На вуліцы Каліноўскага

№ 6 (1080) 09.02.2013 - 16.02.2013 г

Данінай памяці Кастусю Каліноўскаму стала адкрыццё мастацкай выстаўкі “Радзіма вышэй за ўсё” ў сценах Інстытута культуры Беларусі, прысвечанай 175-годдзю з дня нараджэння нацыянальнага дзеяча, а таксама 150-й гадавіне паўстання 1863 — 1864 гадоў. Сімвалічна, што сёння Інстытут размяшчаецца па вуліцы, названай у гонар гэтай славутай асобы.

Варта адзначыць, ушанаванне народных герояў пачалося адразу пасля паўстання. Сведчаннем гэтаму — драўляная капліца Памяці каля дома Францішка Багушэвіча, а таксама жывапіс Міхала Андрыёлі, Альфрэда Ромеля.

Нашы сучаснікі таксама далучыліся да ўшанавання памяці змагароў. У прыватнасці, над вобразам Каліноўскага працавалі народныя мастакі З. Азгур, Л. Шчамялёў, А. Кашкурэвіч, многія іншыя творцы. Шэраг работ гэтых майстроў і прадстаўлены ў рамках выстаўкі ў фае Інстытута культуры. Як адзначылі яе стваральнікі, у мастацкі праект уключаны лепшыя творы за апошнія дзесяцігоддзі, прысвечаныя гэтай тэматыцы.

/i/content/pi/cult/411/8427/1-3.jpeg

Супрацоўнік Інстытута культуры Беларусі, доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс зазначыў: большасць тых, хто пачынаў новую беларускую літаратуру, былі паслядоўнікамі Каліноўскага. Гэта і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, і Францішак Багушэвіч, і Арцём Вярыга-Дарэўскі, і Альгерд Абуховіч.

Яшчэ адным сімвалічным аспектам выстаўкі стаў удзел у адкрыцці праекта гурта “Тутэйшая шляхта”. Менавіта гэткі статус, па словах А. Мальдзіса, характэрны і для роду К. Каліноўскага, паколькі ў той час назва “Беларусь” яшчэ не была пашырана на нашых землях.

Адметна, што гадавіна будзе адзначацца не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Так, імпрэзы з удзелам вучоных-беларусістаў гэтымі днямі праходзяць у Маскве і Санкт-Пецярбургу, у Вільнюсе і Беластоку.