Колькі каштуе нявеста?

№ 36 (1058) 08.09.2012 - 14.09.2012 г

У жніўні 1953 года на адной з вуліц Ашмян пачалося будаўніцтва Краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча. А ўжо 16 кастрычніка 1955-га ён адкрыў свае дзверы і прыняў у першы дзень больш за дзве тысячы наведвальнікаў. З цягам часу музейныя экспазіцыі змяняліся, удасканальваліся.

Сёння Ашмянскі музей ладзіць тэматычныя мерапрыемствы, канферэнцыі, заняткі для дзяцей, арганізоўвае мультымедыйныя прадстаўленні, выязныя выстаўкі з лекцыямі, супрацоўнічае з іншымі арганізацыямі. Дзякуючы шчыраванням музейшчыкаў і спонсараў экспазіцыі яго ўдасканальваюцца. Адной з апошніх стала выстаўка, прысвечаная вясельнаму абраду.

Слова “вяселле” пусціла свае карані ад стараанглійскага слова, якое перакладаецца як “залог, абяцанне”, што азначае клятву адно аднаму пад час заключэння шлюбу. Гісторыя ўзнікнення вяселля бярэ пачатак у часы Антычнасці. Ужо тады з’явілася традыцыя выкупу нявесты. Грашовага эквіваленту яшчэ не было, а крытэрыем цаны былі галовы буйных свойскіх жывёлін. Трохі пазней нявесту выкуплялі за ўраджай.

Найбольш прыдатным месяцам для таго, каб пабрацца шлюбам, лічыўся чэрвень, бо месяц гэты быў прысвечаны Юноне — жонцы Юпітэра, галоўнага бога ў рымскай міфалогіі. Юнона лічылася ахоўніцай шлюбу і заступніцай жанчын.

Здавён існуе павер’е пра тое, што прынясе маладым кожны з дзён, у які быў заключаны шлюб: панядзелак — здароўе, аўторак — грошы, серада — найбольш спрыяльны дзень, чацвер — страты, пятніца — крыж, субота — няўдачу. Белы колер адзення нявесты з’яўляецца сімвалам чысціні, таму і лічыцца самым прыдатным для вясельнай цырымоніі.

З цягам часу, канешне ж, змяняліся традыцыі і абрады, пажаданні маладым таксама набылі іншы характар. Застаецца нязменным толькі адно — радасная з’ява нараджэння новай сям’і.

Аліна БАРКОЎСКАЯ