"Колькасныя паказчыкі. Патрэбен перагляд"

№ 7 (1081) 16.02.2013 - 23.02.2013 г

Аляксандр ВЯРСОЦКІ, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта (з выступлення):

Падводзячы вынікі за 2012 год, адзначым, што для Гродзеншчыны значнымі падзеямі сталі правядзенне ў Гродне Першага Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”, IX Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, перамога ў 4 намінацыях на II Нацыянальнай тэатральнай прэміі Абласнога тэатра лялек, І прэмія на конкурсе маладых выканаўцаў Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2012” (салістка абласной філармоніі Дар’я Шульгіна)... У вобласці прайшоў 21 фестываль. Творчая дзейнасць была скіравана на забеспячэнне захавання і развіцця беларускай культуры.

/i/content/pi/cult/412/8440/1-1.jpeg

У абласную інвестыцыйную праграму на 2012 год было ўключана 13 устаноў культуры, выдзелена 155 млрд. рублёў. У 2013 годзе будуць прадоўжаны работы на чатырох аб’ектах. З завяршэннем у першым паўгоддзі 2013-га работ на Слонімскім драматычным тэатры будуць у поўным аб’ёме выкананы мерапрыемствы Праграмы рэканструкцыі і тэхнічнага пераабсталявання дзяржаўных тэатраў. Будуць прадоўжаны работы па рэканструкцыі абласной філармоніі, cядзібы М.К. Агінскага ў в. Залессе Смаргонскага раёна, Маладзёжнага цэнтра на праспекце Касманаўтаў.

Праблема прывядзення ў належны стан устаноў культуры вобласці, якія не ўвайшлі ў Інвестыцыйную праграму, значным чынам вырашаецца за кошт правядзення работ гаспадарчым спосабам, калі фінансавыя сродкі выдзяляюцца толькі на закупку матэрыялаў, а работы выконваюцца гаспадарчымі групамі аддзелаў культуры ці па дагаворах падраду з фізічнымі асобамі.

За 2012 год на гэтыя мэты накіравана 12,3 млрд. руб. Адрамантаваны Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў — 1071,6 млн. руб.; Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці — 574,4 млн. руб.; Дзіцячая школа мастацтваў у Слоніме — 797,9 млн.руб.

Праблема забеспячэння тэатральна-відовішчных устаноў вобласці тэхнікай, музычнымі інструментамі, транспартам вырашана з дапамогай старшыні Гродзенскага аблвыканкама Сямёна Барысавіча Шапіры, які сустракаўся з творчымі калектывамі, кіраўнікамі ўстаноў на працягу 2012 года звыш дзесяці разоў. Па выніках сустрэч прынята рашэнне аб выдзяленні дадаткова 10 млрд. руб на набыццё музычных інструментаў, аўтатранспарту, апаратуры для гэтых устаноў.

Задачай, над якой працавалі аддзелы культуры вобласці ў 2012 годзе, было скарачэнне сеткі ўстаноў культуры. Улічваючы абставіны змянення дэмаграфічнай сітуацыі ў вобласці, падыходзячы рацыянальна да выкарыстання бюджэтных сродкаў, за мінулы год сетка ўстаноў скарацілася на 58 бібліятэк і 15 дамоў культуры. Эканомія бюджэтных сродкаў склала 1 млрд. руб.

Гэты працэс неадназначна ўспрымаецца як работнікамі ўстаноў культуры, што закрываюцца, так і жыхарамі тых населеных пунктаў, дзе адбываюцца гэтыя працэсы. У сувязі з гэтым значна павялічваюцца звароты-скаргі ў розныя вышэйстаячыя арганізацыі. Для забеспячэння жыхароў такіх вёсак паслугамі культуры арганізавана работа аўтаклубаў і бібліобусаў. Нельга назваць гэта раўнацэннай заменай, аднак у дадзеным выпадку ўсё залежыць ад граматнай арганізацыі працы (складанне прымальных для насельніцтва графікаў, стварэнне мабільных творчых калектываў).

Для ўдасканалення пазастацыянарнага абслугоўвання жыхароў населеных пунктаў упраўленнем культуры на 2013 год запланавана набыццё новых машын з сучасным абсталяваннем для цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм Ваўкавыскага, Дзятлаўскага, Шчучынскага раёнаў.

У 2012 годзе скончылася стварэнне пастаяннай экспазіцыі ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі. Развіццё музейнай справы ў рэгіёнах вобласці наўпрост залежыць ад якасці пастаянных экспазіцый, ад іх актуальнасці і адпаведнасці сучасным патрабаванням. 6 музеяў вобласці працуюць без пастаянных экспазіцый. Пры планаванні бюджэтнага фінасавання на 2013 год упраўленнем культуры ўлічана неабходнасць завяршэння работ па стварэнні пастаянных экспазіцый у Ашмянскім, Смаргонскім, Іўеўскім, Бераставіцкім музеях.

Праблемай для ДШМ, музычных школ з’яўляецца недахоп музычных інструментаў, а таксама тое, што многія з іх па сваім тэхнічным стане патрабуюць рамонту або замены. Для вырашэння гэтага пытання Гродзенскі гарадскі і раённыя выканаўчыя камітэты пачынаючы з 2013-га будуць штогод прадугледжваць фінансавыя сродкі на набыццё музычных інструментаў у памеры не менш за 5% ад бюджэтнага фінансавання, якое выдаткоўваецца на ўтрыманне дзіцячых школ мастацтваў (без уліку сродкаў, накіраваных на рамонтныя работы).

У вобласці створаны ўмовы для развіцця сферы культуры, пры якіх бюджэт з’яўляецца значнай і стабільнай крыніцай фінансавання. Расходы абласнога і мясцовага бюджэтаў на ўтрыманне ўстаноў культуры (без уліку сродкаў на капітальнае будаўніцтва) склалі ў 2010 годзе — 120 млрд. руб., або 3,4% у бюджэтных расходах вобласці, у 2011 годзе — 190,2 млрд. руб. (3,7%), за 2012 год — 375 млрд. руб. (3,8%).

Разам з тым, важнай умовай развіцця ўстаноў культуры, паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы, павышэння заработнай платы з’яўляецца атрыманне даходаў ад ажыццяўлення пазабюджэтнай дзейнасці ў 2011 годзе — 13,7 млрд. руб, за 2012 год — 30,7 млрд. руб., што ў 2,2 раза больш, чым у адпаведны перыяд 2011-га. На 2013 год запланавана атрымаць 50 млрд. руб.

Адной з крыніц паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы з’яўляецца прыцягненне інвестыцый. У 2011 годзе былі адобраны праекты міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва Смаргонскага (212,0 тыс. еўра), Мастоўскага (201,4 тыс. еўра), Ашмянскага (8 тыс. еўра) аддзелаў культуры і г. Гродна (40,9 тыс. еўра), якія пачалі рэалізоўвацца ў 2012-м, на агульную суму ў 501,4 тыс. еўра.

У 2012 годзе былі адобраны праекты трансгранічнага супрацоўніцтва аддзелаў культуры Свіслацкага (29,9 тыс. еўра), Ашмянскага (58,5 тыс. еўра), Лідскага (56,0 тыс. еўра) і Воранаўскага (18,5 тыс. еўра) раёнаў, ДУК “Гродзенскі музей Максіма Багдановіча” (81,8 тыс. еўра), якія пачнуць рэалізоўвацца ў 2013-м, на агульную суму ў 575,1 тыс. еўра. У адпаведных міністэрствах Рэспублікі Беларусь праходзіць узгадненне праект Гродзенскай абласной бібліятэкі на сумму ў 589 тыс. еўра.

Праблемай застаецца даволі нізкая заработная плата па галіне культуры. За 2012 год яна склала па вобласці 2413 тыс. руб., або 71,6% ад сярэднеабласной. Безумоўна, шляхамі яе павелічэння павінна стаць павелічэнне з бюджэту за кошт аптымізацыі сеткі, аднак у вобласці ставіцца задача павелічэння заработнай платы таксама і за кошт накіравання сродкаў на яе павелічэнне з пазабюджэтных ды ўласных даходаў. Для іх павелічэння ў вобласці запланаваны новыя творчыя мерапрыемствы: фестывалі сыру, квасу, традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”, вулічных тэатраў, свята лялечных тэатраў і многія іншыя.

Прапануем штогод даводзіць паказчык матэрыяльнага стымулявання спецыялістаў з фондаў спажывання ў разліку на аднаго працуючага.

У вобласці выкананы амаль усе паказчыкі Дзяржпраграмы “Культура Беларусі”, аднак значнае скарачэнне колькасці бібліятэк і клубаў (на 2013 год плануецца закрыць яшчэ больш за 40 устаноў; плануемая эканомія — 2,9 млрд. руб.) не дазволіла выканаць колькасны паказчык па павелічэнні клубных фарміраванняў.

Прапануем, з улікам значнага скарачэння сеткі клубных устаноў, бібліятэк, перагледзець колькасныя паказчыкі праграмы па павелічэнні клубных фарміраванняў ды працэнтнага абнаўлення кніжнага фонду і паказчык павелічэння колькасці наведванняў.