І рэканструкцыя, і аншлаг

№ 7 (1081) 16.02.2013 - 23.02.2013 г

Пасля грунтоўнай рэканструкцыі адкрыўся Гродзенскі абласны тэатр лялек. З вынікамі работ нядаўна азнаёміўся Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.

Тэатр займеў не толькі дадатковыя памяшканні, але і найноўшае тэхнічнае ўзбраенне.

А сёння працягваецца рэканструкцыя Брэсцкага абласнога тэатра лялек. Яна таксама карэнным чынам палепшыць тэхнічныя і творчыя магчымасці ўстановы культуры.

Як паведамляе "К" намеснік начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Сачкоўскі, рэканструкцыя нагадвае будоўлю "з нуля": ад старога будынка на цэнтральнай вуліцы абласнога цэнтра засталася ці не адна сцяна. Работы тут былі распачаты летась. Сёлета рэканструкцыя ўпэўнена выходзіць з нулявога цыкла. За студзень асвоена 2,5 мільярда рублёў. Мяркуецца, што якасна абноўлены тэатр прыме гледачоў ужо ў наступным годзе.

А пакуль брэсцкія лялечнікі, па словах Дзмітрыя Сачкоўскага, даюць спектаклі ў былым кінатэатры "Юнацтва", прыстасаваным пад тэатральныя патрэбы. Нягледзячы на тое, што часовы будынак установы месціцца ў адным са спальных раёнаў Брэста, аншлагі у ім — пастаянныя.