У цэнтры ўвагі пад час пасяджэння — другі год рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2011 — 2015 гг.

№ 7 (1081) 16.02.2013 - 23.02.2013 г

12 лютага ў канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі краіны прайшло пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. На парадак дня было вынесена адзінае пытанне: "Аб выніках работы Міністэрства культуры ў 2012 годзе і задачах на 2013 год". У дакладзе міністра культуры краіны Барыса Святлова быў прыведзены не толькі дэталёвы аналіз зробленага, але і вызначаны кірункі далейшай дзейнасці ў галіне культуры. Упершыню за апошнія гады на падвядзенне леташніх вынікаў працы і абмеркаванне надзённых праблем сабраліся работнікі культуры з усіх раёнаў Беларусі, што, апрача дзелавітасці, дадало мерапрыемству традыцыйнай святочнасці. Сапраўды, не так ужо і часта збіраюцца разам рупліўцы-аднадумцы ад культуры. Таму атмасфера карпаратыўнай еднасці панавала і ў канферэнц-зале, і ў кулуарах калегіі... У выніковай калегіі прынялі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік; намеснік начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення — начальнік упраўлення сацыяльна-культурнай палітыкі галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга; старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Генадзь Пальчык; старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Наталля Аўдзеева. Таксама ўдзел у рабоце калегіі прынялі намеснікі старшынь аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама, што курыруюць сацыяльна-культурную сферу, начальнікі ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, цэнтральны апарат Міністэрства культуры, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў краіны, кіраўнікі арганізацый культуры рэспубліканскага і абласнога падпарадкавання, абласных і гарадскіх выканаўчых камітэтаў прафсаюза работнікаў культуры, абласных кінапракатных арганізацый, аддзелаў культуры рай- і гарвыканкамаў, а таксама — творчых саюзаў і грамадскіх арганізацый, дзеячы культуры і мастацтваў, прадстаўнікі рэспубліканскіх СМІ.