Ідэал — набор ілюзій

№ 47 (813) 24.11.2007 - 30.11.2007 г

Дзеля ілюзіі тонкага стану, пышных грудзей, высокага росту, крохкай шыі заможныя прыгажуні ранейшых стагоддзяў прыносілі сябе ў ахвяру. Нярэдка здаралася, што і літаральна: зацягнуты гарсэт не дазваляў дыхаць на поўныя грудзі і ўпіваўся ў жывот, выгінаў стан, з-за брыжаў немагчыма было паглядзець пад ногі ці нахіліць галаву. І хаця ўсё-такі мы захапляемся партрэтамі Грызельды Сапегі, Лізаветы Сцюарт, Лізаветы Кішкі, сённяшнія жанчыны не згодны на фізічныя пакуты. Яны ведаюць, як зрабіць сваю постаць ідэальнай сродкамі мастацтва.

Мастацкі падыход
Што гэта за цудоўныя сродкі? А самыя звычайныя, якімі карыстаюцца архітэктары, графікі, скульптары, калі ствараюць свой ідэал у творы: лініі, плямы і г. д. Не выпадкова ж, што абсалютная большасць знакамітых дызайнераў моды прыйшлі ў прафесію з мастацкіх універсітэтаў, скончыўшы іх як архітэктары, мастацтвазнаўцы, мастакі. Менавіта яны штосезонна ствараюць для жанчын новыя прапорцыі і ілюзіі.
 /i/content/pi/cult/138/844/Moda1.jpg
Напрыклад, у трыццатыя гады ХІХ стагоддзя мода здзіўляла ўсіх пышнымі рукавамі-“шынкамі”, пра якія Гогаль пісаў: “Яны нібы два паветраныя шары, і дама раптам магла падняцца ў неба, калі б яе не прытрымліваў мужчына”. Над гэтымі рукавамі, ушытымі ў пройму ніжэй належнага, краўцы прымацоўвалі “крылцы” — эпальеры, якія павялічвалі і акруглялі іх яшчэ больш, а плечы рабілі максімальна пакатымі. Такі фасон рукавоў, закрываючы бакі сукенкі, ствараў ілюзію танюсенькай таліі — як рыльца бутэлькі, а нахіленыя да пояса швы на ліфе ўзмацнялі гэты эфект.
Сучасная жанчына таксама хітруе, каб зрабіць сваю фігуру набліжанай да ідэалу. Напрыклад, апранае аднатоннае, каб “выцягнуць” рост, чорнае — каб пастрайнець, у гарызантальныя палосы — каб “паправіцца”. Аднак сучасныя мадэльеры падрыхтавалі для яе больш актуальныя, модныя спосабы стварэння патрэбных ёй ілюзій. Але для пачатку трэба, як мастак перад мальбертам, адысці на крок ад люстэрка, каб убачыць сябе ў рост. З якіх ліній і плям складаецца наша постаць у тым ці іншым касцюме? На якія “кавалачкі” дробяць яны нашу фігуру? Ці падабаецца нам гэта? Як “перамаляваць” іх такім чынам, каб створаная намі карціна была нашым ідэалам?

Лінейная графіка

Пачнём з лініі таліі. Гэта той адрэзак, які заўсёды хочацца звузіць, і візуальна гэта магчыма зрабіць пяццю моднымі сёння рэчамі: рэменем, сукенкай, гарсэтам, камізэлькай і рукавамі “ліхтарык”. Чым шырэйшы рэмень, тым больш стройнай падаецца постаць, на якую нібы апранулі гарсэт. Прытым такі гарсэт, які не патрабуе зацягвання: усё максімальна дэмакратычна і эстэтычна.
Як, уласна, і сам гарсэт з тканіны, які цяпер перайшоў са статуса бялізны ў сучасны аксесуар і нават уліўся ў пінжак. Камізэлька — таксама адна з актуальных адзнак сезона, у якасці як мона-акцэнту, так і комбі-партнёра ў касцюме-тройцы. Заўважана: вострае выцягнутае крыссе камізэлькі візуальна робіць постаць страйнейшай гэтак сама, як і востры шніп у нізе гарсэта іспанскага касцюма эпохі Адраджэння.
Модная сукенка гэтай восені ды зімы мае прыталеную форму — ці то ў трэндзе X-сілуэта, ці то сілуэта ў выглядзе літар H (прамы) або Y (пашыраныя плечы). Але адна толькі прыталенасць — гэта малавата.“Намалюем” на сукенцы кантрастную выразную лінію таліі рэменем і абрэжам яе канцы поламі незашпіленага прамога жакета да сцёгнаў. У выпадку, калі пінжак да таліі альбо яго рукавы заканчваюцца на ёй, як у даўжыні 2/3-ці, наша лінія візуальна стане толькі даўжэйшай.
Лінія пляча. Гэта найменш праблемная лінія для жанчын, але не для ўсіх. У некаторых плечы шырэйшыя, чым хацелася б, у некаторых — занадта вузкія. Часта гэтыя дзве праблемы вырашаюцца формай плечавых паралонавых накладак, якія маюцца ва ўсіх паліто ды пінжаках. Модны сёння фасон рэглан, нягледзячы на тое, што робіць плячо акруглым, павялічвае і нарошчвае яго, галоўным чынам за кошт накладкі.
Гэта выдатна глядзіцца на жанчынах з вузенькімі плечыкамі і... мужчынах-хакеістах. Але ёсць такая заканамернасць: чым шырэйшыя плечы, тым вузейшай падаецца талія, як і ў выпадку з модным рукавом “ліхтарык”.
Шырокія плечы некалькі разоў станавіліся эстэтычным ідэалам у розныя дзесяцігоддзі, напрыклад, у васьмідзесятыя. Аднак, калі шчыра, мала каму падабаюцца “плыўчыхі”, як адзываюцца пра шыракаплечых лэдзі нявыхаваныя мэны. Каб не даваць ім падстаў, паспрабуем звузіць гэтую лінію. Прапаноўваем два модныя варыянты: доўгія пацеркі і V-падобную гарлавіну. У першым выпадку кантрастныя з кашуляй пацеркі да таліі пераключаюць увагу з гарызанталі — шырыні плеч — на вертыкаль: доўгі аксесуар. А з выратавальнай гарлавінай у выглядзе літары V трэба быць уважлівай: маленькі градус вугла зробіць плечы шырэйшымі, а вялікі — вузейшымі, чым ёсць на справе. І будзьце ўважлівыя з гарлавінай — яна падкрэслівае форму твару: вузкая V-падобная падкрэсліць трохвугольны твар, гарлавіна “карэ” — масіўны квадратны падбародак.
Пяройдземда вертыкалі— доўгіх ног і звернемся да таго, што
 /i/content/pi/cult/138/844/Moda2.jpg
прапануюць нам сённяшнія дызайнеры: батфортаў, завышанай лініі таліі штаноў і спадніц, аднатонных з абуткам калгот і абавязковага абцаса. Калі гэтым правільна скарыстацца, яны “дамалююць” некалькі сантыметраў вертыкалі. Для гэтага батфорты, напрыклад, павінны быць альбо такімі доўгімі, каб даходзіць да міні-спадніцы, альбо сама спадніца, паліто ці кардыган мусяць сваёй даўжынёй дакранацца да верху ботаў. А інакш ногі візуальна толькі “раздробяцца”.
Кароткім нагам строга забараняюцца бермуды ці капры, аднак, калі вельмі хочацца, “дамалюем” адабраную штанамі даўжыню ног абуткам на высокім абцасы і калготамі ў тон. Абутак і калготы колер-у-колер — сёння не толькі гарманічныя, але і модныя рэчы. Выпадкова скараціць ногі можа і спадніца: калі яе даўжыня роўная з кашуляй, бо верхняе візуальна выглядае большым, чым таго ж памеру, але размешчанае ніжэй. У гэтым святле завышаная талія спадніц ды штаноў — сапраўдны падарунак дызайнераў мініяцюрным жанчынам: чым вышэй талія, тым даўжэй ногі. А калі яшчэ ўзяць даўжыню мідзі і апрануць кароткі жакет балеро!..

Аб’ёмныя кампазіцыі

Ну, пасля таго, як мы паспрабавалі сябе ў графіцы, цяпер самы час уявіць сябе скульптарамі і — папрацаваць з аб’ёмамі. Як правіла, у жанчын ёсць два праблемныя аб’ёмы, якія хочацца каму павялічыць, а каму зменшыць: першы — той, што вышэй таліі, другі — што ніжэй спіны. Паспрабуем вылепіць ілюзію таго аб’ёму, які нам падаецца найбольш эстэтычным.
Спачатку возьмемся за верхні аб’ём. Ці ён занадта вялікі, ці занадта маленькі — у абодвух выпадках выратоўвае доўгая і модная сёння магнетычная V-падобная гарлавіна. Нейкім чароўным чынам мініяцюрнае яна далікатна робіць больш рэльефным, а занадта аб’ёмнае — акуратным і вабным. Візуальна павялічваюць гэты аб’ём і валаны на кашулі, што ідуць каскадам драпіроўкі зверху ўніз і абавязкова павінны знікаць на таліі пад гарсэтам, шырокім рэменем ці завышанай спадніцай. Такі спосаб візуальнай карэкцыі выкарыстоўвалі модніцы напрыканцы ХІХ стагоддзя, як і на яго пачатку — падкрэсленай лініяй ампір і дэкальтэ, што таксама стварала ілюзіі велічыні.
Цяпер — апусцім вочы на другі аб’ём. Ніколі не задумваліся, навошта ў штанах, джынсах праектуецца какетка, заніжаная лінія таліі, або чаму заднія накладныя кішэні бываюць размешчаны ніжэй звычайнага? Гэта не толькі дызайнерскія “фішкі” і канструктарскія знаходкі, гэта — яшчэ адна спроба зрабіць аб’ёмы больш кампактнымі і стройна-акруглымі. Іншая справа, што такія прыёмы ідуць не на карысць даўжыні ног, таму штаны з заніжанай таліяй, нізкімі кішэнямі заўсёды дзеля гармоніі прапорцый патрабуюць высокага абцаса. З мэтай павялічыць ніжні аб’ём мужчыны-дызайнеры некалькі дзесяцігоддзяў таму прыдумалі для жанчын актуальныя і сёння спадніцы-цюльпаны і спадніцы-балоны, а для яго памяншэння — модную не адзін сезон вялізную аб’ёмную сумку. Усё, што знаходзіцца побач з ёй, падаецца паменшаным, і наадварот.
Гэта, канешне, не ўсе прыклады ілюзій, якімі забяспечыла нас, наваяўленых графікаў і скульптараў, мода, аднак усё, што можа змясціцца на адной паласе. У заключэнне хочацца нагадаць два падыходы да мадэлявання сваёй фігуры: ад рускіх і ад французаў. Першыя схільныя хаваць свае недахопы, а другія — падкрэсліваць прывабныя месцы. Мы ж, беларусы, знаходзячыся на памежжы культур, можам смела спалучаць два метады, каб, гледзячыся ў люстэрка, бачыць там мастацкі твор. 

Святлана КАСЯЧЭНКА