Шэмеш і Сыракомля на Радзіме

№ 7 (1081) 16.02.2013 - 23.02.2013 г

13 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі адбыўся вернісаж аднаго твора: жывапіснага кампазіцыйнага партрэта Людвіка Кандратовіча — Уладзіслава Сыракомлі — пэндзля Адама Казіміравіча Шэмеша са збораў Літоўскага мастацкага музея.

І выдатны паэт ды краязнаўца Сыракомля, і таленавіты жывапісец ды літаратар Шэмеш — нашы славутыя землякі: першы — з в. Смольчаў Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер — Любанскі раён), другі — з Ігуменскага павета таксама Мінскай губерні, але лёс так ці інакш звязаў абодвух і з Мінскам, і з Вільняй. У "К" №№ 32, 33 за 2011 г. быў надрукаваны матэрыял пад назвай "Ключ да мастацтва, або Багатае сэрца Адама Шэмеша" (Б.Крэпака), у якім падрабязна распавядаецца пра жыццё і творчасць Адама Шэмеша, а таксама пра драматычны лёс паэта Уладзіслава Сыракомлі. Абодва творцы былі добрымі сябрамі цягам некалькіх гадоў — з 1846-га па 1864-ы, — аж да заўчаснай смерці ад сухотаў Сыракомлі, якога пахавалі ў Вільні.

/i/content/pi/cult/412/8433/1-2.jpeg

Дарэчы, у "імправізацыі" Сыракомлі "У коле знаёмых у Мінску" Шэмеш прыгаданы як "адзін з самых высакародных людзей". Такім жа высакародным быў і сам Сыракомля. Пра гэта красамоўна сведчыць і партрэт, прадстаўлены ў нашым музеі. Твор цалкам увасабляе пункт гледжання мастака на сутнасць гуманістычных ідэалаў чалавека сярэдзіны ХІХ ст. Вобраз паэта ахутаны такім прыўзнята-рамантычным флёрам, што міжволі праводзіш паралелі з бліскучымі партрэтамі яго сучасніка Карла Брулова ці Трапініна. Простая кампазіцыя, умоўнае асвятленне, старанна вымалеваны складкі тканіны на цёмна-сіняй вопратцы. Пэндзаль плаўна праходзіць праз белую манішку, чорны бант пад каўнерыкам на шыі, счэпленыя пальцы рук. Фон — фрагмент сцяны цаглянага замка, рамантычнае неба з сонечным прасветам скрозь аблокі, а з правага боку — кроны зялёнага дрэва. Погляд паэта — горды, пранізлівы, упэўнены.

Партрэт быў напісаны з натуры ў 1854-м, за дзесяць гадоў да смерці аўтара знакамітага "Паштальёна" ("Ямшчыка").

На вернісажы дырэктар Літоўскага мастацкага музея Рамуальдас Будрыс адзначыў, што гэты партрэт з’яўляецца гордасцю музея і, акрамя ўсяго іншага, сімвалізуе тыя агульныя культурныя карані, якія звязваюць беларусаў і літоўцаў на працягу многіх стагоддзяў.

У 1930-я партрэт знаходзіўся ў Таварыстве сяброў навук у Вільні, адкуль трапіў у Акадэмію навук Літвы, а ў 1941 годзе быў перададзены Літоўскаму мастацкаму музею.

Б.К.

На здымку: пад час вернісажу.

Фота аўтара