную клубную сістэму раёна, стаўшы гаспадыняй сапраўднага палаца пад назвай “Бялыніцкі цэнтр культуры”.


Жырандоля вышынёю ў некалькі паверхаў

Гэты прыкметны ў местачковым ландшафце будынак здатны
 /i/content/pi/cult/138/845/Kult-47-1.jpg
Жырандоля ў Цэнтры культуры.
прыемна ўразіць і вонкава, і знутры. Ніякіх хібаў або недахопаў там нават самае прыдзірлівае вока не знойдзе: фае ў малахітавых колерах, зала з утульнымі крэсламі і сучасным тэхнічным “начыннем” (там ёсць нават адмысловыя падвясныя мікрафоны для тэатральных спектакляў!), светлы харэаграфічны клас… Галоўная перліна інтэр’ера — жырандоля на лесвіцы вышынёй ажно ў некалькі паверхаў.
Адкрыццё ў 2004 годзе Цэнтра культуры — навюткага ды “з іголачкі” — стала для бялынічанаў сапраўдным падарункам, з лішкам апраўдаўшы доўгія васемнаццаць гадоў чакання. Менавіта гэты адмежак часу ДК у мястэчку не было ўвогуле. Стары яго будынак у літаральным сэнсе слова пагарэў — пасля ўдару маланкі — ды пайшоў пад знос, а пакуль сабраліся будаваць новы, прыспела змена эпох.
Як вядома, аднакарэннасць слоў “перабудова” і “будаўніцтва” даволі зманлівая... Зрэшты, як запэўніваюць ветэраны бялыніцкай культуры, апошняя ў гэтыя складаныя часы зусім не чэзла. Імпрэзы ладзіліся ў будынку кінатэатра або проста на вуліцы, знайшліся і памяшканні для рэпетыцый калектываў. Тры з іх менавіта ў гэты складаны перыяд атрымалі званне народных.
— Час быў тады складаны, гэта неаспрэчна, — кажа “патрыярх” бялыніцкай культуры, тагачасны дырэктар ДК Тамара Падымака. — Але ж пазіцый сваіх мы не гублялі. Пра гэта і дыпломы розных рэспубліканскіх фестываляў сведчаць. І сапраўды, першасную важнасць мае далёка не сам будынак, але яго творчы “змест”. Усе сродкі і высілкі, якія спатрэбіліся для стварэння такога цудоўнага Цэнтра культуры, былі б марнымі, калі б у ягоных дагледжаных сценах панавала ціша ды спакой. Але ж такога не бывае, бадай, ніколі, і выправіўшыся на своеасаблівую экскурсію па калідорах палаца, у гэтым можна лёгка пераканацца.
У адным з класаў чуваць спевы пад акампанемент фартэпіяна. Гэта кіраўнік народнага ансамбля “Славяне” Таццяна Грыбкова займаецца з удзельнікамі калектыву, рыхтуючы казацкую песню ў арыгінальнай апрацоўцы. Назва ансамбля зусім не галаслоўная — у яго рэпертуары ёсць песні розных славянскіх народаў, прычым кожная з іх уяўляе цэласны нумар — з адпаведнымі касцюмамі і рэквізітам. Іх удзельнікам ансамбля, на рахунку якога нямала прэстыжных дыпломаў, часцяком даводзіцца ствараць уласнымі рукамі.
 /i/content/pi/cult/138/845/Kult-47-4.jpg
Людміла Трусава і Віктар Халадцоў.
У рэпетыцыйным памяшканні народнай студыі “Колеры”, якая сёння задзіночвае 24 вакалісты рознага ўзросту, гучаць іншыя рытмы — эстрадныя.
У яе рэпертуары ёсць не толькі вядомыя хіты, але і аўтарскія песні. Іх у кіраўніка студыі Віктара Халадцова назбіралася на цэлы зборнік — акурат нядаўна ён выйшаў у свет. І сапраўды, хто ж яшчэ напіша песню пра Бялынічы, як не жыхар мястэчка? Балазе, на літаратурныя таленты гэтая зямля ніколі не магла паскардзіцца, і дзякуючы такой акалічнасці кампазітару ўдалося стварыць не адну песенную візітоўку свайго краю. Некаторыя з іх нават сталі свайго кшталту неафіцыйнымі гімнамі — напрыклад, “Прыдруцкі вальс” або “Бялынічане”.
А ў шыкоўнай глядзельнай зале рэпетыцыю ладзіў народны хор ветэранаў працы, якім кіруе Людміла Дабрыніна. Назіраючы за тым, з якой зухаватасцю і пачуццёвасцю пажылыя кабеты спяваюць пра каханне, становіцца зразумелым, што цяжар пражытых гадоў зусім не перашкаджае лёгкасці ўспрыняцця рэчаіснасці.
Дарэчы, у Цэнтры культуры кватаруюць ажно два “спеўныя”
 /i/content/pi/cult/138/845/Kult-47-6.jpg
На рэпетыцыі хору ветэранаў. 
ветэранскія калектывы — жаночы і мужчынскі. Ірына Аркадзьеўна скарысталася аказіяй, каб паведаміць ім прыемную вестку: зусім хутка мае быць адкрыты клуб ветэранаў, дзе гэтыя людзі здолеюць не толькі паспяваць разам, але і пагутарыць, папіць гарбаты. Памяшканне для яго ўжо ёсць, там зроблены рамонт, райвыканкам выдаткаваў грошы на набыццё мэблі.
Зусім хутка і моладзь зачасціць у Цэнтр культуры — ужо 1 снежня там плануецца адкрыццё “новай старой” дыскатэкі. Адзін час танцавальныя вечары ў гэтай установе наогул не ладзіліся: акустычныя ўласцівасці дыскатэчнай залы не дазвалялі. Цяпер гэтая праблема вырашана. Дый не толькі яна. Дыскатэка “Матор” будзе мала чым нагадваць традыцыйныя ўстановы такога кшталту.
— Раней, каб задаволіць наведвальнікаў, было дастаткова запальваць у зале пару каляровых лямпачак, — кажа І.Косціна. — Ды і альтэрнатыў клубнай дыскатэцы асабліва не было. Але сёння, калі мая дачка вяртаецца з Магілёва і распавядае, як там ладзяцца дыскатэкі, я разумею, што моладзь патрабуе значна большага. Гэта тычыцца і гукасветлавой апаратуры, і музычнага рэпертуару, і дызайну інтэр’ера...
Што да апошняга, ён цалкам адпавядае назве дыскатэкі. На сценах танцпола, абцягнутых тканінай, выяўлены шасцярні. Усё прадумана настолькі дбайна, што ў святле страбаскопаў яны будуць ствараць аптычную ілюзію кручэння.
У кабінеце раённага метадычнага цэнтра ўвагу адразу прыцягвае стэнд з папкамі, на тытульных аркушах якіх — назвы народных святаў: Каляды, Купалле, Багач, Юр’я... Трапляецца сярод іх і назва незнаёмая — Міхайла. Як распавяла Тамара Падымака, якая цяпер працуе вядучым метадыстам, свята гэтае ладзілася 21 лістапада ў вёсцы Асавец. Клуба свайго там няма, але ж для даўняй народнай традыцыі гэта не перашкода.

“Малітва” як фінальны акорд
Зацягнутая рэканструкцыя ДК мела найбольш балючыя вынікі для народнага Тэатра юнага гледача. Калектыў, які налета адсвяткуе сваё 40-годдзе, апынуўся ў досыць складаных умовах для творчасці, хаця, натуральна, яе не спыняў. Але ж неспрыяльны час ужо мінуў. Пра што засведчыла хаця б нядаўняя доўгачаканая прэм’ера тэатра “Голас зямлі” — першая з часоў вадэвіля “Бяда ад пяшчотнага сэрца”, які за апошнія пяць гадоў з вялікім поспехам аб’ехаў ці не ўсе сцэнічныя пляцоўкі раёна.
Новая прэм’ера прымеркавана да юбілею Купалы і Коласа. Літаратурнай асновай стракатай тэатральнай дзеі стала кампіляцыя фрагментаў іх твораў — і вясёлых, і маркотных, і здатных выклікаць задуменне.
 /i/content/pi/cult/138/845/Kult-47-5.jpg
Ларыса Феськава (злева) працуе
з акцёрамі.
— Гэты спектакль прасочвае чалавечы лёс ад самай калыскі, выяўляе сутнасць беларуса з яго традыцыямі, рысамі характару, нават забабонамі, — кажа аўтар спектакля, галоўны рэжысёр Цэнтра культуры Ларыса Феськава. — У сцэнічную дзею ўплецены і вясельныя песні, якія спрадвеку спявалі ў нашым краі, і фрагменты абрадаў, і харэаграфічныя мініяцюры. Фінальны акорд для мяне быў адназначны — гэта “Малітва”. Давялося доўга думаць наконт таго, у якім выглядзе прадставіць гэты твор. У выніку стала зразумела, што нічога лепей за песню Мулявіна не знайсці. І яна гучыць у яго выкананні.
Перад тым, як адкрылася заслона, нас ахапіла нежартоўнае хваляванне. І вось спектакль ужо ідзе — дваццаць хвілін, потым — палову гадзіны, — а ў зале поўная, абсалютная ціша! Нават шоргату і ўздыхаў не чуваць. Мы ажно разгубіліся. Бо толькі потым зразумелі: гэтая ціша абумоўлена тым, што, людзі чула ўслухоўваліся ў кожнае слова. І тады нам стала зразумела, што, асмеліўшыся на такую амбіцыйную і сур’ёзную задуму, мы не памыліліся. Бо класіка заўсёды актуальная, у ёй кожны знойдзе тое, што важна для яго на сённяшні момант.Удзел у пастаноўцы бяруць ажно 24 удзельнікі— ад маленькіх дзетак да 75-гадовай бабулі. І кожны з іх прыўнёс у спектакль нешта сваё. Ларыса Феськава ўпэўнена, што самадзейны тэатр мае нават пэўныя перавагі перад прафесійным:
— Ніводзін наш спектакль не падобны да іншага, бо ў кожным адлюстраваны настрой удзельнікаў. Тут няма такога аўтарытарызму рэжысёра, які бывае ў прафесійных тэатрах. Рэжысёр мусіць шукаць да людзей падыход, ствараць ім камфортныя ўмовы для самавыяўлення, бо іначай яны проста сыйдуць. Мы ведаем характар кожнага з удзельнікаў, улічваем іх індывідуальныя якасці.
Задума зрабіць спектакль па творах Купалы і Коласа прыйшла да Ларысы Феськавай яшчэ ў студэнцкія часы. Невыпадкова і тое, што яна была ўвасоблена менавіта ў бялыніцкім тэатры, — ён стаў для рэжысёра свайго кшталту калыскай.
— Сімвалічна, што я нарадзілася ў тым самым годзе, калі тэатр атрымаў званне народнага. Для маёй мамы ён быў ейным жыццём, хаця прафесію яна мела зусім не тэатральную. Дый не толькі для яе. З цягам часу ў нас у Бялынічах сфарміравалася свая тэатральная публіка. На жаль, падчас рамонту ДК яна трохі пагублялася, але цяпер мы спадзяёмся адрадзіць гэтую цікавасць да тэатра — і рэпертуарам, і рэкламай. Думаю, мы яе вернем.
Што ж у наш тэхналагізаваны век прываблівае публіку ў тэатр — прычым у тэатр, адзначым, самадзейны? Між іншым, у тым ліку — і апошні фактар.
— Людзі разумеюць, што гэта жывое, гэта сапраўднае, гэтага не ўбачыш па тэлевізары, — працягвае Л.Феськава. — Нашы акцёры жывуць побач, гэта зусім не нейкія завоблачныя “зоркі”. Здавалася б, толькі што ты сустрэў сваю суседку ў краме — а тут яна раптам дзівосна пераўвасабляецца.
Пабываўшы на рэпетыцыі тэатра і паназіраўшы за гэтымі пераўвасабленнямі, можна было і сапраўды здзівіцца, бачачы, як людзі раскрываюць сябе па-новаму.
Пасля прэм’еры, якая прадэманстравала плён доўгай працы, тэатр не збіраецца спачываць на лаўрах. Балазе, новых задум не бракуе. Адна з іх — стварэнне першага ў гісторыі калектыву монаспектакля. Яго кіраўнік Дзмітрый Кітаеў абраў за літаратурную аснову творы Міхаіла Зошчанкі. Другая, прызначаная для сямейнага прагляду,— казка “Прынцэса на гарошыне”, якая абяцае стаць абсалютна новай інтэрпрэтацыяй класічнага сюжэта.
— Паўсюль, нават у маленькіх гарадках, ёсць інтэлігенцыя, ёсць людзі, якія сумуюць па мастацтве яркім, жывым, несупынна зменлівым, — кажа Д.Кітаеў. — Бо тэатр — гэта тут і цяпер. Адзін і той самы спектакль штораз раскрываецца неяк зусім па-новаму, выяўляе тыя нюансы, якіх раней ты не ўгледзеў. Народныя акцёры вельмі шчырыя і арганічныя, яны не ўмеюць хлусіць. І праз тэатральныя вобразы шчодра прасочваецца абаяльнасць іх асоб. У тэатры людзі адкрываюць для сябе новыя жыццёвыя гарызонты, духоўна растуць. І гэта самае важнае.


Камп’ютэр — ужо завядзёнка

Сёння сельскі Цэнтр культуры і адпачынку ў аграгарадку “Ланькава” — гэта зграбная атынкаваная камяніца. Але, як запэўніла яго дырэктар Ірына Емяльянава, прыехаўшы сюды яшчэ колькі гадоў таму, можна было заспець зусім іншую карціну, куды менш прыемную для вока: пашарпаныя сцены будынка пакрысе набрыньвалі вільгаццю, і Нацыянальны канцэртны аркестр РБ наўрад ці даў бы рады зладзіць там свой канцэрт у тыя часы і атрымаць мора авацый і кветак. А вось гэтым летам такая падзея здарылася.
Паўстанне гэтай установы культуры новага тыпу (дарэчы, першай на Магілёўшчыне) — зусім не даніна павевам часу, а рацыянальнае вырашэнне праблем культасветабслугоўвання тых канкрэтных мясцін. Так склалася, што два “агмені хараства” месціліся зусім побач — на адлегласці ўсяго ў пяць кіламетраў. І абодва нецярпліва чакалі рамонту. Таму было вырашана аб’яднаць іх у адзін— але вялікі і прыгожы, са штатам ажно ў восем чалавек.
Знайшлося тут месца і для дзіцячага лялечнага тэатра, і для 16 іншых гурткоў ды калектываў, і, вядома, для бібліятэкі. А глядзельная зала займела ўсе правы называцца “філарманічнай пляцоўкай”.
 /i/content/pi/cult/138/845/Kult-47-3.jpg
 Бібліятэкар павінен знайсці падыход да кожнага чытача.
Калі для людзей пажылых адлегласць у пяць кіламетраў можа стаць перашкодай (на вялікія мерапрыемствы іх прывозяць у Цэнтр культуры на аўтобусе), дык для моладзі — зусім не. Але ж з правядзеннем дыскатэкі ўзнікла іншая праблема — непаўнагадовыя пакрыўдзіліся на тое, што пасля дзесяці вечара іх, згодна з новымі заканадаўчымі нарматывамі, выпраўляюць дахаты. Хаця, як запэўніваюць клубнікі, дахаты тынейджары ў кожным разе не ішлі.
Калі мы завіталі ў невялічкую, але ўтульную залу Ланькаўскай бібліятэкі, яе гаспадыня Святлана Сахарава акурат завяршала афармленне новага інфармацыйнага стэнда, здатнага распавесці пра свой аграгарадок літаральна ўсё.
— Раней я працавала ў простай бібліятэцы, а цяпер — у бібліятэцы аграгарадка, — сказала яна. — У чым розніца? Яшчэ зусім нядаўна я нават і падумаць не магла, што буду выкарыстоўваць у сваёй працы камп’ютэр, а цяпер для мяне гэта ўжо завядзёнка.

26% эканоміі
Бялыніцкая бібліятэкарка Надзея Струновіч была прызнана не так даўно лепшай у раёне. Чаму? Каб атрымаць адказ на гэтае пытанне, варта было проста трохі паназіраць за яе працай. За тым, як уважліва яна выслухоўвае кожнага з наведвальнікаў — а іх у бібліятэцы не бракуе ў любы час яе працы, — з якой абазнанасцю рэагуе на кожнае пажаданне. І наколькі ветліва тлумачыць аднаму з іх, што, калі ён не згодны са зместам кнігі, не трэба ўклейваць у яе аркушыкі з крытычнымі заўвагамі — гэта можа не спадабацца іншым чытачам. Таму некаторыя бялынічане ідуць менавіта “на” гэтую бібліятэкарку — бы на якую зорку сцэны.
Па словах намесніка дырэктара ЦБС Рыты Гапеевай, іх раён унік ці не найактуальнейшай сёння бібліятэчнай праблемы — папаўнення фондаў. Таму ў дзіцячай бібліятэцы можна ўбачыць дарагія энцыклапедыі, якія не кожнай сям’і па кішэні. А паколькі план платных паслуг таксама добра выконваецца — 20 іх відаў прынеслі за першае паўгоддзе гэтага года 11 з паловай мільёнаў прыбытку,— рамонт у бібліятэцы быў зроблены за свой кошт. І сваімі рукамі.
А вось спажыванне энергарэсурсаў тут, наадварот, падае. Увогуле, ва ўстановах культуры раёна сёлета яно зменшылася ажно на 26%. Сакрэт эканоміі вельмі просты: ён заключаецца ў няспыннай увазе да гэтай праблемы. Людзі, адказныя за беражлівасць, вызначаны не тое што для кожнай установы — для кожнага кабінета.

І снег перацякае ў неба...
Папраўдзе унікальнай адметнасцю свайго культурнага жыцця — наяўнасцю свайго, раённага мастацкага музея — бялынічане абавязаны знакамітаму земляку, у гонар якога названы музей і ладзяцца рэгулярныя міжнародныя пленэры. А Бялыніцкі-Біруля, у сваю чаргу, шмат у чым абавязаны за дзівосныя колеры сваіх палотнаў менавіта тутэйшым краявідам. Каб пераканацца ў гэтым, варта проста выйсці з музея і, стоячы на высокім схіле, убачыць, як снег на даляглядзе перацякае ў неба.
Мець такія музейныя скарбы — а гэта пад шэсць соцень твораў класікаў беларускага мастацтва мінулага стагоддзя,— не толькі гонар, але і перманентны галаўны боль. Бо, як і ў выпадку з любымі скарбамі, надта ж боязна іх страціць або, прынамсі, сапсаваць. Летась дагледжанасць і ўтульнасць музейных залаў дапоўнілі пяць кандыцыянераў, здатных падтрымліваць патрэбны тэмпературны рэжым.
Няма ў музея і самай галоўнай для яго праблемы, здатнай паставіць самое існаванне такой установы пад сумнеў,— праблемы з наведвальнікамі. За год іх лічба дасягае шасці тысяч — што не нашмат меней за лік жыхароў Бялынічаў.
Завітваюць сюды і турысты — транзітам у Магілёў, і шкаляры з гэтага і сумежных раёнаў. А апрача пастаяннай экспазіцыі тут рэгулярна адбываюцца выстаўкі з фондаў (чакаецца, што напрыканцы года бялынічане здолеюць убачыць творы, якія паўсталі цягам леташняга пленэру імя Бялыніцкага-Бірулі), камерныя вечарыны, музейныя ўрокі...
Як мінімум тройчы пашанцавала навучэнцам мясцовай школы мастацтваў: па-першае, яны могуць пераймаць майстэрства ў сябра Беларускага саюза мастакоў Ларысы Журавовіч, якая там выкладае, па-другое — удзельнічаць у майстар-класах знакамітых мастакоў, што прыязджаюць на пленэры, а па-трэцяе — змалку выстаўляцца ў прэстыжнай музейнай зале.
Дарэчы, палотны прафесійных мастакоў можна ўбачыць у Бялынічах не толькі ў музеі, але і, скажам, у фае Цэнтра культуры. Яркі пейзаж упрыгожвае і кабінет Ірыны Косцінай. Як выявілася, гэты твор быў напісаны ў знакамітых Крынках мастаком Віктарам Ціханавым. Начальнік аддзела культуры настолькі ўпадабала пейзаж, што захацела яго прыдбаць. А знаны жывапісец, улюбёны ў гэтыя мясціны, пагадзіўся аддаць плён сваёй працы ледзьве не задарма.
Так што жаданне мець у сваім інтэр’еры пейзаж вядомага мастака — гэта таксама негаласлоўная і важная характарыстыка культурнага ўзроўню.

Ілля СВІРЫН, наш спецкар.
Мінск — Бялынічы — Мінск