Парыж на "Каложскім дабравесце"

№ 7 (1081) 16.02.2013 - 23.02.2013 г

З 27 лютага па 2 сакавіка ў Гродне пройдзе чарговы Фестываль праваслаўных песняспеваў "Каложскі дабравест".

Як паведаміла "К" намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, фэст чакаюць у абласным цэнтры ўжо у дванаццаты раз. На сённяшні дзень адбыліся тры пасяджэнні аргкамітэта фестывалю, на якіх былі абмеркаваны шматлікія пытанні, звязаныя з правядзеннем гэтага прадстаўнічага міжнароднага форуму. Сёлета, па словах суразмоўцы "К", у ім прымуць удзел духоўныя і свецкія калектывы з Францыі, Сербіі, Румыніі, Літвы, Польшчы, Украіны, Расіі і, вядома ж, Беларусі.

Фестываль "Каложскі дабравест", адзначыла Алена Клімовіч, па традыцыі, арганізуецца ў два туры. Першы адбыўся ў перыяд Каляд, у студзені, выключна для парафіяльных хароў Гродзенскай епархіі і стаў самастойным творчым мерапрыемствам. Другі ж тур пройдзе ў абласным цэнтры з удзелам калектываў з іншых краін. Усяго ў ім прымуць удзел звыш 40 ансамбляў, у тым ліку царкоўныя хары і калектывы епархій ды раённых цэнтраў, абласных гарадоў, хары святароў і духоўных школ, а таксама некаторыя іншыя.

Пад час фестывалю пройдзе шэраг культурных мерапрыемстваў: выстаўка з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі, вечар духоўнай паэзіі і аўтарскай песні, кіналекторыі ў кінатэатры "Чырвоная зорка", выстаўкі мастацкіх работ на рэлігійную тэматыку ў Гродзенскай выставачнай зале і ў музеі абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці ды выстаўка фотаработ "Праваслаўны свет". Акрамя цырымоній адкрыцця і закрыцця фестывалю, што пройдуць у Гродзенскім абласным драматычным тэатры, а таксама конкурсных праслухоўванняў, запланаваны і асобныя канцэрты. Так, 28 лютага адбудзецца выступленне хору студэнтаў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі ім. П.І. Чайкоўскага, а 1 сакавіка жыхары і госці горада змогуць папрысутнічаць на канцэртах Архірэйскага хору Свята-Аляксандра-Неўскага кафедральнага сабора з Парыжа і хору пеўчых стараверскіх прыходаў Сібіры.

Ю.Ч.