Сага пра Тэатр

№ 6 (1080) 09.02.2013 - 16.02.2013 г

Пра тое, як узводзілі знакаміты будынак

(Закачэнне.

Пачатак у № № 2, 3, 5.)

…Гаворка ідзе аб праекце варшаўскай Філармоніі, які распрацоўваўся практычна адначасова з пабудовай тэатра ў Мінску. Досвед будаўніцтва тэатраў, любоў да музыкі (архітэктар складаў мазуркі і вальсы), захапленне жывапісам (ён уваходзіў у супольнасць “Салон мастакоў”) стварылі Казлоўскаму рэпутацыю спецыяліста грамадзянскай архітэктуры для відовішчных мэт.

Але ён марыў пра большае: слава Гранд-опера Шарля Гарнье не давала яму спакою. Будынак парыжскай Оперы, якую будавалі пятнаццаць гадоў і завяршылі ў 1874-м, быў прызнаны эталонам раскошы. Казлоўскі хацеў даць Варшаве “польскую Гранд-опера” — Палац музыкі. І гэта яму ўдалося ажыццявіць! Услед за мінскім тэатрам ён праектуе неабарочны будынак Філармоніі ў Варшаве — як перайманне парыжскай Гранд-опера.

Тая Філармонія стала лепшым тварэннем архітэктара, гонарам перадваеннай сталіцы Польшчы. Яна была пабудавана ў рэкордна кароткі тэрмін: усяго за паўтара года. Будаўніцтва пачалося ў маі 1900-га, а першы канцэрт адбыўся ў лістападзе 1901-га. Архітэктар спяшаўся: тады ён ужо хварэў… У будынку спалучыліся рысы эклектыкі і нацыянальнага рамантызму, прадыктаванага густамі заказчыкаў і фундатараў — польскіх мецэнатаў — князя Стэфана Любамірскага, барона Леапольда Кроненберга, графа Замойскага і графа Уладзіслава Тышкевіча. Для роспісу плафонаў быў запрошаны самы знакаміты мастак тагачаснай Польшчы — Генрых Семірадскі.

Філармонія здзіўляла сучаснікаў пышнасцю дэталей і памерамі (чаго вартая канцэртная зала на 2 000 месцаў!). Пры пэўным падабенстве з парыжскай Гранд-опера, архітэктар імкнуўся надаць ёй нацыянальны польскі дух. Напрыклад, гардэроб быў дакладнай копіяй параднай залы замка ў Мальбарку. Інтэр’ер глядзельнай залы — вырашаны ў багатай вішнёва-залатой гаме. На трох плафонах столі былі роспісы, сярод якіх асабліва вылучаўся адзін: з выявай Апалона, што дырыжыруе хорам муз і іншых міфалагічных персанажаў. Семірадскі (верагодна, са згоды архітэктара) зрабіў арыгінальны, нават дзёрзкі ход, парушаючы ўсе правілы манументальнага мастацтва: намаляваў мастака (ці не сябе?), што стварае сцэну выхаду Апалона і... партрэт архітэктара Казлоўскага. Побач з аголеным фаўнам на столі гледачы са здзіўленнем заўважалі мужчыну з бародкай, які сядзеў апрануты ў фрак з вытанчаным каўнерыкам ды папіхваў воблака лакаванымі чаравікамі. Не звяртаючы ўвагі на Апалона і яго хор, ён пазіраў уніз, проста на гледачоў у зале. Гэта і быў партрэт Караля Казлоўскага — апошні падарунак сябру і калегу ад Генрыха Семірадскага…

Казлоўскі пайшоў з жыцця праз паўгода пасля заканчэння будаўніцтва Філармоніі — 21 чэрвеня 1902-га ў Карлсбадзе. Месяцам жа раней у сваім маёнтку пад Чэнстаховам сканаў і Генрых Семірадскі.

Калі “ўся Варшава” праводзіла ў апошні шлях Караля Казлоўскага, жалобны картэж спыніўся ля будынка Філармоніі. Музыканты выйшлі на балкон і ў памяць архітэктара выканалі Марш Шапэна, развітваючыся з будаўніком абіцелі музыкі, дзе пасля выступала ўся сусветная музычная эліта…

Але слава, асабліва прыжыццёвая, — падманлівая і недаўгавечная. Казлоўскі будаваў напярэдадні дзвюх сусветных войнаў. Ад яго багатай спадчыны засталося ўсяго чатыры-пяць будынкаў. У верасні 1939-га пры бамбёжках Варшавы быў знішчаны “Артыстычны тэатр” у Кракаўскім прадмесці, узведзены ў 1898 годзе. У купал Варшаўскай філармоніі патрапіла бомба, знішчыўшы роспісы, а варшаўскае паўстанне 1944-га завяршыла справу: будынак разваліўся і не быў адноўлены ў ранейшым выглядзе ў эпоху ПНР з-за сваёй “буржуазнасці”.

Казлоўскі, па прызнанні гісторыкаў архітэктуры, амаль цалкам забыты цяпер у Польшчы, не кажучы ўжо пра Беларусь, дзе яго ведалі па адзінай пабудове гарадскога тэатра ў Мінску.

Фасад тэатра добра дакументаваны на мностве фатаграфій, і аднавіць яго не склала вялікай працы. Інтэр’еры глядзельнай залы і рэкрэацыя аднаўляліся па чарцяжах Казлоўскага ды іх аналагах. На жаль, не быў знойдзены асабісты архіў В.Ф. Мааса, пад чыім кіраўніцтвам праходзіла распрацоўка мастацкага афармлення тэатра. Як мяркуецца, дакументы Мааса знаходзяцца ў Каўнасе, дзе гэты архітэктар правёў апошнія гады жыцця.

Рэканструкцыя фасада гарадскога тэатра ў Мінску згодна з аўтарскім праектам Караля Казлоўскага стала прыкладам аднаўлення гістарычнай справядлівасці і захаваннем памяці пра архітэктара, ад тварэнняў якога засталося так мала. У знак павагі да аўтара і прызнання яго заслуг яго скульптурны бюст устаноўлены ў пабудаваным ім касцёле ў польскім горадзе Сасноўцы. Копія гэтага бюста з часам можа ўпрыгожыць абноўлены інтэр’ер Купалаўскага тэатра…

Надзея УСАВА, намеснік генеральнага дырэктара

Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

 

Невядомы факт

У час будаўніцтва тэатра Караль Казлоўскі запрасіў да сябе лепшага ў Мінску каваля Хацкевіча (прадзеда нашага беларускага мастака-манументаліста Віктара Хацкевіча) і разам з віцэ-губернатарам горада М.Дараганам заказаў яму каваную франтальную агароджу вакол Александрыйскага сквера, у паўднёвай частцы якога якраз будаваўся тэатр. Каваль абгарадзіў прыгожай рашоткай сквер па баках вуліц Падгорная (цяпер — вуліца К.Маркса), Захар’еўская (цяпер -- праспект Незалежнасці), Скобелеўская (цяпер — вуліца Чырвонаармейская) і Дамініканская (цяпер — вуліца Энгельса). Побач была царква Аляксандра Неўскага з невялікай капліцай (зараз там Дом афіцэраў). Захаваліся фотаздымкі таго часу, дзе выяўлены і летні сквер з тымі самымі рашоткамі, і людзі, якія шпацыруюць каля ўвахода ў сквер, і цэрквы... Лёс рашотак — невядомы: па адной з версій, іх вывезлі з Мінска гітлераўцы ў гады фашысцкай акупацыі…

Б.К.