КУЛЬТУРА-2013: КАНКРЭТНЫЯ ПАДЫХОДЫ

№ 7 (1081) 16.02.2013 - 23.02.2013 г

Даклад міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова на выніковай калегіі Міністэрства культур

Паважаныя калегі! Шаноўныя госці!

Дазвольце вас сардэчна прывітаць на нашым прадстаўнічым сходзе з нагоды падвядзення вынікаў дзейнасці сферы культуры ў 2012 годзе і неабходнасці акрэсліць канкрэтныя падыходы да развіцця культуры Беларусі ў 2013 годзе.

Спачатку хацеў бы засяродзіць вашу ўвагу на тых "трох кітах", на якіх грунтуецца дзейнасць любой, у тым ліку і нашай, галіны. Гэта фінансава-эканамічнае становішча, матэрыяльна-тэхнічная база і кадравае забеспячэнне.

/i/content/pi/cult/412/8439/2-1.jpeg

САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ ГАЛІНЫ

Як і ў мінулыя гады, бюджэт у 2012-м з’яўляўся значнай і стабільнай крыніцай фінансавання культуры.

У 2012 годзе аб’ём бюджэтных сродкаў на ўтрыманне і развіццё сферы культуры (без уліку сродкаў на капітальнае будаўніцтва) склаў, паводле папярэдніх даных, 0,58% ад валавога ўнутранага прадукту (2011-ы — 0,50%). На 2013 год прадугледжаны бюджэтныя сродкі на культуру ў памеры 0,59% ад запланаванага валавога ўнутранага прадукту.

Фінансава-эканамічная выснова нашай дзейнасці — гэта Дзяржаўная праграма "Культура Беларусі" на 2011 — 2015 гады, на рэалізацыю якой у 2012-м былі прадугледжаны сродкі ў аб’ёме 254,9 млрд. рублёў. На фінансаванне названай праграмы ў 2013 годзе прадугледжаны сродкі ў аб’ёме 399,5 млрд. рублёў, што на 57% больш, у параўнанні з 2012-м.

На працягу 2012 года Міністэрствам культуры праводзілася работа па забеспячэнні выканання ў поўным аб’ёме паказчыкаў, якія вызначаны названай праграмай, у тым ліку па павелічэнні дзяржаўнымі арганізацыямі культуры пазабюджэтных (уласных) даходаў. Па выніках работы за 2012 год пазабюджэтныя паступленні дзяржаўных арганізацый сістэмы Міністэрства культуры склалі 556,2 млрд. рублёў, што на 85% больш у параўнанні з 2011 годам пры плане 5%. У 2013-м плануецца рост пазабюджэтных сродкаў не менш за 5%, у параўнанні з папярэднім годам, што складзе каля 585 млрд. рублёў.

Сума спонсарскай дапамогі, атрыманая арганізацыямі сістэмы Міністэрства культуры, вырасла за 2012 год, у параўнанні з 2011-м, у 1,6 раза.

У бягучым годзе нам неабходна прадоўжыць сістэмную работу, накіраваную на прыцягненне спонсарскай дапамогі ў сферу культуры.

У 2012 годзе выдаткі на культуру ў адпаведнасці з планамі бюджэтнага фінансавання і прагнознымі аб’ёмамі платных паслуг у культуры з разліку на аднаго жыхара ў сярэднім па рэспубліцы склалі 3,7 базавай велічыні, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту — 3,2 базавай велічыні, платных паслуг — 0,5 базавай велічыні.

За 2012 год выручка ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг) па нашых 9 камерцыйных прадпрыемствах у цэлым склала 175,6 млрд. рублёў пры плане 143,7 млрд. рублёў. Рэнтабельнасць продажаў дасягнула 14% пры плане 9,8%. Камерцыйнымі прадпрыемствамі атрыманы чысты прыбытак у памеры 21,5 млрд. рублёў. Стратных прадпрыемстваў у нашай галіне ў 2012 годзе не было.

Але, у той жа час, не выканалі мэтавыя паказчыкі бізнес-планаў развіцця 2 камерцыйныя прадпрыемствы: "Віцебск-Белпрамкультура" і "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм". Звяртаю вашу увагу на недапушчальнасць такіх "вынікаў" у 2013 годзе.

Вельмі важным паказчыкам сацыяльна-эканамічнага развіцця галіны з’яўляецца станоўчае сальда па знешнім гандлі і паслугах культуры.

Так, у 2012 годзе, у параўнанні з 2011-м, па арганізацыях Міністэрства культуры чакаецца тэмп росту экспарту паслуг на ўзроўні 133,4%, імпарту паслуг — на ўзроўні 129,5%. Найбольшы аб’ём экспарту паслуг аказваецца Нацыянальнай кінастудыяй "Беларусьфільм" і ўстановамі адукацыі. Найбольшы аб’ём імпарту паслуг прыйшоўся на тэатральна-відовішчныя арганізацыі і Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Сальда па знешнім гандлі паслугамі за 2012 год прагназуецца ў суме 2 308 тыс. дол. ЗША і павялічылася, у параўнанні з 2011-м, на 632,4 тыс. дол. ЗША.

На 2013 год пастаўлена задача павелічэння экспарту паслуг у памеры не менш чым на 9%, у параўнанні з мінулым годам, у тым ліку Нацыянальнай кінастудыяй "Беларусьфільм" — не менш чым на 15%, іншых арганізацый культуры, падпарадкаваных Міністэрству культуры, — не менш чым на 5%, устаноў адукацыі ў сферы культуры — не менш чым на 4%. Гэта дазволіць забяспечыць станоўчае сальда.

Падкрэсліваю таксама, што ў сувязі з даручэннем Кіраўніка дзяржавы ў 2013 годзе Міністэрству культуры сумесна з падпарадкаванымі арганізацыямі неабходна забяспечыць далейшую аптымізацыю выдаткаў сродкаў рэспубліканскага бюджэту на рэстаўрацыю і рэканструкцыю гісторыка-культурных каштоўнасцей, правядзенне культурных мерапрыемстваў, а таксама павелічэнне аб’ёмаў пазабюжетных сродкаў, што накіроўваюцца на названыя мэты.

А ў цэлым сацыяльна-эканамічныя паказчыкі дзейнасці арганізацый сістэмы Міністэрства культуры сістэматызаваны і зацверджаны Планам развіцця культурнай дзейнасці на 2013 год, на няўхільнае выкананне якога я звяртаю вашу ўвагу.

І напрыканцы разгляду пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця галіны адзначу, што сярэдняя заработная плата работнікаў культуры за студзень — снежань 2012 г. склала 2514,7 тыс. рублёў.

Аналіз стану аплаты працы паказвае, што ўзровень сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў культуры да сярэдняй заработнай платы па рэспубліцы складае 67%. Выклікае заклапочанасць наяўнасць тэндэнцыі зніжэння на працягу апошніх гадоў працэнту сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў культуры ў адносінах да сярэднямесячнай заработнай платы па рэспубліцы.

Намі робяцца пэўныя захады па выпраўленні гэтай сітуацыі. У адпаведнасці з даручэннем Кіраўніка дзяржавы ўжо сёння распрацоўваецца праект Указа, што датычыцца павышэння аплаты працы супрацоўнікаў музеяў, тэатральна-відовішчных арганізацый і прафесійных калектываў мастацкай творчасці, якім прысвоены статус "нацыянальны".

Але ў сітуацыі, што склалася, неабходна накіраваць намаганні саміх арганізацый культуры на павелічэнне пазабюджэтных сродкаў з мэтай іх накіравання на стымулюючыя выплаты работнікам.

МАТЭРЫЯЛЬНА-ТЭХНІЧНАЯ БАЗА

Па-ранейшаму адной з актуальных задач у 2012 годзе з’яўлялася паступовае ўмацаванне і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры.

У Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2012 год было ўключана 15 аб’ектаў устаноў культуры з аб’ёмам фінансавання ў памеры 430 859,943 млн. руб. У параўнанні з 2011 годам, аб’ём інвестыцый узрос на 227%.

Вытворчасць работ ажыццяўлялася на 11 аб’ектах культуры, на 4 аб’ектах культуры выконваліся работы по распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі. Працэнт асваення выдзеленых сродкаў склаў 92%.

Прычына — у недасканалай дзейнасці заказчыка — "Аб’яднанай дырэкцыі будуючыхся аб’ектаў".

Я лічу, што менавіта з яе боку адсутнічаў дзейсны кантроль за выкананнем дагавораў з будаўнічымі і праектнымі арганізацыямі, з пастаўшчыкамі абсталявання; тэндары праводзіліся запознена, па некалькі разоў, якасць іх правядзення была нізкая; неэфектыўна і марудна ішла праца пусканаладачных арганізацый.

На мой погляд, надышоў час змяніць кіраўніцтва "Аб’яднанай дырэкцыі будуючыхся аб’ектаў" і навесці адпаведны парадак у яе дзейнасці.

У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 мая 2010 г. № 797, у 2012 годзе ажыццяўлялася работа па рэканструкцыі і тэхнічным пераабсталяванні дзяржаўных тэатраў Рэспублікі Беларусь. Выдзеленыя сродкі на 2012 год асвоены ў поўным аб’ёме. Канчаткова ўсе работы неабходна завяршыць у 2013-м.

У сувязі з недахопам фінансавання выклікае занепакоенасць завяршэнне работ на аб’ектах у адпаведнасці з Праграмай рэканструкцыі і тэхнічнага пераабсталявання тэатраў Рэспублікі Беларусь.

Таму, упраўленням культуры Брэсцкага аблвыканкама і Мінскага гарвыканкама неабходна ў бліжэйшы час забяспечыць аб’екты адпаведнымі сродкамі з мэтай выканання Праграмы ў 2013 годзе ў поўным аб’ёме.

У 2012 годзе працягвалася праца па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый культуры. У адпаведнасці з выдаткаванымі сродкамі былі закуплены музычныя інструменты, кінатэхналагічнае абсталяванне, гукаўзмацняльная і асвятляльная апаратура на агульную суму 20,4 млрд. рублёў. У параўнанні з мінулым годам, аб’ём сродкаў, выдзеленых на набыццё тэхнічнага абсталявання і музычных інструментаў, узрос больш чым у 3 разы.

Як і раней, Міністэрства культуры надавала вялікую ўвагу пытанням энергазберажэння.

Выкананне мэтавага паказчыка па энергазберажэнні арганізацыямі, падпарадкаванымі Міністэрству культуры, за перыяд студзень — снежань 2012 г., з улікам укаранёных энергазберагальных мерапрыемстваў, запланаваных у адпаведнасці з Праграмай па энергазберажэнні, склала мінус 3%, што адпавядае ўстаноўленаму заданню на 2012 год.

Эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў у галіне за студзень — снежань 2012 года ад праведзеных энергазберагальных мерапрыемстваў у рамках выканання Рэспубліканскай праграмы энергазберажэння склала 1 604 тоны ўмоўнага паліва, у тым ліку па ўстановах культуры рэспубліканскай уласнасці 303 тоны ўмоўнага паліва.

Разам з тым, асобнымі ўстановамі рэспубліканскага падпарадкавання такімі, як "Беларускі відэацэнтр", "Інстытут культуры Беларусі", перыядычна не выконваўся паказчык па энергазберажэнні, не прадстаўляліся своечасова справаздачы, неабгрунтавана дапускалася перавыдаткаванне паліўна-энергетычных рэсурсаў.

У 2013 годзе арганізацыям культуры неабходна прыняць дадатковыя меры па выкананні паказчыка па энергазберажэнні з улікам новых патрабаванняў.

У мінулым годзе Міністэрствам культуры была праведзена значная работа ў частцы пытанняў аховы працы і пажарнай бяспекі.

Аднак у 2012 годзе ў падначаленых арганізацыях адбыліся 4 няшчасныя выпадкі, з іх 2 — з цяжкім зыходам.

Асноўнымі прычынамі вытворчага траўматызму па-ранейшаму з’яўляюцца: парушэнне пацярпелымі працоўнай і вытворчай дысцыпліны, інструкцый па ахове працы; невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы; асабістая неасцярожнасць пацярпелага.

У 2013-м арганізацыям культуры неабходна забяспечыць безумоўнае выкананне патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 ад 11 сакавіка 2004 г.

ЗАКАНАДАЎСТВА

Шматлікія пытанні фінансава-эканамічнага характару, праблемы развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы не маглі быць вырашаны без пастаяннай заканатворчай работы ў галіне культуры.

У 2012 годзе працягвалася мэтанакіраваная работа па ўдасканальванні заканадаўства ў нашай сферы шляхам унясення змяненняў і дапаўненняў у законы Рэспублікі Беларусь, прынятыя раней.

Так, змяненні ў Закон Рэспублікі Беларусь "Аб кінематаграфіі ў Рэспубліцы Беларусь" былі накіраваны на стварэнне ўмоў для прыцягнення сродкаў юрыдычных і фізічных асоб для фінансавання кінематаграфіі, на фарміраванне і развіццё канкурэнтнага асяроддзя ў галіне кінавытворчасці.

Гэтым жа мэтам служылі зацверджаныя пастановамі Савета Міністраў Палажэнне аб Адкрытым рэспубліканскім конкурсе кінапраектаў на вытворчасць нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў, Палажэнне аб парадку выдачы крэдытаў на вытворчасць нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў, а таксама Інструкцыя аб парадку пакрыцця прадзюсарскіх рызык, зацверджаная пастановай Міністэрства культуры.

Унесеныя змяненні ў Закон Рэспублікі Беларусь "Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь" вызначылі органы, правамоцныя прысвойваць званні, статусы ў сферы культуры, акрэслілі асаблівасці прававога становішча і парадку дзейнасці тэатраў, цыркаў, канцэртных арганізацый, арганізацый культуры змяшанага тыпу, далі магчымасць ствараць у арганізацыях культуры апякунскія саветы, а ў тэатрах, цырках, канцэртных арганізацыях па рашэнні самой арганізацыі — мастацкія саветы.

Прынятыя змяненні ў Закон Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" паспрыялі павышэнню эфектыўнасці аховы гісторыка-культурнай спадчыны, спрасцілі шэраг працэдур, удасканалілі парадак аховы археалагічных аб’ектаў і нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, імплементавалі ў нацыянальнае заканадаўства некаторыя палажэнні міжнародных дагавораў.

Яшчэ адно важнае дасягненне ў нашым заканадаўстве — прыняцце Палажэння аб правядзенні рэспубліканскай акцыі "Мецэнат культуры Беларусі", што дазволіла закласці аснову для адраджэння і развіцця ў Рэспубліцы Беларусь традыцый мецэнацтва.

Быў распрацаваны таксама праект Закону Рэспублікі Беларусь "Аб унясенні змяненняў і дапаўнення ў Закон Рэспублікі Беларусь "Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь". Прапанаваны законапраект прыняты ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь без заўваг у першым чытанні.

Работа над заканадаўствам у галіне культуры ў мінулым годзе набывала ўсё больш сістэмны характар дзякуючы распрацоўцы праекта Кодэкса аб культуры, канцэпцыя якога была адобрана Кіраўніком нашай краіны.

Стварыць Кодэкс, які сістэматызаваў бы заканадаўства ў сферы культуры і мастацтва, спрашчаў яго прымяненне, — гэта задача на бягучы і бліжэйшыя гады.

КАДРЫ

Стратэгія развіцця краіны дыктавала ў мінулым годзе неабходнасць актыўнай кадравай палітыкі, пастаяннага ўдасканалення гэтай працы, падрыхтоўкі якаснага рэзерву для прызначэння на кіруючыя пасады, арганізацыі зладжанай сістэмы навучання, павышэння кваліфікацыі кадраў.

У сістэме Міністэрства культуры на канец 2012 года працавала 49,5 тыс. чалавек (без рабочых прафесій).

Большасць з іх (88,7%) складалі спецыялісты з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, у тым ліку вышэйшую адукацыю мелі 43,6%, сярэднюю спецыяльную — 45,1% працуючых. У параўнанні з 2011 годам колькасць спецыялістаў у галіне павялічылася на 0,5%, у тым ліку з вышэйшай адукацыяй — на 0,7%.

Найлепшы паказчык укамплектаванасці спецыялістамі з адукацыяй мелі установы культуры і мастацтва г. Мінска (95%) і Гродзенскай вобласці (92%).

У мінулым годзе актывізавалася праца па арганізацыі стажыровак за мяжой работнікаў сферы культуры. За мінулы год прайшлі стажыроўку 23 чалавекі ў вядучых установах вышэйшай адукацыі і тэатрах Расіі, Германіі, Кітая, Польшчы ды іншых краінах.

За 2012 год 12 чалавек прайшлі павышэнне кваліфікацыі ў Інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

У мінулым годзе 59 работнікаў сферы культуры былі ўганараваны дзяржаўнымі ўзнагародамі. Сярод іх 44 чалавекі — адзначаны ордэнамі і медалямі (35 — медалём Францыска Скарыны, 4 — ордэнам Францыска Скарыны, 5 — медалём "За працоўныя заслугі") і 15 прысвоены ганаровыя званні ("Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь" — 6 чал., "Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь" — 1 чал., "Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь" — 3 чал., "Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь" — 1 чал., "Народны артыст Беларусі" — 3 чал., "Народны мастак Беларусі" — 1 чал.).

АДУКАЦЫЯ

Пазітыўныя з’явы адбываліся ў сферы мастацкай адукацыі.

Паспяхова прайшлі працэдуру акрэдытацыі Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж, Мінскі і Лідскі дзяржаўныя музычныя каледжы.

У адпаведнасці з заданнямі Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2011 — 2015 гады праводзілася работа па пераўтварэнні аднапрофільных школ у шматпрофільныя школы мастацтваў. Іх колькасць павялічылася да 374 адзінак (плюс 57 за 2012 г.). Агульны кантынгент вучняў школ мастацтваў павялічыўся са 107 тыс. у 2011 г. да 109 тыс. дзяцей у 2012 г. Арганізавана прайшла прыёмная кампанія ў навучальныя ўстановы.

Разам з тым, неабходна адзначыць, што за апошнія два гады ніводная ўстанова вышэйшай адукацыі ў сферы культуры не выканала планавых заданняў прыёму. У 2012-м фактычная рэалізацыя плана прыёму склала 96%. Такія вынікі работы сведчаць пра недахопы ў арганізацыі прафарыентацыйнай дзейнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі.

У 2012 годзе ажыццяўлялася таксама работа па арганізацыі дадатковай адукацыі дарослых.

Значнае месца ў рабоце з творча адоранай моладдзю займала дзейнасць спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Узнагародамі і заахвочваннямі фонду ў 2012 г. былі адзначаны 254 прадстаўнікі моладзі і 15 калектываў мастацкай творчасці. На гэтыя мэты, а таксама на падтрымку творчых праектаў было выкарыстана 1,4 млрд. рублёў.

У 2012 г. за кошт сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва былі прафінансаваны 13 творчых і адукацыйных праектаў на агульную суму 996,5 млн. рублёў.

Лепшыя прадстаўнікі ўстаноў адукацыі сферы культуры з поспехам удзельнічалі ў міжнародных конкурсах, якія праводзіліся за межамі рэспублікі.

Сведчаннем нязменна вялікай увагі дзяржавы да пытанняў фарміравання ў беларускім грамадстве высокай духоўнасці, захавання і прымнажэння нацыянальнай культурнай спадчыны, развіцця беларускай культуры і мастацтва, падтрымкі кадраў культуры стала прысуджэнне ў 2012 г. спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва і прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне". Сярод уладальнікаў высокіх узнагарод — 2 прадстаўнікі сферы культуры і 8 калектываў устаноў культуры.

НАВУКА

Шырокая тэматыка навуковых даследаванняў па актуальных пытаннях развіцця культуры была прадстаўлена ў раздзеле "Удасканальванне навуковага забеспячэння ў сферы культуры" Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2011 — 2015 гады.

Па-ранейшаму злабадзённымі засталіся пытанні пераадолення тэндэнцый дубліравання навуковых заданняў і мерапрыемстваў, актуальнасці і практыкаарыентаванасці навуковых даследаванняў. Гэтыя праблемы нам неабходна будзе вырашыць у 2013 годзе.

А зараз я хацеў звярнуцца да спецыфічных форм дзейнасці, уласцівых галіне культуры, і пачну з разгляду дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

АХОВА ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНЫ

Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь налічвае 5 555 каштоўнасцей з улікам уключэння ў 2012 годзе 131 аб’екта.

У 2012 годзе за кошт сродкаў Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы праводзіліся на 13 аб’ектах спадчыны ў аб’ёме 389,5 млрд. рублёў.

У адпаведнасці з мерапрыемствамі Дзяржаўнай праграмы "Замкі Беларусі" ў 2012 годзе праводзіліся работы на 19 аб’ектах. З іх на 17 — за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, на 2 аб’ектах — за кошт пазабюджэтных крыніц. З рэспубліканскага бюджэту было выдзелена 2,7 млрд. рублёў на фінансаванне рэстаўрацыі замкаў у г. Навагрудку, г. Лідзе, в. Крэва Смаргонскага раёна, в. Гальшаны Ашмянскага раёна.

Колькасць зваротаў аб узгадненні навукова-праектнай дакументацыі ў 2012 годзе павялічалася на 28%, на атрыманне дазволаў на выкананне работ — на 5%.

Разам з тым, у рэгіёнах ахоўныя дошкі ўстаноўлены толькі на 76% гісторыка-культурных каштоўнасцей, пашпарты падрыхтаваны для 73% каштоўнасцей, праекты зон аховы распрацаваны для 10% нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей. Дадзенае становішча патрабуе неадкладнай арганізацыі мерапрыемстваў па прыцягненні ўласнікаў да выканання патрабаванняў заканадаўства.

З улікам выяўленых правапарушэнняў складзены акты, якія накіраваны на адрас уласнікаў і мясцовых выканаўчых ды распарадчых органаў для кантролю за выпраўленнем недахопаў. Па фактах правядзення работ без дазволу выдадзены 18 прадпісанняў Міністэрства культуры.

У 2013 годзе нам неабходна распрацаваць і зацвердзіць графік выканання работ на аб’ектах Дзяржпраграмы "Замкі Беларусі"; забяспечыць выкананне рэстаўрацыйных работ на Будслаўскім касцёле; распрацаваць канцэпцыю Праграмы захавання гісторыка-культурнай спадчыны і развіцця традыцыйнай культуры ў Мсціслаўскай і Навагрудскай рэкрэацыйных зонах.

НАРОДНАЯ ТВОРЧАСЦЬ

Народная творчасць — гэта найважнейшы пласт нацыянальнай культуры, без якога немагчыма развіццё прафесійнага мастацтва.

Стабільнасць развіцця народнай творчасці ў краіне замацавана дзейнасцю клубных фарміраванняў. Гэта аматарскія і фальклорныя калектывы мастацкай творчасці, студыі, гурткі, аб’яднанні, клубы па інтарэсах. У 2012 годзе колькасць клубных фарміраванняў павялічылася, у параўнанні з 2010-м, амаль на 300 і склала на пачатак 2013 года 26 422 адзінкі, якія аб’ядналі больш за 292 184 удзельнікі.

Каля 69% усіх клубных фарміраванняў адносяцца да аматарскіх калектываў мастацкай творчасці. На працягу 2012 года з іх удзелам было праведзена больш за 72 тысячы канцэртаў і спектакляў, звыш 25 тысяч тэатралізаваных святаў і абрадаў, больш чым 23 тысячы выставак твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, народных рамёстваў і промыслаў.

Мінулы год быў адметны паступовай працай у рэгіёнах па захаванні традыцыйнай мастацкай культуры.

Новыя захады з’явіліся ў рабоце па адраджэнні, развіцці і папулярызацыі народных мастацкіх промыслаў ды рамёстваў.

Знакавай падзеяй стала распрацоўка і прыняцце Дзяржаўнай праграмы адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі "Слуцкія паясы" на 2012 — 2015 гады, якая ўяўляе з сябе комплексную сістэму мер па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у сферы захавання традыцый і развіцця нацыянальнага мастацтва, народных мастацкіх промыслаў у Рэспубліцы Беларусь.

Прыспеў час больш актыўна весці работу па выкананні гэтай праграмы.

Фестывалі па-ранейшаму заставаліся дзейснай формай падтрымкі традыцыйнай мастацкай культуры.

Знакавымі ў 2012 годзе сталі: "Вясновы букет", "Звіняць цымбалы і гармонік", "Залатая пчолка", "Берагіня", "Аўцюкі", "Халі-Хало", "Кліч Палесся".

Метадычныя цэнтры застаюцца дзейснымі каардынатарамі культурнага развіцця рэгіёнаў краіны, забяспечваюць трывалую падтрымку народнай творчасці і культурна-творчых ініцыятыў насельніцтва.

Больш пільнай увагі да работы метадычных цэнтраў неабходна надаць з боку Інстытута культуры Беларусі, які, дарэчы, да гэтага часу яшчэ не вызначыўся са сваімі функцыямі і ўвогуле са сваім статусам.

Адным з важнейшых накірункаў у дзейнасці Міністэрства культуры з’яўляецца развіццё культуры ў сельскай мясцовасці.

У 2011 годзе пачалася рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця сяла на 2011 — 2015 гады, якая мае генетычную сувязь з папярэдняй дзяржаўнай праграмай. Дадзены падыход павінен забяспечыць працяг ажыццяўлення выбранай лініі развіцця культуры ў сельскай мясцовасці.

У галіне культуры працягваецца працэс аптымізацыі; пачалося стварэнне арганізацый культуры змяшанага тыпу. Дадзеная работа патрабуе ўдумлівага падыходу, скрупулёзнага аналізу і перспектыўнага мыслення.

БІБЛІЯТЭЧНАЯ СПРАВА

2012 год, як вядома, быў аб’яўлены Годам кнігі.

Падаецца вельмі сімвалічным, што правядзенне Года кнігі ў нашай краіне супала з іншымі знакавымі культурнымі падзеямі.

Так, сваё 90-годдзе адзначыла галоўная бібліятэка краіны — Нацыянальная бібліятэка Беларусі. У рамках яе юбілею быў арганізаваны Міжнародны кангрэс "Нацыянальная бібліятэка як феномен культуры".

На высокім арганізацыйна-творчым узроўні адбылося святкаванне 130-годдзя з дня нараджэння славутых беларускіх Песняроў — Янкі Купалы і Якуба Коласа.

На высокім узроўні прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння Максіма Танка.

Заканамерна, што ў мінулы Год кнігі асаблівая ўвага з боку дзяржавы была скіравана на камплектаванне фондаў бібліятэк.

Мясцовым органам улады па-ранейшаму неабходна забяспечваць выкананне вызначанага Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь нарматыву аб вылучэнні на камплектаванне фондаў бібліятэк не менш 15% сродкаў ад сумы бюджэтнага фінансавання, якая выдаткоўваецца на ўтрыманне названых устаноў. Па выніках 2012 года ў цэлым па рэспубліцы нарматыў выкананы (16%).

На жаль, не выконваецца ў поўным аб’ёме такі паказчык, як абнаўленне фондаў бібліятэк (на 5% у год). У выніку бібліятэчныя фонды па-ранейшаму ўтрымліваюць шмат састарэлай і незапатрабаванай чытачамі літаратуры. Таму ў бліжэйшай перспектыве неабходна правесці планавую работу па абнаўленні фондаў бібліятэк.

Актуальнай застаецца стварэнне Нацыянальнай электроннай бібліятэкі Беларусі. У 2012 годзе пасля доўгіх абмеркаванняў былі вызначаны стратэгічныя шляхі па вырашэнні гэтай задачы. Прыспеў час перайсці ад слоў да спраў і рэалізаваць дадзены План.

Гаворачы аб падзеях, што адбыліся ў 2012 годзе ў галіне бібліятэчнай справы, нельга не адзначыць эксперымент па інтэграцыі ў сельскіх населеных пунктах публічных і школьных бібліятэк, які праводзіўся згодна з даручэннем Урада.

Эканомія бюджэтных сродкаў ад правядзення поўнага ці частковага аб’яднання бібліятэк рознай ведамаснай прынадлежнасці склала каля 1,3 млрд. бел. рублёў, што пацвярджае эфектыўнасць праведзенай працы.

У той жа час, неабходна адзначыць, што ўвогуле ў 2012 г. сетка публічных бібліятэк Міністэрства культуры скарацілася амаль на 130 адзінак.

МУЗЕЙНАЯ СПРАВА

2012 год таксама можна лічыць і Годам музеяў у нашай краіне.

Сёння дзяржавай створаны неабходныя ўмовы для развіцця і дзейнасці дзяржаўных музеяў. Вялікую ўвагу музеям краіны надае асабіста Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка.

У адпаведнасці з яго даручэннямі ў 2012 годзе быў адкрыты першы на прасторах блізкага і далёкага замежжа, унікальны Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

Пад пільнай увагай Прэзідэнта знаходзіцца і стварэнне новай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

У 2012 годзе дзейнасць дзяржаўных музеяў краіны была накіравана на выкананне мерапрыемстваў і паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2011 — 2015 гады.

Стабільна і ўпэўнена працаваў Нацыянальны мастацкі музей.

У цэлым музеямі па рэспубліцы выкананы ўсе паказчыкі. У 2012 годзе Музейны фонд Рэспублікі Беларусь павялічыўся на 54 716 музейных прадметаў. У параўнанні з 2010-м, аб’ём Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь павялічыўся на 1,95%. Колькасць наведванняў музеяў у 2012 годзе Рэспублікі Беларусь склала 4 956,2. У параўнанні з 2010 годам, гэты паказчык павялічыўся на 24%.

Асобна неабходна адзначыць дзейнасць Міністэрства культуры і дзяржаўных музеяў па прыцягненні спонсарскіх сродкаў.

Так, буйныя міжнародныя выставачныя праекты — выстаўка "Каралеўскія скарбы: еўрапейскія шэдэўры са збору Лонданскага музея Вікторыі і Альберта", "Марк Шагал: жыццё і каханне" — упершыню экспанаваліся ў нашай краіне з дапамогай буйных прамысловых прадпрыемстваў, прадстаўнікоў бізнесу. "Белгазпрамбанк" сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем пры падтрымцы Міністэрства культуры прафінансавалі буйны праект "Мастакі Парыжскай школы".

У бягучым годзе нам неабходна раскрыць у поўнай ступені вялікі патэнцыял такіх брэндавых для краіны музейных комплексаў, як Нясвіж і Мір.

ПРАФЕСІЙНАЕ МАСТАЦТВА

Беларусь па праве ганарыцца сваімі дасягненнямі ў прафесійным мастацтве. Не стаў выключэннем і 2012 год, які прынёс пэўныя поспехі ў розных відах мастацтва.

Тэатральнае мастацтва

Мінулы год стаў плённай старонкай творчай дзейнасці дзяржаўных тэатраў, якія дасягнулі станоўчых вынікаў, ажыццявілі новыя пастаноўкі спектакляў і абнавілі раней пастаўленыя, прынялі ўдзел у міжнародных ды рэспубліканскіх фестывалях, правялі гастролі па Беларусі і за мяжой.

Шэраг тэатральных калектываў у 2012 годзе ажыццяўляў сваю творчую і вытворчую дзейнасць у складаных умовах рэканструкцыі.

У 2012 годзе ў тэатрах г. Мінска былі ажыццёўлены новыя пастаноўкі спектакляў па дзяржаўным заказе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных дзяржаўнай праграмай "Культура Беларусі" на 2011 — 2015 гады. Амаль усе дадзеныя спектаклі пастаўлены па творах беларускіх класікаў і сучаснікаў.

На пастаноўку новых спектакляў па дзяржаўным заказе ў 2012 годзе Міністэрствам культуры было выдаткавана з рэспубліканскага бюджэту каля 627 млн. беларускіх рублёў.

За 2012 год у дзяржаўных тэатрах Беларусі было пастаўлена 138 новых спектакляў — амаль столькі ж, як і ў 2011-м. Параўнанне паказчыкаў работы за 1-е паўгоддзе 2012 і 2011 гадоў паказвае рост у 2012-м: колькасці спектакляў на 4%; колькасці гледачоў, якія наведалі спектаклі — на 9%, колькасці гледачоў, якія наведалі канцэрты — на 15%.

Міністэрства культуры ў 2013 годзе ставіць перад дзяржаўнымі тэатрамі і канцэртнымі ўстановамі дзве асноўныя маштабныя задачы: першая — значна павысіць творчы ўзровень спектакляў і канцэртаў; другая — павялічыць ўласныя даходы арганізацый. Як бачым, гэтыя задачы цесна звязаны паміж сабой.

Першым крокам па вырашэнні дадзеных задач павінна стаць забеспячэнне росту новых пастановак за межамі нарматыўнага фінансавання, а таксама павелічэнне колькасці гледачоў шляхам выканання планаў па запаўняльнасці глядзельных залаў.

Перш чым перайсці да музычнага і харэаграфічнага мастацтва, колькі слоў асобна скажу пра Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета.

Калектывам тэатра на асноўнай сцэнічнай пляцоўцы, у Камернай зале імя Л.Александроўскай, тэатральных залах і на канцэртных пляцоўках нашай рэспублікі праведзена 304 спектаклі і канцэрты, якія наведалі 254 тыс. чалавек. За гэты год ажыццёўлены пастаноўкі 10 спектакляў.

Тэатрам ажыццёўлены маштабныя культурныя праекты па прапагандзе класічнай музыкі, упершыню праведзены Міжнародны маладзёжны оперны форум краін СНД, Балтыі і Грузіі, III Мінскі міжнародны Калядны оперны форум.

Музычнае і харэаграфічнае мастацтва

Увогуле, сучаснае музычнае мастацтва Беларусі характарызуецца высокім прафесійным узроўнем. На сённяшні дзень канцэртную дзейнасць ажыццяўляюць 16 дзяржаўных канцэртных арганізацый рэспубліканскага і мясцовага падпарадкавання, якія аб’ядноўваюць каля 1 500 чалавек артыстычнага персаналу.

У краіне створаны ўнікальныя кампазітарская і выканальніцкая школы. Кожны год па дзяржаўным заказе набываецца больш за 150 сачыненняў беларускіх кампазітараў розных жанраў, сярод якіх — сімфанічныя і камерна-інструментальныя творы, вакальныя творы на вершы беларускіх аўтараў на роднай мове. На гэтыя мэты ў мінулым годзе было выкарыстана 250 млн. рублёў з рэспубліканскага бюджэту, што на 90 млн. больш, чым у 2011-м.

Асноўнымі накірункамі дзейнасці вядучай канцэртнай арганізацыі Беларускай дзяржаўнай філармоніі, якая святкавала сваё 75-годдзе з дня стварэння, сталі ажыццяўленне мэтавых музычных праграм, прапаганда лепшых узораў класічнага мастацтва і беларускай музыкі, правядзенне значных дзяржаўных культурных акцый у Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі.

Пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на сцэне філармоніі быў праведзены шэраг буйных міжнародных культурных акцый: цыкл канцэртаў "Мінская вясна", ІІ Міжнародны фестываль "Уладзімір Співакоў запрашае", VII Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, Міжнародны музычны форум "Беларусы свету" ў рамках XXVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Беларуская музычная восень".

Стабільна і вынікова працаваў у 2012 годзе вядучы калектыў Беларусі — Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга. Ім быў праведзены ХІІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна", Міжнародны музычны праект "Мінскі джаз", музычныя праекты ў Хойніках, Нясвіжы, Чачэрску, Тураве, Пінску, Мсціславе. Пад час кожнага з мерапрыемстваў выконвалася ад трох да пяці прэм’ерных канцэртных праграм, прысвечаных творчасці беларускіх творцаў ХVІ — ХХ стагоддзяў.

Актыўна і плённа разгортвалася творчая дзейнасць найбуйнейшых творчых калектываў, такіх, як Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Жыновіча, Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча, Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі, Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль "Харошкі", Беларускі дзяржаўны ансамбль "Песняры" і іншыя.

У Рэспубліцы Беларусь склалася і дзейнічае сістэма харэаграфічнага мастацтва, якая з’яўляецца неад’емнай часткай нацыянальнай культуры. У 2012 годзе Міністэрствам культуры была прадоўжана работа па далейшым развіцці і прапагандзе нацыянальнага харэаграфічнага мастацтва. Так, у адпаведнасці з рашэннем калегіі Міністэрства культуры па пытаннях харэаграфічнага мастацтва, якая адбылася ў сакавіку мінулага года, была пашырана геаграфія XXV, юбілейнага, Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі. Упершыню вядомыя харэаграфічныя творы, прэм’ерныя балетныя спектаклі ўбачылі гледачы не толькі ў Віцебску, але і ў Мінску, Гродне, Барысаве, Маладзечне. Была актывізавана работа з маладымі харэографамі.

Эстраднае мастацтва

У мэтах развіцця нацыянальнага эстраднага музычнага мастацтва, стварэння спрыяльяных умоў для творчасці таленавітых выканаўцаў, павышэння прэстыжу беларускiх аўтараў, выканаўцаў і прадстаўнiкоў эстраднага музычнага мастацтва прадоўжыліся новыя творчыя праекты — "Нацыянальная музычная прэмія", "Спяваючыя гарады", "Залатая калекцыя беларускай эстрады", праведзеныя сумесна са "Сталічным тэлебачаннем".

У гэтым годзе неабходна прадоўжыць работу над гэтымі праектамі, але сур’ёзна папрацаваць над змяненнем іх канцэпцыі.

Міністэрствам культуры сумесна з Другім нацыянальным тэлеканалам з 14 лютага па 21 верасня 2012 г. была праведзена Рэспубліканская грамадска-культурная акцыя "Беларусь у маім сэрцы" .

XXI Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ў чарговы раз пацвердзіў, што не саступае стандартам еўрапейскіх мерапрыемстваў. Але ж трэба памятаць: Кіраўнік дзяржавы чакае ад нас новай канцэпцыі фестывалю, што мы і павінны здзейсніць у бягучым годзе.

Увогуле, Прэзідэнтам надаецца вялікая ўвага стварэнню спрыяльных умоў для развіцця айчыннай эстрады.

Выяўленчае і манументальнае мастацтва

У 2012 годзе Міністэрствам культуры мэтанакіравана вялася работа па развіцці выяўленчага мастацтва. Адной з самых важных і актуальных задач у гэтым кірунку з’яўляецца планамерная работа па падтрымцы творчай дзейнасці мастакоў.

На працягу мінулага года Міністэрствам культуры пастаянна вяліся дзяржаўныя закупкі твораў мастакоў для папаўнення фондаў музеяў краіны. У 2012-м міністэрствам было закуплена мастацкіх твораў на суму каля 900 млн. рублёў.

Разам з тым, гэтую работу неабходна больш актывізаваць у абласцях.

Значнай падзеяй мінулага года ў культурным жыцці нашай краіны з’явілася правядзенне выстаўкі сучаснага мастацтва "I Мінскае трыенале сучаснага мастацтва "БелЭКСПА-Арт-2012", якая была арганізавана па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Міністэрствам культуры ў мінулым годзе праводзілася актыўная палітыка ў сферы стварэння твораў манументальнага мастацтва.

Да адкрыцця Дня беларускага пісьменства ў г. Глыбокае Віцебскай вобласці ў 2012 г. за кошт сродкаў Міністэрства культуры былі створаны помнікі-бюсты славутым беларусам — дзеячам навукі культуры і гісторыі.

Таксама Міністэрства культуры будзе ў 2013 годзе працягваць працу над стварэннем помніка беларускаму і рускаму паэту, драматургу, грамадскаму дзеячу і асветніку Сімяону Полацкаму ў Маскве, помніка народнаму артысту СССР, заснавальніку легендарнага вакальна-інструментальнага ансамбля "Песняры" Уладзіміру Мулявіну ў г. Екацярынбургу.

Цыркавое мастацтва

Паспяхова ў мінулым годзе працаваў Гомельскі дзяржаўны цырк. Яго калектыў дасягнуў паспяховых вынікаў па павышэнні творча-мастацкага ўзроўню і высокіх вытворчых паказчыкаў.

Але ж нявырашанным засталося галоўнае пытанне — стварэнне нарматыўнай базы, якая рэгулявала б дзейнасць гэтай мастацкай сферы. І тут Міністэрства культуры павінна ініцыяваць пэўныя захады.

Кінематаграфія

Галоўнай падзеяй 2012 года ў галіне кіно было прыняцце ўсіх неабходных падзаконных актаў, якія вынікаюць з Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 567 "Аб мерах па дзяржаўнай падтрымцы і стымуляванні развіцця кінематаграфіі". Па гэтых пытаннях прыняты тры пастановы Урада і пастанова Міністэрства культуры.

У 2012 годзе Кінастудыяй і Відэацэнтрам створана 7 мастацкіх фільмаў (усяго 31 серыя), 68 дакументальных і 9 анімацыйных.

Беларускія кінематаграфісты ўдзельнічалі ў 57 міжнародных кінафестывалях, нашы фільмы атрымалі 74 узнагароды: у Арменіі, Германіі, Грэцыі, Ізраілі, Індыі, Іспаніі, Італіі, Казахстане, Літве, Расіі, Польшчы, Славакіі, Францыі, Чэхіі, Украіне.

Агульная сума прыцягнутых у фільмавытворчасць пазабюджэтных сродкаў па стане на 20 снежня дасягнула 66,7 млрд. рублёў (74,7% ад агульнага кошту праектаў).

Увогуле ад усіх накірункаў дзейнасці кінастудыяй атрымана у эквіваленце больш за 2,2 млн. долараў ЗША (рост валютных паступленняў у параўнанні з мінулым годам склаў 168%).

Разам з тым, перад кінастудыяй "Беларусьфільм" і сёння ставіцца задача паляпшэння мастацкай і тэхнічнай якасці фільмаў, актуальнасці іх тэматыкі, што павінна ўзмацніць іх канкурэнтаздольнасць. Акупнасць фільмаў кінастудыі дасягнула амаль 30%, аднак гэта не павінна стаць падставай для самазаспакаення. Таму актуальным застаецца пытанне актыўнага прыцягнення ў кінематаграфію пазабюджэтных сродкаў.

Найважнейшай задачай таксама з’яўляецца стваренне нацыянальнага фільма, які павінен стаць яркай падзеяй у кінамастацтве, атрымаць моцнае сацыяльнае гучанне, прыцягнуць увагу масавага глядача.

Што да кінапракату, то кінавідэапракатнымі арганізацыямі рэспублікі ў 2012 годзе абслужана 16 млн. гледачоў, платныя паслугі ад кінавідэапаказаў склалі 132 899,9 млн. рублёў, што на 87,3% больш, чым у 2011-м.

Галоўнай задачай на бліжэйшую перспектыву з’яўляецца мадэрнізацыя кінатэатраў у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі, устаноўка ў іх абсталявання для дэманстрацыі фільмаў у лічбавым фармаце.

МІЖНАРОДНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА

У 2012 годзе Міністэрства культуры па-ранейшаму імкнулася да развіцця і ўмацавання ўзаемакарыснага супрацоўніцтва ў сферы культуры з усімі зацікаўленымі партнёрамі. Найбольш актыўна яно развівалася з краінамі-суседкамі. Праводзіліся абменныя Дні культуры, адбываліся ўдзелы ў разнастайных фестывалях, конкурсах, праходзілі гастрольныя туры. Наладжваліся рэгіянальныя і прыгранічныя сувязі. Пашыралася супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы, СНД і ЕўрАзЭС. Гораду Магілёву быў нададзены не толькі статус Культурнай сталіцы Беларусі, але і статус "Культурная сталіца СНД 2013 года".

На працягу 2012-га Міністэрствам культуры сумесна з замежнымі партнёрамі былі праведзены Дні культуры Беларусі ў Катары, Туркменістане, Санкт-Пецярбургу, Літве, Кітаі, а таксама Дні культуры Катара, Азербайджана, Ізраіля ў Беларусі.

У 2012 годзе Міністэрствам культуры былі падрыхтаваны і падпісаны пяць міжнародных дагавораў, у тым ліку міжурадавая праграма з Катарам, міжведамасныя праграмы і пратаколы супрацоўніцтва з Расіяй, Польшчай, Сербіяй, Кітаем.

У 2012 годзе працягвалася работа па ўмацаванні і пашырэнні культурных кантактаў з суайчыннікамі, якія пражываюць за мяжой, а іх у розных краінах — больш за 2,5 мільёна чалавек. Адбыліся дзелавыя і творчыя сустрэчы кіраўніцтва Міністэрства культуры, мастацкіх калектываў рэспублікі з беларусамі Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Расіі.

Да завяршальнай стадыі падышла работа над Законам "Аб беларусах замежжа"; у Савет Міністраў быў унесены праект Дзяржаўнай праграмы "Беларусы ў свеце", мэтай якога з’яўляецца стварэнне сістэмы дзяржаўнай падтрымкі і развіцця партнёрскага супрацоўніцтва з беларусамі замежжа ў сацыяльна-эканамічнай, інфармацыйнай, адукацыйнай, культурнай ды іншых сферах. У 2013 годзе пры падтрымцы Міністэрства культуры адбудуцца чарговы З’езд беларусаў свету і II Фестываль мастацтваў беларусаў замежжа.

Шаноўныя калегі!

2012 год быў годам, насычаным новымі праектамі і падыходамі, і ўсімі дасягненнямі мы абавязаны вам,
высокапрафесійным спецыялістам сваёй справы — дзеячам тэатральнага, выяўленчага, музычнага і кінамастацтва, канцэртных арганізацый, супрацоўнікам музеяў і бібліятэк, работнікам дамоў культуры, майстрам народнай творчасці, усім тым, хто ад усяго сэрца, шчыра і самаддана, працуе на карысць культуры Беларусі.

Дзякуй вам за вашу творчую працу! Дзякуй за ўвагу!

Фота Юрыя ІВАНОВА