"Набываць толькі ўнікальныя прадметы..."

№ 7 (1081) 16.02.2013 - 23.02.2013 г

Зінаіда КУЧАР, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Рэспубліканскай рады дырэктараў музеяў (з выступлення):

Адкрыццём новых музеяў, стварэннем новых экспазіцый, ажыццяўленнем значных міжнародных і нацыянальных праектаў стаў для нас 2012 год. І невыпадкова, як адзначыў сёння Барыс Уладзіміравіч у сваім дакладзе, мы лічым, без перабольшвання, мінулы год — Годам музеяў.

/i/content/pi/cult/412/8449/1-1.jpeg

Значнай падзеяй мінулага года з’явіўся Першы Нацыянальны форум “Музеі Беларусі”... За свой вялікі музейны вопыт шчыра скажу, што такой з’явы ў музейнай справе яшчэ не было... Правядзенне Форуму дало магчымасць упершыню сабрацца разам не толькі музеям, падпарадкаваным Міністэрству культуры, але і музеям іншых міністэрстваў і ведамстваў, турыстычным кампаніям, вытворцам сучаснага музейнага абсталявання як нашай краіны, так і гасцей Беларусі з краін СНД, замежных краін... Абмен вопытам, прапановы, прадстаўленыя праекты сталі падмуркам для стварэння Праграмы развіцця музейнай справы да 2017 года, у якой адлюстраваны ўсе кірункі музейнай дзейнасці.

Прадстаўнічы ўдзел рэгіёнаў падцвердзіў, што шмат цікавых праектаў неабходна аб’яднаць адной ідэяй і даць ім новае жыццё. Дадзенае пытанне абмяркоўвалася таксама і на калегіі Міністэрства культуры ў верасні мінулага года. Вынікам гэтага абмеркавання стала прапанова падрыхтоўкі рэспубліканскага праекта “Культура не ведае правінцыі”, якую мы ўжо прадставілі ў Міністэрства культуры. Праграма мае на мэце забяспечыць кожнага жыхара Беларусі, незалежна ад месца яго пражывання, магчымасцю ўбачыць каштоўныя помнікі гісторыі ды шэдэўры айчыннага і сусветнага мастацтва. Рэалізацыя гэтай праграмы дасць магчымасць прадставіць больш за 120 выставачных праектаў у рэгіёнах нашай краіны і пазбегнуць дубліравання пры падрыхтоўцы выставак. А аб’яднанне фондаў узбагаціць іх змест і прадстаўленне наведвальніку.

Другая задача, якую мы зараз выконваем у адпаведнасці з прапановамі, выказанымі на Форуме, і рашэннем калегіі Міністэрства культуры, — распрацоўка Праграмы эфектыўнага выкарыстання Музейнага фонду.

Мы добра разумеем, што адна з асноўных функцый музея — захаванне Музейнага фонду, ведаем, што сёння не больш за 7-10% прадметаў выкарыстоўваецца для паказу шырокай публіцы. Але калі мы не будзем прэзентаваць фонды наведвальніку (а гэта амаль 3 млн. прадметаў асноўнага фонду), цэлыя пакаленні так і не ўбачаць скарбы ды нацыянальныя здабыткі, якімі ганарыцца наша краіна. Таму менавіта за выставачнымі праектамі — другое жыццё музейных фондаў.

Адначасова ў падраздзеле праграмы “Камплектаванне музейнага збору” мы ставім пытанне аб якасным адборы прадметаў у музейныя фонды. Павінен стаць адзіным для ўсіх музеяў падыход у выкарыстанні бюджэтных сродкаў: набываць толькі тыя прадметы, якія з’яўляюцца ўнікальнымі і зоймуць належнае месца ў Музейным фондзе. Практыка набыцця аднолькавых тыповых прадметаў у розных музеях павінна быць перагледжана. Сучаснай формай партнёрскіх адносін мусіць стаць дэпазіт.

Стварэнне адзінай музейнай прасторы патрабуе стварэння сучаснай музейна-выставачнай інфраструктуры. А для гэтага павінны быць годныя фондасховішчы, залы, адпаведнае ўсім міжнародным стандартам выставачнае і асвятляльнае абсталяванне, сучасная сістэма тэмпературна-вільготнаснага рэжыму і аховы. На гэта звярнулі ўвагу і ўдзельнікі Форуму. Адпаведнае рашэнне было прынята калегіяй Міністэрства культуры.

Мінкультуры атрымала лісты ад упраўленняў культуры аблвыканкамаў аб тым, што выставачныя залы і абсталяванне ў асобных музеях адпавядаюць сучасным нормам, але вопыт правядзення нацыянальных і міжнародных праектаў паказаў, што замежныя партнёры ставяцца да гэтага пытання скрупулёзна, таму абласным упраўленням неабходна звярнуцца да яго яшчэ раз.

Пры распрацоўцы падпраграмы “Захаванне фондаў” прапаноўваецца ўпраўленням культуры разгледзець пытанне стварэння дэпазітарыяў для некалькіх музеяў, што дасць магчымасць добраўпарадкаваць і захоўваць Музейны фонд тых музеяў, дзе сёння належныя ўмовы яшчэ не створаны. Прапануем таксама прадугледзець стварэнне ў іх рэгіянальных цэнтраў рэстаўрацыі і кансервацыі музейных прадметаў.

Важным кірункам дзейнасці музеяў з’яўляецца ўлік фондаў. Мы — першая з краін СНД, якая перайшла на электронны ўлік музейных прадметаў, мы першымі выкарысталі ў экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы 3D-тэхналогіі, стварылі электронны Дзяржаўны каталог асабліва каштоўных прадметаў Музейнага фонду. Мы — краіна, якая стварыла першую на прасторы СНД і замежжа экспазіцыю ХХІ стагоддзя ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Экспазіцыя атрымала высокую ацэнку спецыялістаў і наведвальнікаў...

...Наступны крок у развіцці музейнай справы — стварэнне і наступная рэалізацыя Праграмы аўтаматызацыі Музейнага фонду. Сёння не ва ўсіх музеях ёсць адпаведная тэхніка і праграмнае забеспячэнне для выканання задачы. Неабходна звярнуць на гэта ўвагу Віцебскаму і Гомельскаму ўпраўленням культуры. Праграмай прадугледжана мадэрнізацыя сайтаў, увядзенне новых электронных паслуг...

Музейны форум раскрыў існасць і новай для музеяў справы: мы адчулі падтрымку апякунскіх саветаў, да якіх напачатку ставіліся насцярожана. Мы ўбачылі дзейсную зацікаўленасць і ўвагу прадстаўнікоў прамысловасці, бізнесу, турыстычных кампаній, што выдаткавалі на арганізацыю правядзення форуму “Музеі Беларусі — трэцяму тысячагоддзю” прызавы фонд амаль у 400 млн. руб. у 17 намінацыях. На Форуме прадстаўлены тэхнічныя сродкі, выдатныя выстаўкі, многія з якіх сталі магчымымі з дапамогай саветаў...

І апошняе. Нашымі праграмамі прадугледжана шмат мерапрыемстваў, якія мы можам выканаць толькі з дапамогай прафесійных кадраў. Таму хочацца звярнуцца да навучальных устаноў. Калі са спецыялістамі, якія прыходзяць да нас на пасады навуковых супрацоўнікаў, праблема — вырашальная, то з некаторымі спецыялізацыямі, такімі, як падрыхтоўка мастацтвазнаўцаў-экспертаў, спецыялістаў па экспазіцыйным дызайне, рэстаўратараў, якіх нам на месцах востра не хапае, — пытанне. Адсутнасць іх асабліва адчувальная для тых, хто стварае новыя музеі і экспазіцыі.

Спадзяюся, прапановы, якія былі агучаны на калегіі Міністэрства культуры, падтрымаюць, і спецыяльнасць “Экспертыза твораў мастацтва і культурных каштоўнасцей” будзе адкрыта ў БДУКіМ. Прапануем разгледзець пытанне аб павелічэнні набору спецыялістаў Акадэміі мастацтваў па экспазіцыйным дызайне, якія сёння рыхтуюцца толькі ў рамках спецыялізацыі “Дызайн”.

Сёння адбываецца змена пакаленняў, на працу прыйшлі маладыя супрацоўнікі са спецыяльнай музейнай адукацыяй, што гатовы арганізоўваць новыя музейныя праекты. Музейны форум стаў для іх адметнай пляцоўкай, каб раскрыць сябе і навучыцца новаму. Менавіта ад іх, моладзі, — словы ўдзячнасці за цудоўную ідэю яго правядзення. Сёння, з пачуццём гонару за ўсе музеі рэспублікі, мы рыхтуемся да Другога Нацыянальнага музейнага форуму-2014, да якога прыйдзем ужо з канкрэтнымі вынікамі рэалізацыі галіновых праграм.