Лялькі з крытыкай

№ 7 (1081) 16.02.2013 - 23.02.2013 г

Праз восем гадоў ізноў была адноўлена традыцыя правядзення творчых лабараторый тэатраў лялек Беларусі.

У 1990 — 2000-я лабараторыі фінансаваліся Міністэрствам культуры. Вясной мінулага года, дзякуючы намаганням ды ўласным сродакам ужо калектываў лялечных тэатраў Беларусі, традыцыю адрадзілі.

— Тая творчая лабараторыя, якую мы бачым сёння, у гэтым сезоне, у першую чаргу важная для калектываў з несталічных тэатраў, — адзначае загадчык літаратурнай часткі Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Любоў Дзёмкіна. — Без прафесійнай крытыкі немагчыма творчае развіццё, калектывы вымушаны ставіць вялікую колькасць спектакляў, каб прыцягнуць і здзівіць гледача, але, зразумела, колькасць — не заўсёды якасць. Тым больш, вядома, што некаторыя мінскія тэатральныя крытыкі неахвотна ездзяць у іншыя гарады. Таму наша лабараторыя — выдатны шанец для маленькіх тэатраў паказаць сябе. А для больш плённай працы пасля кожнага спектакля мы арганізоўваем абмеркаванне пастаноўкі творчай групай, журналістамі і крытыкамі, каб артысты маглі адразу ж пазнаёміцца з першым уражаннем ад працы…

Ужо атрымалі сваю "порцыю" выключна канструктыўнай крытыкі Мінскі абласны тэатр лялек "Батлейка" з пастаноўкай "Певень, Кот, Цмок і іншыя", Беларускі дзяржаўны тэатр лялек з пастаноўкай "Дзяды", Магілёўскі абласны тэатр лялек, які прадставіў гледачам спектакль "Неверагодныя авантуры паноў Кубліцкага і Заблоцкага", а Гомельская ж трупа пазаўчора паказала пастаноўку "Над прорваю ў жыце". А за ім чакаем Гродзенскі тэатр са спектаклем "Вій"…

Надзея ПЯКАРСКАЯ