"Як адрэгуляваць адносіны паміж выпускніком і заказчыкам?"

№ 7 (1081) 16.02.2013 - 23.02.2013 г

Cвятлана КАЗЛОВА, дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнага каледжа імя А.С. Пушкіна (з выступлення):

Асноўнай задачай для ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у тым ліку сферы культуры, з’яўляецца павышэнне якасці падрыхтоўкі будучых спецыялістаў, эфектыўна адаптаваных і канкурэнтаздольных на рынку працы. У той жа час, паспяховая рэалізацыя пастаўленай задачы немагчымая без фарміравання трывалай сістэмы партнёрскага ўзаемадзеяння. Мадэль дадзенай сістэмы ўключае наступныя звёны: школа — каледж — арганізацыя-заказчык кадраў — ВНУ — дзяржаўныя і мясцовыя органы ўлады.

/i/content/pi/cult/412/8442/1-1.jpeg

Пабудаваная на прынцыпах узаемнай зацікаўленасці сістэма партнёрскага ўзаемадзеяння дазваляе вырашыць шэраг актуальных праблем, перш за ўсё такіх, як: пераадоленне наступстваў складанай дэмаграфічнай сітуацыі і ажыццяўленне якаснага набору шляхам сумеснай прафарыентацыйнай работы ў школах; ліквідавання дубліравання падрыхтоўкі, актывізацыя тэрмінаў навучання і фінансавых затрат на навучанне, павышэнне адукацыйнага ўзроўню выкладчыкаў каледжа праз узаемасувязь з установамі вышэйшай адукацыі; узмацненне практыкаарыентаванага характару навучання ва ўстанове сярэдняй спецыяльнай адукацыі; скарачэнне тэрміну адаптацыі выпускнікоў на працоўных месцах; узмацненне сацыяльнай абароненасці выпускнікоў...

Асноўным кірункам узаемадзеяння каледж — школа з’яўляецца, натуральна, прафарыентацыйная работа.

Развіваецца ў апошнія гады і ўсё больш умацоўваецца ўзаемадзеянне з БДУКіМ. Нягледзячы на тое, што наша ўстанова адукацыі атрымала статус каледжа ў ліку апошніх у рэспубліцы, бесперапынная інтэграваная сістэма прафесійнай адукацыі “тэхнікум—універсітэт” была пабудавана ў ліку першых пачынаючы з 1994 г. За гэтыя гады склаўся добры вопыт супрацоўніцтва з факультэтам інфармацыйна-дакументных камунікацый.

Каледж — арганізацыі-працадаўцы. У рамках гэтай звязкі робіцца наступнае: заключэнне дагавораў аб узаемным супрацоўніцтве для арганізацыі ўсіх відаў практыкі, па падрыхтоўцы спецыялістаў і працаўладкаванні выпускнікоў; удзел працадаўцаў у рабоце дзяржаўнай атэстацыйнай камісіі; правядзенне педагагічных саветаў сумесна з органамі кіравання ў сферы культуры з запрашэннем кіраўнікоў устаноў культуры, якія ўдзельнічаюць ў арганізацыі практыкі.

Шырока выкарыстоўваюцца такія формы, як: запрашэнне працадаўцаў для ўдзелу ў рабоце навукова-практычных канферэнцый, “круглых сталоў”, педагагічных чытанняў, што праводзяцца ў каледжы; запрашэнне кіраўнікоў і работнікаў бібліятэк і школ у якасці членаў журы конкурсаў прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў; арганізацыя каледжам дадатковых адукацыйных паслуг патэнцыйным працадаўцам (тэматычныя семінары, кансультацыі ды іншыя).

На базе вучэбна-кансультацыйнага пункта каледжа мы стварылі групу адаптацыйнага маніторынгу з мэтай аказання дапамогі нашым выпускнікам і адаптацыі да ўмоў прафесійнага асяроддзя; выяўлення праблем у рабоце маладых спецыялістаў, аналіз прычын іх узнікнення; аказанне кансультацыйнай, метадычнай дапамогі ў пераадоленні цяжкасцей; вядзецца маніторынг працаўладкавання і замацавання выпускнікоў.

Есць пэўныя поспехі, але маюцца і цяжкасці. Умоўна мы іх падзялілі на дзве групы: “глабальныя” і “мясцовыя”. Праблемы “глабальныя”: нізкая заработная плата бібліятэчных работнікаў (разам з іншымі катэгорыямі работнікаў сферы культуры); няўстойлівая дэмаграфічная сітуацыя. Праблемы “мясцовыя”: пакуль яшчэ недасканалая сістэма прафесійнага адбору; малая колькасць выпускнікоў, якія паступаюць па мэтавай кантрактнай падрыхтоўцы.

Натуральна, працэс фарміравання такой складанай, разнастайнай сістэмы сацыяльнага парнёрства адбываецца неадназначна: адны сувязі ўстанаўліваюцца хутка, іншыя — значна складаней.

Напрыклад, з 2009 г. каледжам вядзецца работа па заключэнні дагавораў з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў на падрыхтоўку спецыялістаў і працаўладкаванне выпускнікоў, і на сённяшні дзень іх дзейнічае 72. Пры гэтым базавая арганізацыя-закачык мае пераважнае права на задавальненне сваёй патрэбы ў спецыялістах. У тым жа годзе было заключана 23 дагаворы (100%) з аддзеламі культуры Магілёўскай вобласці, і штогод яны абнаўляюцца. Як вынік — толькі за тры апошнія гады вобласць атрымала 338 спецыялістаў і мае сярод працуючых на пасадах у бібліятэчных установах самы нязначны працэнт (14,%) спецыялістаў без профільнай адукацыі.

Некалькі іншая сітуацыя з іншымі абласцямі. Ад 24% да 80% аддзелаў культуры заключылі з намі дагаворы. І гэта прытым што, па афіцыйных статыстычных даных, у асобна ўзятых абласцях працэнт працуючых бібліятэкараў, якія не маюць профільнай адукацыі, застаецца даволі высокім.

Супастаўляючы гэтыя даныя з планам набору на завочнае аддзяленне каледжа, прыходзім да высновы, што, здаецца, у нас не павінна быць праблем пад час уступных кампаній бліжэйшых пяці-сямі гадоў. Але ўжо летась мы адчувалі пэўныя цяжкасці пад час прыёмнай кампаніі на завочнае аддзяленне.

Эфектыўнасць нашай дагаворнай сістэмы адбіваецца і на размеркаванні. Штогод мы бачым сваю запатрабаванасць, бо колькасць заявак перавышае колькасць выпускнікоў, але, з іншага боку, мае месца нераўнамерная колькасць размеркаваных маладых спецыялістаў у разрэзе абласцей. Незадавальненне заявак адбываецца з прычыны адсутнасці ўраджэнцаў тых рэгіёнаў, дзе ёсць патрэба ў абнаўленні калектываў бібліятэчных устаноў. Асноўныя прычыны — адсутнасць дагавора з каледжам альбо проста абыякавае выкананне абавязацельстваў заказчыкамі кадраў.

Сёння асаблівае месца ва ўзаемадзеянні з працадаўцамі мэтазгодна адводзіць мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў. На жаль, пазіцыя, што займаюць і ў гэтым пытанні некаторыя рэгіёны рэспублікі, таксама не можа нас задавальняць. Але ці толькі нас?

Думаю, названыя праблемы ў той або іншай ступені маюць месца ва ўсіх установах сярэдняй спецыяльнай адукацыі галіны. Таму бачыцца мэтазгодным узмацненне ўвагі і кантролю ўпраўленняў і аддзелаў культуры да існуючых кадравых праблем.

Новы перспектыўны вектар партнёрскага ўзаемадзеяння звязаны з прапрацоўкай пытання аб адкрыцці на базе нашага каледжа рэсурснага цэнтра. У ім мы бачым дадатковыя, больш шырокія, грані ўзаемадзеяння са сваімі партнёрамі, рэальную магчымасць рэалізацыі праз канцэнтрацыю матэрыяльна-тэхнічных, адукацыйных, кадравых рэсурсаў, такіх кірункаў, як: арганізацыя бесперапыннай прафесійнай адукацыі; павышэнне кампетэнтнасці работнікаў культуры ў выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій і навыкаў работы на сучасным абсталяванні; даследаванне рынку працы ў мэтах абагульнення патрабаванняў працадаўцаў да якасці падрыхтоўкі выпускнікоў; распрацоўка і ўкараненне ў адукацыйны працэс інавацыйных тэхналогій ды многае іншае.

База для гэтага маецца: абсталяваныя камп’ютарныя класы, кваліфікаваныя кадры, добраўпарадкаваны інтэрнат.