Век Цвіркі

№ 7 (1081) 16.02.2013 - 23.02.2013 г

14 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі прайшлі ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння выдатнага песняра беларускай зямлі, народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Віталя Цвіркі.

У той дзень адбылося ўрачыстае гашэнне маркі з арыгінальным канвертам, а таксама прэзентацыя кнігі, прысвечанай майстру, з серыі "Знакамітыя мастакі з Беларусі", што выходзіць у выдавецтве "Беларусь" па заказе Нацыянальнага мастацкага музея. Вясной у НММ запланавана і юбілейная выстаўка работ Віталя Канстанцінавіча як даніна памяці, павагі і любові да творцы.

/i/content/pi/cult/412/8432/1-1.jpeg

Наша газета неаднойчы пісала пра жыццё і мастацтва Віталя Цвіркі, бо без ягонага жывапісу, без яго педагагічнай і грамадскай дзейнасці немагчыма прадставіць у поўнай меры нацыянальную культуру Беларусі пасляваенных дзесяцігоддзяў.

Цвірка — той мастак, які прыйшоў да гранічнай яснасці пластычнай формы, стварыў своеасаблівы, непаўторны нацыянальны вобраз беларускай прыроды, што не мае аналагаў у гісторыі нашага жывапісу. Творца сцвердзіў думку: прачытанне навакольнага свету — бязмежнае, гэтак сама, як бязмежныя чалавечыя пачуцці і любоў да роднай зямлі.

Б.К.