Наш СДК у… Башкартастане

№ 7 (1081) 16.02.2013 - 23.02.2013 г

Чарговым крокам па папулярызацыі айчыннай культуры за межамі нашай краіны стала адкрыццё ў Акадэмічнай бібліятэцы Латвійскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Рызе Беларускага інфармацыйнага цэнтра. Яго стварэнню паспрыяла Пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы.

Як адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы Аляксандр Герасіменка, апошнім часам назіраецца станоўчая дынаміка ў развіцці міждзяржаўных узаемаадносін у справе захавання і папулярызацыі беларускай культуры ў Латвіі. Па словах дыпламата, асноўнымі задачамі Беларускага інфармацыйнага цэнтра стануць развіццё як культурных, так і эканамічных, навуковых, спартыўных сувязей, прэзентацыя турыстычных магчымасцей Беларусі, а таксама забеспячэнне доступу да неабходнай нарматыўна-прававой інфармацыі.

У сваю чаргу, новым імпульсам для развіцця аўтэнтычнай беларускай культуры ў Расійскай Федэрацыі стала адкрыццё пасля капітальнага рамонту Сельскага дома культуры. Такі аб’ект аднавіў сваю працу ў Балтыйскім сельскім савеце Рэспублікі Башкартастан, дзе кампактна пражывае беларуская дыяспара. У знакавым мерапрыемстве прыняў удзел кіраўнік аддзялення Пасольства Рэспублікі Беларусь ва Уфе Васілій Новак.

Варта адзначыць, яшчэ летась Прэзідэнтам Башкартастана былі выдзелены сродкі для правядзення капітальнага рамонту будынка. У выніку значна палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база, пашырыліся плошчы беларускага музея і бібліятэкі, у фондзе якой маецца разнастайная літаратура на беларускай мове. Акрамя таго, пасля рамонту адкрыўся метадычны кабінет Беларускага гісторыка-культурнага цэнтра "Балтыка", а пры падтрымцы спонсараў былі набыты новыя касцюмы для калектываў мастацкай самадзейнасці "Жаўраначкі" і "Сябры", што дзейнічаюць пры СДК.

Тым часам, гэтымі днямі ва Урадзе Свярдлоўскай вобласці з удзелам мясцовых улад і кіраўніка аддзялення Пасольства Рэспублікі Беларусь у Екацярынбургу Віктара Паляніна абмяркоўвалася пытанне стварэння помнікa народнаму артысту Беларусі і СССР Уладзіміру Мулявіну. У прыватнасці, Урад Свярдлоўскай вобласці падтрымаў прапановы беларускага боку па ўстаноўцы помніка заснавальніку і мастацкаму кіраўніку беларускага вакальна-інструментальнага ансамбля "Песняры" ў цэнтры Уральскай сталіцы — каля кінаканцэртнага тэатра "Космас".

К.А.