Сальфеджыа пазабюджэту

№ 6 (1080) 09.02.2013 - 16.02.2013 г

Падставай для напісання гэтага матэрыялу стала мая журналісцкая недакладнасць. Патэлефанавала намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Святлана Баранок і сказала, што не можа пагадзіцца з двума радкамі майго артыкула пра развіццё праектных тэхналогій у Докшыцкім раёне. А радкі наступныя: “У Докшыцкай ДШМ з мінулага года дзейнічае праект “Школа ранняга развіцця”, аналагаў якому ў рэспубліцы няма”. Аказваецца — ёсць: у Салігорскай ДШМ аналагічны праект дзейнічае з 2003 года. Прашу прабачэння. І справа тут не толькі ў тым, што работнікі культуры Докшыцкага раёна не вельмі дакладна ведаюць, што робяць калегі з Салігоршчыны. Галоўнае, што перадавы вопыт на ўзроўні рэспублікі абагульняецца без належнай актыўнасці. Паспрабуем ліквідаваць гэты інфармацыйны прабел. І не толькі на прыкладзе Салігорска.

Салігоршчына:
штатны эксклюзіў

Дырэктар Салігорскай ДШМ Алег Шчэрбаў назваў падрыхтоўчыя курсы для дзяцей Цэнтрам эстэтычнага выхавання. Узначальвае яго магістр педагагічных навук Святлана Пятровіч. У Цэнтр набіраюць дзяцей пяцігадовага ўзросту. Два разы на тыдзень цягам двух гадоў яны развіваюць здольнасці, асвойваюць майстэрства калектыўных спеваў, харэаграфіі, акцёрства, правілы добрых паводзін… У выніку ДШМ набывае якасны набор, які здабывае веды без наступнага адсеву.

/i/content/pi/cult/411/8421/1-1.jpeg

Але крэатыў праекта не толькі ў гэтым. Навучальныя паслугі Цэнтра, як тлумачыць Алег Шчэрбаў, каштуюць бацькам 80 тысяч рублёў у месяц (удвая больш, чым у Докшыцах). Дзякуючы гэтым пазабюджэтным сродкам кіраўніцтва ўстановы змагло ўвесці ў штат яшчэ шэсць рабочых месцаў для дадатковых настаўнікаў. Знайшліся грошы і для аплаты працы касцюмера. Больш за тое: у дырэктара ДШМ з’явіўся намеснік па пазабюджэтнай дзейнасці. Каментарыі — лішнія.

Гродзеншчына:
і баян, і камп’ютар

Чарговы адрас цікавага досведу: аграгарадок “Абухава” Гродзенскага раёна. Мы калісьці пісалі, што з музычнымі інструментамі ў мясцовай ДШМ праблем няма. Дырэктар установы Яўген Яськоў паведамляе, што і за мінулы год было набыта 15 скрыпак, 6 гітар, баян, акардэон, цымбалы… Нават старыя інструменты пастаянна падтрымліваюцца ў належным стане. Начальнік аддзела культуры Ігар Лябецкі рэгулярна выдаткоўвае грошы на іх рамонт ды настройку. Сёлета на абнаўленне інструментарыя для дзевяці ДШМ раёна запланавана выкарыстаць аж 500 мільёнаў рублёў.

/i/content/pi/cult/411/8421/1-3.jpeg

Грошы выдаткоўваюцца і на камп’ютарную тэхніку. У Абухаўскай дзіцячай школе мастацтваў два камп’ютары ўжо ёсць, трэці — на падыходзе. Усё гэта дае магчымасць наладзіць мультымедыйнае навучанне музычна-тэарэтычным дысцыплінам. Інакш кажучы, сальфеджыа і музычную літаратуру дзеці засвойваюць у аграгарадку з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій.

Светлагоршчына:
“вожыкі” выходзяць з туману

“Вожыкі ў тумане” — эксперыментальная студыя, якая дзейнічае пры тэатральным аддзяленні Светлагорскай школы мастацтваў. Эксперыменты прывялі да таго, што Светлагорск пачаў арганізоўваць раз на два гады фестываль дзіцячай творчасці сярод ДШМ Гомельшчыны. Летась адбыўся ўжо чацвёрты такі фэст. У ім бяруць удзел і юныя тэатралы з Мінска, Магілёва, Лепеля, з расійскіх навучальных устаноў культуры. Словам, Светлагорская ДШМ, якой у верасні спаўняецца 50 гадоў, ужо мае свой сталы абласны брэнд.

/i/content/pi/cult/411/8421/1-2.jpeg

Дарэчы, як сцвярджае Святлана Вярэніч, такі фестываль не мае аналагаў у рэспубліцы… Мо я зноў памыляюся? Калі так — тэлефануйце, пішыце, абвяргайце!..

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"