Купалаўскі фармат

№ 7 (1081) 16.02.2013 - 23.02.2013 г

У Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылася прэзентацыя ўзноўленай у мініяцюрным фармаце купалаўскай "Жалейкі" 1908 года. Фармат факсімільнага выдання — 35 на 47 міліметраў.

З тэхнічных прычын "Жалейка" зроблена двухтомнай. У першай кнізе 63 вершы, у другой — 35. Двухтомнік выйшаў у свет у азербайджанскім выдавецтве "Indigo". Да стварэння выдання спрычынілася Зафіра Салахова — старшыня азербайджанскага Рэспубліканскага таварыства "Кніга", дырэктар бакінскага Музея мініяцюрных кніг. Факсімільную копію арыгінальнага выдання "Жалейкі" прадаставіла азербайджанскім калегам Нацыянальная бібліятэка Беларусі. А фінансава падтрымала выданне Міжнароднае грамадскае аб’яднанне "Кангрэс азербайджанскіх абшчын Беларусі".

Наклад кнігі — 50 асобнікаў. Такім чынам, выданне ужо з друкарні выходзіла ў статусе бібліяграфічнага рарытэта.

Міжнародная акцыя праходзіць таксама і ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Гэта прэзентацыя кнігі "Проглас" — першай славянскай паэмы, створанай Канстанцінам Філосафам (святым Кірылам) як прадмова да першай славянскай Бібліі. У праграме прэзентацыі — адкрыццё выстаўкі работ славацкага скульптара Людмілы Цвенгрошавай з прыватнай калекцыі Пасла Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Марыяна Сэрваткі.