"Гастрольныя туры па-за планам — па дагаворах"

№ 7 (1081) 16.02.2013 - 23.02.2013 г

Святлана БАРАНОК, намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта (з выступлення):

Мінулы год для сферы культуры Міншчыны быў насычаны шэрагам буйнамаштабных мерапрыемстваў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Статус “Культурная сталіца Беларусі” дазволіў Нясвіжу, з яго непаўторнай архітэктурай і мноствам аб’ектаў сусветнай спадчыны, стаць цэнтрам культурнага жыцця рэгіёна. На канцэртных пляцоўках горада ў рамках фестываляў Уладзіміра Співакова і Юрыя Башмета выступілі сусветна вядомыя музыканты піяніст Барыс Беразоўскі і ансамбль “Салісты Масквы”, у рамках новых тэатральных праектаў сваё майстэрства дэманстравалі вядомыя акцёры драматычных тэатраў і салісты Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, у першым дабрачынным Палацавым балі прынялі ўдзел госці з Расіі Анастасія Валачкова, Марат Башараў, Дзмітрый Харацьян, група “Квадро”. Хачу выказаць падзяку Міністэрству культуры за фінансавую падтрымку праекта і прадастаўленую магчымасць жыхарам горада-музея далучыцца да шэдэўраў мастацтва.

/i/content/pi/cult/412/8448/1-2.jpeg

Жыхары Міншчыны ганарацца тым, што наша зямля ўзгадавала многіх выбітных дзеячаў культуры і мастацтва і заўсёды шануе памяць пра сваіх землякоў. У 2012 годзе мы адзначалі юбілейныя даты класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка і ў рэгіёнах было праведзена шмат мерапрыемстваў па прапагандзе ды папулярызацыі спадчыны паэтаў, добраўпарадкаванні мемарыяльных аб’ектаў, звязаных з жыццём і творчасцю юбіляраў.

Яркімі і запамінальнымі сталі памятныя мерапрыемствы з нагоды 200-годдзя вайны 1812-га. У памяць пра гэта быў устаноўлены памятны знак “Смутак і Пакланенне” на Брылёўскім полі, створана новая экспазіцыя ў Барысаўскім аб’яднаным музеі, праведзены IV Міжнародныя Каладзееўскія чытанні. Каля пяці тысяч чалавек, у тым ліку прадстаўнікі дыпмісій Расіі, Францыі, Германіі, Аўстрыі ды іншых краін, нашчадкі Напалеона і Давыдава прынялі ўдзел у мітынгу-рэквіеме на Брылёўскім полі, а выступленні клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі з Беларусі і краін замежжа прадставілі гледачам фрагменты бітваў двухсотгадовай даўніны.

Значныя аб’ёмы фінансавання былі накіраваны летась на ўмацаванне матэрыяльнай базы. Толькі на рамонтныя і будаўнічыя работы асвоена звыш 105 млрд. рублёў. Нядрэнных вынікаў установы культуры вобласці дасягнулі ў частцы паступлення пазабюджэтных даходаў: план выкананы амаль на 150 працэнтаў, даходы ўстаноў культуры склалі 23,4 млрд. рублёў (гэта без абласнога цэнтра). Дасягнуты вынікі і па іншых напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця галіны.

Аднак, аналізуючы асноўныя паказчыкі дзейнасці арганізацый культуры па напрамках — клубныя, бібліятэчныя, музейныя, адукацыйныя ўстановы, якія мы штогод прадстаўляем у Міністэрства культуры для абагульнення і аналізу, — міжволі задаешся пытаннем: а ці адлюстроўваюць даныя паказчыкі дынаміку сацыякультурных працэсаў у рэгіёнах? Можа быць, у сувязі са зменай падыходаў варта перагледзець і крытэрыі ацэнкі? Так, на працягу некалькіх гадоў мы праводзім аптымізацыю сеткі, і колькасць устаноў культуры штогод зніжаецца. У бліжэйшыя гады гэты працэс будзе працягвацца, і пры аналізе дзейнасці па-ранейшаму рабіць стаўку на рост валавых паказчыкаў уяўляецца немэтазгодным. Да прыкладу, паказчык “колькасць клубных фарміраванняў”, які ў першую чаргу залежыць ад колькасці ўстаноў, пры скарачэнні сеткі, як правіла, таксама зніжаецца. Штучнае павелічэнне гэтага паказчыка ажыццявіць тэхнічна можна, але ці трэба?

Спісанне старой і незапатрабаванай літаратуры ў бібліятэках прыводзіць да зніжэння аб’ёмаў фондаў, але, разам з тым, павялічвае абарачальнасць фонду, і разам з абнаўленнем фондаў з’яўляецца больш важным паказчыкам (для даведкі: 25% састарэлай літаратуры).

На наш погляд, аб’ектыўнай ацэнкай якасці і даступнасці паслуг можа стаць працэнт ахопу насельніцтва паслугамі культуры. Да прыкладу, бібліятэчным абслугоўваннем у Мінскай вобласці на працягу многіх гадоў ахоплена 40-41% насельніцтва, і ўзровень гэты даволі стабільны. Пры дэмаграфічных зрухах колькасць чытачоў з года ў год можа вар’іравацца, але працэнтны паказчык павінен адпавядаць пэўнаму ўзроўню. Такі ж падыход можа быць выкарыстаны і ў адносінах да клубных устаноў ды пазашкольных устаноў адукацыі ў сферы культуры, так званых школах мастацтваў. Сёння паказчыкамі Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” нам прадпісана штогод павялічваць кантынгент ДШМ у сярэднім на 150-200 чалавек у год. Задача выканальная, але пра якасць дадатковай адукацыі і эканоміі бюджэтных сродкаў у дадзеным выпадку казаць не даводзіцца (96-97% выдаткаў па навучанні ў ДШМ нясе дзяржава, і 3-4% — бацькоўская плата). Лічым, што ў цяперашніх умовах варта казаць не пра павелічэнне, а пра захаванне кантынгенту навучэнцаў.

Патрабуюць карэкціроўкі паказчыкі названай праграмы ў частцы, якая звязана з развіццём прафесійнага мастацтва. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 457 рашэннямі аблвыканкамаў зацверджаны нарматывы па колькасці спектакляў і канцэртаў для кожнай арганізацыі, таму павелічэнне колькасці спектакляў і наведвальнікаў на 3% і 4% у год адпаведна загадзя невыканальнае.

І апошняе. У нас склалася сістэма работы з Белдзяржфілармоніяй па арганізацыі канцэртаў у камерных залах дзіцячых школ мастацтваў, пры якой план гастролей артыстаў Белдзяржфілармоніі загадзя ўзгадняецца з упраўленнем культуры і даводзіцца да аддзелаў культуры рай- і гарвыканкамаў. Прапануем падобную сістэму ўкараніць і для арганізацыі гастролей дзяржаўных прафесійных калектываў ды выканаўцаў ва ўстановах культуры абласцей. Своечасовае планаванне і раўнамернае размеркаванне творчых сіл рэспублікі па рэгіёнах створыць умовы для якаснай падрыхтоўкі мерапрыемстваў і дыялога паміж заказчыкам і выканаўцам.

Гастрольныя туры па-за рамкамі зацверджаных планаў, на наш погляд, могуць і павінны ажыццяўляцца на дагаворных умовах з кіраўнікамі арганізацый культуры на месцах, без садзейнічання дзяржаўных органаў абласнога ўзроўню.