"Аптымізацыя, інтэграцыя і нарматывы"

№ 7 (1081) 16.02.2013 - 23.02.2013 г

Валянціна ДУБРОВА, дырэктар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна (з выступлення):

Цягам апошніх гадоў сістэма публічных бібліятэк Гомельскай вобласці перажывае змены, якія адпавядаюць агульнай дынаміцы сацыяльных і дэмаграфічных працэсаў у рэспубліцы. Так, у сувязі з аптымізацыяй сеткі публічных бібліятэк, звязанай з памяншэннем колькасці сельскага насельніцтва, у вобласці назіраецца штогадовае скарачэнне колькасці бібліятэчных устаноў. У 2012 годзе ў маланаселеных пунктах было закрыта 19 сельскіх бібліятэк, якія працуюць на 0,5 і 0,25 стаўкі (але, у той жа час, у Жлобіне была летась адкрыта публічная бібліятэка). Такім чынам, па стане на 1 студзеня 2013 года ў галіне культуры Гомельшчыны функцыянавала 653 бібліятэкі: абласная, 100 гарадскіх (у тым ліку 22 цэнтральныя), 11 гарпасялковых, 541 сельская бібліятэка.

/i/content/pi/cult/412/8441/1-2.jpeg

Каб задаволіць патрэбы людзей, што пражываюць у сельскай мясцовасці, дзе няма стацыянарнай бібліятэкі, прымяняюцца разнастайныя формы абслугоўвання: традыцыйныя (пункты выдачы, кніганошаства) і новыя (перасоўныя бібліятэкі). Аўтабібліятэкі, як паказала практыка, з’яўляюцца найбольш эфектыўнай і дзейснай формай абслугоўвання насельніцтва... Разам з тым, існуюць пэўныя цяжкасці: нашы аўтабібліятэкі не маюць як бібліятэчнага, так і тэхнічнага абсталявання. Літаратура перавозіцца ў скрынках, што ўскладняе працу з ёй.

У 2011 — 2012 гадах на Гомельшчыне ладзіўся эксперымент па стварэнні інтэграваных устаноў шляхам аб’яднання сельскіх публічных і школьных бібліятэк...

...Усяго ў эксперыменце прыняло ўдзел 218 бібліятэк сістэмы Мінкультуры і 109 бібліятэк агульнай сярэдняй адукацыі сістэмы Міністэрства адукацыі. У цэлым па рэспубліцы эканомія бюджэтных сродкаў ад правядзення эксперыментаў склала 1,3 мільярда рублёў...

...З мэтай вывучэння магчымасці аб’яднання сельскіх і школьных бібліятэк была створана рабочая група, якая з лістапада 2011 года па красавік 2012 года наведала ўсе раёны вобласці і 340 маланаселеных пунктаў.

Па стане на 1 студзеня ў вобласці функцыянавалі 54 інтэграваныя ўстановы сістэмы Мінкультуры. 19 з іх размешчаны ва ўстановах адукацыі, астатнія — ва ўстановах культуры ды ў іншых (напрыклад, у сельскім Савеце). Пры аб’яднанні ўлічваліся наступныя асноўныя крытэрыі: дэмаграфічная сітуацыя (колькасць жыхароў, якія пражываюць у дадзеным населеным пункце), матэрыяльна-тэхнічная база гэтых устаноў, агульная плошча бібліятэкі, наяўнасць прафесійных кадраў.

У выніку праведзенай работы сельскія бібліятэкі былі пераведзены з не заўсёды ацяпляльных памяшканняў, многія з якіх патрабавалі капітальнага рамонту, у будынкі школ. Іншымі словамі, была значна палепшана матэрыяльна-тэхнічная база бібліятэк. Таксама вельмі важна і тое, што размяшчэнне публічнай бібліятэкі ў сельскай школе, дзе колькасць навучэнцаў меншая за прадугледжаны нарматыў, дазваляе больш эфектыўна выкарыстоўваць памяшканні і аб’ядноўваць творчыя сілы пры правядзенні культурна-дасугавых мерапрыемстваў для дзяцей.

Фонды кожнай інтэграванай бібліятэкі склаліся з літаратуры па ўсіх галінах ведаў за кошт фондаў сельскай і школьнай бібліятэк, пашырыўся "рэпертуар" перыядычных выданняў. Стаў даступным для ўсіх чытачоў бібліятэчны фонд Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы з яго шырокім дыяпазонам дакументаў: кнігі, кампакт-дыскі, электронныя рэсурсы.

Аб’яднанне бібліятэк прадугледжвае выключэнне дубліравання ў камплектаванні фондаў, што таксама прывядзе да эканоміі бюджэтных сродкаў і да больш якаснага камплектавання фондаў інтэграваных устаноў. Праца па аб’яднанні будзе прадоўжана і ў 2013 — 2014 гадах.

Нягледзячы на бурнае развіццё інфармацыйных тэхналогій — аўдыявізуальных ды інтэрактыўных сродкаў камунікацый, — друкаваная прадукцыя да гэтага часу застаецца запатрабаваным, а часам і адзіным сродкам інфармацыі, які пакліканы, у тым ліку, задавальняць і духоўныя патрэбы чытачоў.

Сукупны фонд публічных бібліятэк вобласці па выніках работы за мінулы год склаў каля 10 мільёнаў розных крыніц інфармацыі, што на 974,5 тысячы экзэмпляраў менш, чым у 2011-м. 48,5% фонду сканцэнтравана ў сельскіх філіялах. Асноўная яго частка — дакументы на папяровых носьбітах (84%), электронныя дакументы складаюць менш за 1%.

Асноўнай крыніцай фінансавання камплектавання фондаў публічных бібліятэк застаецца дзяржаўны бюджэт (абласны і мясцовы). Аб’ём фінансавых сродкаў у 2012 годзе склаў 13 897,6 мільёна рублёў, што амаль ўдвая больш, чым у 2011-м (7 751,7 мільёна рублёў).

Пры гэтым летась была набыта 491 тысяча экзэмпляраў новых выданняў (у 2011-м — 436,9 тысячы). Розніца, як бачыце, — не вельмі значная. Звязана гэта з падаражаннем друкаванай прадукцыі, асабліва перыядычных выданняў.

Колькасць новых паступленняў наўпрост звязана з выкананнем нарматыву па камплектаванні фондаў бібліятэк (не менш за 15% ад агульнай сумы бюджэтнага фінансавання, згодна з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дадзенага 29 верасня 2005 года).

Па выніках 2012 года ў сярэднім па рэспубліцы на камплектаванне фондаў публічных бібліятэк з сумы бягучага бюджэту фінансавання выдаткавана 16%, у тым ліку ў Брэсцкай вобласці — 15,8%, Віцебскай — 16,1%, Гомельскай — 18%, Гродзенскай — 15,3%, Магілёўскай — 15,1%, Мінскай — 16,5%, у Мінску — 15,2%.

На сёння склалася сітуацыя, пры якой нарматыў 15% перавыконваецца, але пры гэтым паказчык “абнаўляльнасць фондаў” (павінен быць роўны 5%, у адпаведнасці з Дзяржпраграмай “Культура Беларусі на 2011 — 2015 гады) — не выкананы.

Намі быў праведзены аналіз стану фондаў публічных бібліятэк Гомельскай вобласці, які паказаў самую высокую кнігазабяспечанасць (г. зн. колькасць кніг на кожнага чытача), роўную 18,3 (прытым што сярэднерэспубліканскі паказчык роўны 17). Самы ж нізкі паказчык зваротаў (г. зн. запатрабаванасць кожнай кнігі) — 1,01 (сярэднерэспубліканскі — 1,09).

Цяпер у фондах назапасілася вялікая колькасць літаратуры 1970 — 80-х гадоў, якая страціла актуальнасць і не запатрабавана чытачамі. Прыняцце рашэння аб адначасовым спісанні гэтай часткі фонду дазволіла б не толькі пазбавіць бібліятэкі ад баласту, але і больш рацыянальна выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі на абнаўленне фондаў. Такое рашэнне было прынята на рэгіянальным узроўні. Павелічэнне аб’ёму фінансавання на камплектаванне і праца па адначасовым спісанні фондаў дазволілі дасягнуць ды перавыканаць паказчык “абнаўляльнасць".

Па рэспубліцы паказчык выкананы не ў поўным аб’ёме. Абнаўленне фондаў па рэспубліцы склала 4,8%, у тым ліку ў Брэсцкай вобласці — 4,3%, Віцебскай — 5,4%, Гомельскай — 5,2%, Гродзенскай — 3,7%, Магілёўскай — 4,2%, Мінскай — 5,1%, г. Мінск — 5,8%. Паўстае пытанне аб правамернасці прымянення 5% паказчыка ў адносінах да буйных бібліятэках, фонды якіх у большай частцы  —мемарыяльныя і разлічаны на доўгае захоўванне. А гэта значыць, што ў праграму “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады неабходна, на маю думку, уносіць папраўкі.

Папаўняліся бібліятэчныя фонды выданнямі, якія выпускаюцца ў рамках дзяржзаказу. І калі ў 2011 годзе бібліятэкамі вобласці было набыта 26,3 тысячы экзэмпляраў такіх выданняў, дык
у 2012-м — 29,9 тысячы экзэмпляраў.

У Год кнігі дзейнасць бібліятэк была скіравана на прыцягненне ўвагі да кнігі і чытання, што дазволіла бібліятэкам выканаць паказчык праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады. Адбылося павелічэнне колькасці наведванняў бібліятэк, у тым ліку аддаленых карыстальнікаў (на 1% штогод). У цэлым жа па рэспубліцы паказчык па выніках 2012-га павялічыўся на 1,4%, у тым ліку ў Брэсцкай вобласці — 4,0%, Віцебскай — 0,8%, Гомельскай — 1,5%, Гродзенскай — 1,5%, Магілёўскай — 1,6%, Мінскай — 0,9%.

Змена і карэкціроўка фарматаў дзейнасці, прымяненне інавацыйных метадаў ды прыёмаў у рабоце з карыстальнікамі дазволілі захаваць становішча і статус бібліятэк у культурнай прасторы рэспублікі. А самі бібліятэкі назапасілі неабходны патэнцыял для развіцця.