"Ад зон аховы да рэкламы: дык чый жа клопат?"

№ 7 (1081) 16.02.2013 - 23.02.2013 г

Ігар ЧАРНЯЎСКІ, начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (з выступлення):

Дзяржаўная палітыка ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны прадугледжвае рэалізацыю сістэмы арганізацыйных, прававых, эканамічных, матэрыяльна-тэхнічных, навуковых, інфармацыйных, іншых мер, скіраваных на выяўленне матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяў творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, наданне ім статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці, улік, захаванне, аднаўленне, утрыманне і выкарыстанне гісторыка-культурных каштоўнасцей, што ажыццяўляюцца ў мэтах зберажэння і прымнажэння гісторыка-культурнай спадчыны.

/i/content/pi/cult/412/8447/1-1.jpeg

На працягу 2012 года кожная з адзначаных мер знайшла рэальнае ўвасабленне. У дакладзе Барыса Святлова адзначаны асноўныя аб’екты спадчыны, на якіх Міністэрствам культуры забяспечана фінансаванне работ сродкамі рэспубліканскага бюджэту. А гэта 38 гісторыка-культурных каштоўнасцей, вызначаных у мінулым годзе Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай, дзяржаўнымі праграмамі “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гг. і “Замкі Беларусі” на 2012 — 2018 гг. Агульны аб’ём сродкаў рэспубліканскага бюджэту склаў звыш 420 млрд. рублёў. У цэлым жа Міністэрствам культуры выдадзена 1 199 дазволаў на выкананне навукова-праектных і рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ па краіне, ажыццёўлены разгляд навукова-праектнай дакументацыі або праектных прапаноў на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ, па выніках чаго падрыхтавана 1 375 заключэнняў па праектах.

Важным для ўмацавання сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны стала ўступленне ў дзеянне ў жніўні 2012 г. змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”. Асноўныя прававыя новаўвядзенні скіраваны на пашырэнне функцый мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, больш актыўнае іх рэагаванне на звароты грамадзян і юрыдычных асоб з адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Міністэрствам культуры прапанаваны змяненні ў Бюджэтны кодэкс Рэспублікі Беларусь, што дазволіла ўдакладніць парадак фінансавання работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях сродкамі бюджэтаў розных узроўняў, у тым ліку і сельскімі выканкамамі.

На сённяшні дзень прававая база сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны дазваляе ў поўнай меры забяспечыць вырашэнне задач па захаванні і эфектыўным выкарыстанні культурнага і гістарычнага набытку народа Беларусі. У мэтах безумоўнага выканання патрабаванняў нацыянальнага заканадаўства і міжнародных дагавораў па ахове спадчыны, да якіх далучылася Рэспубліка Беларусь, на 2013 год варта акрэсліць наступныя найбольш актуальныя задачы.

1. Забеспячэнне падрыхтоўкі рэгіянальных праграм на ўзроўні абласцей, гарадоў і раёнаў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, вызначаных артыкулам 10 Закону аб ахове спадчыны. Гэтая тэма была падрабязна абмеркавана на калегіі Міністэрства культуры 26 студзеня бягучага года, якой засведчана наяўнасць такіх праграм толькі ў Віцебскай вобласці. Упраўленням культуры Брэсцкага, Гродзенскага, Мінскага, Магілёўскага, Гомельскага абласных і Мінскага гарадскога выканкамаў належыць правесці работу па іх падрыхтоўцы. Пры гэтым асноўную ўвагу варта надаць ажыццяўленню малазатратных мерапрыемстваў па кансервацыі аб’ектаў спадчыны, прывядзенню ў належны санітарны стан іх тэрыторый, прыцягненню пазабюджэтных сродкаў на захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцей, у тым ліку дапамогі спонсараў і валанцёраў.

2. Па-ранейшаму застаецца актуальнай распрацоўка і зацвярджэнне праектаў зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія на сённяшні дзень створаны толькі для 375 аб’ектаў спадчыны. Гэта каля 10% ад неабходнага. Варта нагадаць, што ў 2012 і 2013 гг. рашэннямі калегіі Міністэрства культуры вызначана першачарговая задача падрыхтоўкі такіх праектаў для тых аб’ектаў, у зонах размяшчэння якіх будаўнічыя работы плануецца праводзіцца ў бліжэйшыя 3-5 гадоў. Такі падыход дазволіць не толькі рацыянальна выкарыстаць сродкі ды забяспечыць выкананне патрабаванняў Закону, але і стварыць умовы гарманічнага спалучэння аб’екта новага будаўніцтва ды помнікаў даўніны.

3. Асаблівую актуальнасць мае забеспячэнне належнага ўтрымання і выкарыстання аб’ектаў Сусветнай спадчыны і, у першую чаргу, іх прыроднага і антрапагеннага атачэння. Асабліва важным гэта з’яўляецца ў правядзенні ўзгодненай з палажэннямі Канвецыі UNESCO аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны горадабудаўнічай і гаспадарчай палітыкі ў Міры і Нясвіжы. Відавочна, што захадаў, якія прадпрымаюцца Міністэрствам культуры, недастаткова. У сувязі з гэтым прапануем падрыхтаваць і разгледзець пытанне на пасяджэннях Гродзенскага і Мінскага аблвыканкамаў адпаведна. Гэта цалкам стасуецца з палажэннямі Канвенцыі аб ахове сусветнай спадчыны адносна асаблівай ролі мясцовых супольнасцей, якім належыць прадугледзець ахову аб’ектаў Сусветнай спадчыны ў планах рэгіянальнага развіцця.

4. У 2012 годзе па даручэнні Урада краіны Міністэрствам культуры пры ўдзеле спецыялістаў па ахове спадчыны ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, некаторых раёнаў абласцей праведзены аналіз пералікаў гісторыка-культурных каштоўнасцей, што вызваляюцца ад падатку на нерухомасць і землі, занятыя якімі, вызваляюцца ад зямельнага падатку. Правядзенне гэтай работы засведчыла адсутнасць у шэрагу мясцовых органаў кіравання поўнай інфармацыі аб стане гісторыка-культурных каштоўнасцей. Другая выснова датычыцца нізкага ўзроўню інфармаванасці ўласнікаў гісторыка-культурных каштоўнасцей аб патрабаваннях заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. У выніку агульная колькасць аб’ектаў спадчыны ў названых пераліках, прадстаўленых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, была паменшана з 5 143 да 949.

У сувязі з гэтым спецыялістам Міністэрства культуры сумесна з упраўленнямі культуры аблвыканкамаў у першым паўгоддзі належыць завяршыць удакладненне звестак аб тэхнічным стане гісторыка-культурных каштоўнасцей, выпрацоўцы прапаноў па неабходных мерапрыемствах па іх захаванні, стварэнні ўмоў наведвання.

5. З мэтай пашырэння інфармацыі аб прававых падставах аховы гісторыка-культурнай спадчыны існуе неабходнасць правядзення абласных семінараў для кіраўнікоў гар- і райвыканкамаў, аддзелаў культуры ды мясцовых спецыялістаў па ахове спадчыны, а наступным этапам, на ўзроўні гарадоў і раёнаў, — для ўласнікаў і ўладальнікаў гісторыка-культурных каштоўнасцей, якім неабходна давесці інфармацыю аб устаноўленых заканадаўствам іх правах і абавязках. Ажыццёўленыя Мінскім аблвыканкамам і шэрагам райвыканкамаў вобласці такія семінары сталі карыснымі для кожнага з бакоў.

6. Патрабуе вырашэння пытанне захавання архітэктурна-канструктыўнага аблічча помнікаў архітэктуры і забеспячэння належнага ўтрымання тэрыторый аб’ектаў спадчыны. Упраўленням культуры аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама сумесна з гар- і райвыканкамамі неабходна звярнуць увагу на ўладкаванне аконных і дзвярных запаўненняў, устаноўку кандыцыянераў, спадарожнікавых антэн, характар і размяшчэнне рэкламы, сезонных месцаў гандлю, пераабсталяванне памяшканняў першых паверхаў, пераведзеных у нежылы фонд. Пакуль жа ўсе гэтыя пытанні застаюцца выключным клопатам Міністэрства культуры. У той жа час, не толькі Законам аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, але і Законамі аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь у сферы аховы спадчыны ўстаноўлена значная, а часам і выключная кампетэнцыя мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Сярод многіх мерапрыемстваў па выкананні дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны для рэалізацыі ў бліжэйшай перспектыве прапанаваны толькі найбольш важныя і актуальныя, з нашага пункта гледжання. Збольшага яны не патрабуюць значных капітальных затрат і часам залежаць ад добрай волі адказных за захаванне культурнага і гістарычнага набытку спецыялістаў. Не трэба вялікіх намаганняў для стварэння умоў наведвання, напрыклад, памятных мясцін, звязаных з імёнамі Адама Міцкевіча або аднаго з прадстаўнікоў славутага роду Нарбутаў, дзесьці ў Карчове або Начы. Гэтак сама і не вымагае значных высілкаў прывядзенне ў належны санітарны стан тэрыторыі, скажам, сядзібы Ромераў у Каралінаве або Ядвігіна Ш. у Карпілаўцы. Эфект жа ад рэалізацыі гэтых і шматлікіх іншых мерапрыемстваў будзе значны для ўсяго беларускага грамадства.

Абмеркаванне даклада

Пасля выступлення Ігара Чарняўскага прагучала пытанне ад віцэ-прэм’ера Анатоля Тозіка:

 — Ігар Мяфодзьевіч, скажыце, калі ласка, наколькі, на вашу думку, у нас абгрунтаваны тыя крытэрыі, па якіх мы той або іншы аб’ект уключаем у дзяржаўны Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей? Часта чую прапановы, што лепш скараціць гэты Спіс, а грошы, якія мы маем, накіраваць на захаванне і рэстаўрацыю сапраўды вельмі важных для нашай гісторыі і культуры помнікаў…

У адказ Ігар Чарняўскі заўважыў, што крытэрыі вызначэння аб’ектаў для ўнясення ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей у Беларусі дастаткова распрацаваныя і абгрунтаваныя. Іншая справа, што некаторыя з гэтых крытэрыяў маюць даволі агульны характар. Міністэрства культуры разам з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі правяло ўжо некалькі кансультацый на гэтую тэму, і таму, на думку Ігара Чарняўскага, у перспектыве цалкам магчыма ўдакладненне некаторых крытэрыяў у дачыненні да канкрэтных відаў аб’ектаў спадчыны — помнікаў архітэктуры і археалогіі.

Таксама задала пытанне Ігару Чарняўскаму і намеснік начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення — начальнік упраўлення сацыяльна-культурнай палітыкі галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга:

— Ігар Мяфодзьевіч, скажыце, калі ласка, ці будуць пад Дзяржаўную праграму “Замкі Беларусі” на 2012 — 2018 гады прыцягвацца пазабюджэтныя сродкі, згодна з даручэннем Прэзідэнта краіны? Як вядома, у Дзяржпраграму ўваходзяць 38 аб’ектаў, а для колькіх з іх адкрыты на сённяшні дзень дабрачынныя рахункі па зборы сродкаў? І што яшчэ можа зрабіць у гэтым накірунку Міністэрства культуры? Напрыклад, зладзіць сёлета і ў наступныя гады нейкія дабрачынныя акцыі, прыцягваць валанцёраў і гэтак далей...

Як адзначыў Ігар Чарняўскі, рахункаў для паступлення пазабюджэтных сродкаў адкрыта на сённяшні дзень няшмат. Так, адзін ёсць у Нясвіжы, і на гэты рахунак прыцягнута прыкладна 600 — 700 мільёнаў рублёў. Другі — у Навагрудку, і на гэтым рахунку Міністэрства культуры Беларусі сканцэнтравала сродкі ад правядзення рэспубліканскай латарэі “Скарбніца”. Па другіх аб’ектах гэтае пытанне прапрацоўваецца, і, магчыма, сёлета будзе адкрыты яшчэ шэраг дабрачынных рахункаў для збору пазабюджэтных сродкаў.

Што да валанцёраў, дык на сённяшні дзень, па словах Ігара Чарняўскага, яны актыўна выкарыстоўваюцца толькі на адным аб’екце гісторыка-культурнай спадчыны — у Любчы. Хаця ў гэтым аспекце ёсць і пэўныя праблемы: усё ж такі правядзенне работ на падобных аб’ектах патрабуе прафесійнай падрыхтоўкі. Тэма валанцёрскага руху, а таксама прыцягнення спонсарскіх сродкаў, як адзначыў Ігар Чарняўскі, будзе абмеркавана самым бліжэйшым часам на пасяджэнні ў Мядзельскім райвыканкаме, каб асноўныя работы на мясцовым замку праводзіліся менавіта за кошт пазабюджэту. Што да іншых аб’ектаў, унесеных у Дзяржпраграму “Замкі Беларусі”, дык, магчыма, і для іх рэстаўрацыі можна будзе задзейнічаць спонсарскія сродкі. Але, як лічыць Ігар Чарняўскі, абмяркоўваць гэтую тэму варта асобна на кожным канкрэтным прыкладзе. Найбольш перспектыўныя ў гэтым плане, на думку начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, тыя аб’екты, якія размешчаны на тэрыторыі Нарачанскага краю, Браслаўскага раёна Віцебскай і Заслаўскага раёна Мінскай абласцей.