Пасапернічаць з прыватнікам, калі да нас ідуць “не вельмі”

№ 6 (1080) 09.02.2013 - 16.02.2013 г

Як узвесці новы Дом культуры і знайсці інвестара для музея?

Он-лайн-канферэнцыя: да выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Чарговую он-лайн-канферэнцыю мы вырашылі прысвяціць самым набалелым аспектам рэгіянальнай культуры. Удзельнікам віртуальнай гутаркі рэдакцыя прапанавала адзінае пытанне: “Якую нявырашаную праблему вы вынеслі б на парадак дня выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь?”. Пасяджэнне калегіі адбудзецца 12 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы краіны. Натуральна, не кожны яе ўдзельнік займее шанц выказацца з высокай трыбуны. “К” у гэтым плане мае, натуральна, больш магчымасцей.

І гаворка сёння пойдзе, безумоўна, не толькі аб праблемных момантах развіцця рэгіянальнай культуры, але і пра магчымыя, дзе — пакуль віртуальныя, а дзе — і досыць канкрэтныя, шляхі скасавання тых або іншых хібаў, якія замінаюць у працы.

Да ўдзелу ў он-лайн-канферэнцыі мы запрасілі кіраўнікоў абласных упраўленняў ды начальнікаў раённых аддзелаў культуры, сельскіх культработнікаў, а таксама сталых спонсараў буйных культурных мерапрыемстваў, што ладзяцца ў рэгіёнах. Нашы субяседнікі — начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр ВЯРСОЦКІ, старшыня Глускага райвыканкама Юрый ДЫМША, першы намеснік начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Тамара ПАЎЛЮКОВІЧ, начальнік эканамічнага аддзела ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Алена ПАЎЛАВА, намеснік дырэктара Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне Віктар КАСЦЯЙКОЎ, намеснік старшыні Петрыкаўскага райвыканкама Віталь ПІЛЕР, начальнікі аддзелаў культуры райвыканкамаў: Браслаўскага — Галіна КАРАТКОВА, Крупскага — Таццяна МЕЛЬНІК, Брагінскага — Ліна ПЯТНІЦКАЯ, Ушацкага — Сяргей ГАРБАЧОЎ, а таксама загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай ЦРБ Ала ДРАГАН і дырэктар Плябанаўскага сельскага дома культуры Ваўкавыскага раёна Аляксандр БАБІН.

Рэдакцыя:

— Мы так разумеем, колькі ўдзельнікаў канферэнцыі, столькі, напэўна, і праблем? З якой пачнём?

Аляксандр Вярсоцкі:

— З таго, што не толькі культуры Гродзеншчыны, відаць, патрэбны новы штатны расклад. Безумоўна, праблема гэтая ўзнімалася на старонках “К” неаднойчы, тым не менш, у бліжэйшы час, як мне вядома, вырашацца яна не будзе. Так, рэдакцыя сённяшняга штатнага раскладу, які безнадзейна састарэў, прадугледжвае ўвядзенне новых адзінак на ўзроўні мясцовай улады. Але рабіць гэта трэба па ўзгадненні з фінансавымі аддзеламі, і кожны начальнік аддзела культуры цудоўна ведае, наколькі гэтая працэдура няпростая і няхуткая.

Рэдакцыя:

— Пытанне, сапраўды, б’е ўсе рэкорды паўтаральнасці на нашых “гарачых лініях” і он-лайн-канферэнцыях!.. Колькасць якіх спецыялістаў вы павялічылі б на раёнах?

Аляксандр Вярсоцкі:

— Сельскіх акампаніятараў. З музычнымі інструментамі праблем у нас няма, і на гэты год у вобласці выдаткавана на іх набыццё восем мільярдаў рублёў. Акампаніятар жа на поўнай стаўцы — з’ява, мякка кажучы, не вельмі распаўсюджаная…

Рэдакцыя:

— Адна з невырашальных на сёння праблем — нізкія заробкі работнікаў культуры, асабліва — бібліятэкараў. На два мільёны ў месяц пражыць зараз цяжка. Хто выкажацца на гэты конт?

Ала Драган:

— Усё правільна! І вось што непакоіць: пра недастатковыя заробкі настаўнікаў ды ўрачоў пытанне сёння мусіруецца бясконца і паўсюль. А хто слова закіне пра таго ж бібліятэкара? Загадчык аддзела райбібліятэкі з немалым працоўным стажам, які курыруе, да прыкладу, амаль сорак сельскіх філіялаў, атрымлівае ў месяц (з усімі магчымымі даплатамі!) менш за сельскага бібліятэкара першай катэгорыі!..

Рэдакцыя:

— Логікі тут, сапраўды, няма ніякай... Што непакоіць яшчэ?

Тамара Паўлюковіч:

— Можна было б згадаць праблему камунальных плацяжоў. Да 60 працэнтаў нашых пазабюджэтных сродкаў ідзе не на ўмацаванне рэгіянальнай культуры, а на аплату камуналкі, транспарту, сувязі... Каб гэтыя грошы заставаліся ў аддзелах, зацікаўленасці ў творчым развіцці было б, напэўна, больш... Але, як паказалі апошнія рабочыя нарады з прадстаўнікамі рэгіёнаў, больш хваляванняў на сёння ўзнікае на конт рэалізацыі нядаўна прынятага Закону Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)”. Мы ўступаем у абсалютна новыя ўмовы папаўнення бібліятэчных кніжных фондаў, набыцця фільмапрадукцыі ды іншых паслуг. Выбар пастаўшчыка з дапамогай электронных таргоў — справа абсалютна новая і не вельмі простая. Прынамсі, цяпер, калі і месяца не прайшло з прыняцця згаданага закону. І ў сувязі з гэтым літаральна ў кожным раённым аддзеле культуры ёсць на дадзены конт пытанні.

Рэдакцыя:

— Міністэрства культуры, наколькі мы ведаем, збіраецца ў самы бліжэйшы час ліквідаваць гэты прабел і правесці навучальныя семінары для рэгіянальных работнікаў культуры...

Ліна Пятніцкая:

— У мяне таксама душа баліць за лёс нашых пазабюджэтных грошай. Летась за кошт аказання платных паслуг мы зарабілі больш чым 170 мільёнаў рублёў. Натуральна, немалая іх частка пайшла на кампенсацыю камунальных паслуг. А хацелася б, каб сродкі заставаліся на аддзелаўскім рахунку. Падаецца, ёсць у гэтым вялікі сэнс. Па-першае, мы былі б больш самастойнымі ў фінансавым плане і здолелі б больш эфектыўна стымуляваць творчую актыўнасць нашых работнікаў культуры. Па-другое, для набыцця пэўных тавараў, да прыкладу — музычнай ці гукаўзмацняльнай апаратуры, іншым разам патрабуюцца сродкі для аператыўнай аплаты, а такую аператыўнасць казначэйства ніяк не гарантуе. Адзінае выйсце — пазабюджэтныя грошы. Але камуналка “з’ядае” іх…

Рэдакцыя:

— Не хацелася б весці гаворку пра нейкі рэйтынг праблем, але вышэйназваны прыклад — таксама адзін з найбольш паўтаральных. Не менш пытанняў выклікае і аптымізацыя сельскіх устаноў культуры. Як, дарэчы, яна ідзе ў рэгіёнах? — пытанне на сёння таксама ці не самае балючае для нашых аддзелаў культуры. З якімі цяжкасцямі ўжо давялося сутыкнуцца?

Галіна Караткова:

— Цяжкасці гэтыя звязаны не з матэрыяльным, а з маральным бокам. Калі ў вёсцы закрываюць школу, краму, пошту, пытанне аб захаванні ўстановы культуры, самі разумееце, проста не ўзнімаецца. Але на парадак дня выносіцца іншая праблема: як працаўладкаваць неблагога спецыяліста, што вызваліўся. Вось і ламаем галаву...

Віталь Пілер:

— Цалкам згодны: адно з галоўных на сёння пытанняў звязана з аптымізацыяй. Усяго ў раёне — 60 аб’ектаў культуры. Не ўсе з іх, на вялікі жаль, карыстаюцца вялікім попытам сярод насельніцтва. Магчымае выйсце — у развіцці мабільных устаноў культуры і закрыцці некаторых устаноў на сяле. Але да гэтай праблемы трэба падыходзіць узважана і асцярожна.

Рэдакцыя:

— На адной з нашых он-лайн-канферэнцый начальнік аддзела культуры Хоцімскага райвыканкама Мікалай Хучаў выказаў на конт аптымізацыі цудоўную думку: быў бы ў вёсцы народны ці ўзорны калектыў, ніхто клуб не скасоўваў бы. Меркаванне ў нейкай ступені крыху ідэалістычнае, але сэнс у ім досыць глыбокі…

Галіна Караткова:

— Усё правільна. Аднак вы не будзеце абвяргаць відавочнае: як стварыць якасны творчы калектыў у паселішчы, адкуль практычна ўся моладзь з’ехала ў гарады? А народнаму ансамблю яшчэ і калектыў-спадарожнік патрэбны. Дзе ж тых дзяцей браць? Адназначна адно: сёння ў вёску, дзе няма ўжо ні школы, ні пошты, дзяржаўныя грошы ўкладваць бессэнсоўна…

Рэдакцыя:

— І ці ёсць тут панацэя?

Галіна Караткова:

— У нашай сітуацыі яна — у актыўным выкарыстанні мабільных устаноў культуры: аўтаклуба і аўтабібліятэкі. І ў тым, што яны працуюць якасна, пераконваюць станоўчыя водгукі з месцаў ды высокая запатрабаванасць такога абслугоўвання.

Алена Паўлава:

— Па Гомельшчыне ў выніку аптымізацыі закрылі апошнім часам 32 клубныя ўстановы. Сітуацыя, як бачна, характэрная не толькі для нашай вобласці. І з гэтай нагоды я хацела б агучыць вось якое набалелае пытанне. У Дзяржаўнай праграме “Культура Беларусі” пазначаны і якасныя паказчыкі работы галіны: маю на ўвазе колькасць гледачоў, наведвальнікаў нашых устаноў. Лішне казаць, што выкананне гэтых паказчыкаў строга адсочваецца на самым высокім узроўні. Між тым, яны пастаянна нарошчваюцца. І пры сённяшняй аптымізацыі, пры значным скарачэнні клубаў ды бібліятэк захаваць колішні ўзровень ахопу жыхароў культурным абслугоўваннем вельмі цяжка.

Рэдакцыя:

— Што прапаноўваеце?

Алена Паўлава:

— Пры аптымізацыі сеткі непажадана павялічваць колькасць клубных фарміраванняў.

Ала Драган:

— Мы, да прыкладу, таксама за аптымізацыю ўзважаную і з усіх бакоў прадуманую!

Рэдакцыя:

— А якая праблема, на погляд начальніка аддзела культуры Ушацкага райвыканкама Сяргея Гарбачова, найбольш хвалюе музейшчыкаў? Задаём гэтае пытанне таму, што на тэрыторыі раёна знаходзіцца шмат адметных устаноў: Музей народнай славы імя Уладзіміра Лабанка, Сядзіба-музей Васіля Быкава і хата-музей Петруся Броўкі...

Сяргей Гарбачоў:

— Сярод іншага, на мой погляд, супрацоўнікаў музеяў перш за ўсё хвалююць пытанні паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы і ўкамплектавання найноўшай камп’ютарнай тэхнікай. У нас гэтыя праблемы летась удалося вырашыць: набылі неабходныя Музею народнай славы вітрыны, а таксама — новы камп’ютар ды ўстанавілі надзвычай патрэбную супрацоўнікам праграму “Музей-5” для вядзення ўліку музейных прадметаў. Так што з аргтэхнікай праблем асаблівых цяпер не маем.

Юрый Дымша:

— І мяне як кіраўніка раёна турбуе найперш матэрыяльна-тэхнічная база нашай раённай культуры. І не ў аграгарадках, дзе клубы ды бібліятэкі выглядаюць добра і гэтак жа працуюць, а ў раённым цэнтры. Маю на ўвазе тое, што гарпасёлку неадкладна патрэбны новы Дом культуры…

Рэдакцыя:

— Пра дадзеную патрэбу “К” пісала яшчэ ў 2009 годзе. За гэты час вы здолелі былую краму пераўтварыць у шыкоўны музей з карціннай галерэяй, дзе месца знайшлося і для бібліятэкі. На ДК фінансавання не хапіла.

Юрый Дымша:

— Так. Кадры ў культуры — ініцыятыўныя, маладыя. Задумак — шмат, многія з іх ужо рэалізаваны... Адзіная праблема — узвядзенне Дома культуры ў раённым цэнтры. Інакш кажучы, патрэбна падтрымка кіраўніцтва Магілёўскай вобласці.

Ліна Пятніцкая:

— У працяг пераліку нашых праблем хачу дадаць вось яшчэ што. Ці не занадта шмат часу начальнік аддзела культуры аддае будаўнічым клопатам? Не першы год займаю гэтую пасаду і цудоўна разумею важнасць якаснай здачы новых аб’ектаў культуры. Але вельмі шмат часу ідзе на клопаты зусім не творчага характару. Ці ж на гэта мы вучыліся? Чаму працэс не адсочваюць цалкам заказчыкі работ — упраўленне капітальнага будаўніцтва райвыканкама ці іншыя профільныя арганізацыі?

Рэдакцыя:

— Але ж дзейнасць гаспадарчай групы аддзела культуры вы проста абавязаны кантраляваць!..

Ліна Пятніцкая:

— А з гэтым якраз праблем ніякіх няма. Гаспадарчая група займаецца, як вы ведаеце, толькі дробным, бягучым рамонтам. І робіць гэта цудоўна: на замене дзвярэй, вокнаў і падлог у сельскіх установах культуры летась было асвоена больш за 140 мільёнаў рублёў!..

Віталь Пілер:

— Яшчэ адно пытанне, якое надзвычай хвалюе, — кадравы патэнцыял Петрыкаўшчыны. На жаль, маладыя людзі не надта жадаюць працаваць у сферы культуры, і, зазвычай, сыходзяць пасля абавязковай адпрацоўкі. Першая праблема ў гэтым плане — заробкі. Іх трэба павышаць, магчыма, з дапамогай той жа аптымізацыі сеткі ўстаноў культуры і пераразмеркавання ставак, якія вызваляцца, супрацоўнікам іншых клубаў і бібліятэк.

Ала Драган:

— Кадравае пытанне і нас хвалюе. Маладыя спецыялісты не затрымліваюцца ў бібліятэках з-за нізкіх заробкаў. Пра раскрыццё творчага патэнцыялу нават і гаворкі не вядуць…

Рэдакцыя:

— Навошта ж тады на бібліятэчныя факультэты паступалі? Тэма маладых спецыялістаў, як і тэма аптымізацыі рэгіянальнай культуры, турбуе і “К”. Пісалі пра гэта і будзем пісаць. А зараз — іншы блок не менш важкіх праблем. Ці ёсць, да прыкладу, вузкія месцы ў дзяржаўна-прыватным партнёрстве?

Аляксандр Бабін:

— Пытанне пастаўлю крыху інакш. На мой погляд, сёння важна актуалізаваць канкурэнцыю паміж дамамі культуры і прыватнымі арганізацыямі, якія прадастаўляюць творчыя паслугі насельніцтву. Як правіла, такія прадпрымальнікі маюць у складзе сваёй брыгады па тры-чатыры чалавекі і могуць паказаць і відовішчнае фаер-шоу, і арыгінальны канцэрт. І зарабляюць яны вельмі добра. Памятаю, у Ваўкавыск запрасілі з Мінска спецыялістаў па фаер-шоу. Яны за паўгадзіны выступлення атрымалі 8,5 мільёна рублёў. Так што такі бізнес — вельмі прыбытковы. Таму сёння вельмі важна вызначыць прыярытэты: альбо дамы культуры робяць стаўку на камерцыйную дзейнасць, зарабляюць і багацеюць, альбо арыентуюцца на прадастаўленне сацыякультурных паслуг ды атрымліваюць датацыі з бюджэту.

Рэдакцыя:

— Але ці змогуць культработнікі эфектыўна канкурыраваць з прыватнікамі? Апошнія ж маюць самае сучаснае тэхнічнае абсталяванне, пра якое ў сельскім клубе ці нават у ГДК толькі мараць...

Аляксандр Бабін:

— А я лічу, што мы можам канкурыраваць нароўні і нават без асаблівых праблем пераўзыходзіць тыя мабільныя прыватныя брыгады. Але для гэтага, на мой погляд, варта зменшыць нагрузку па ўсіх магчымых выплатах на дамы культуры. Сёння ўжо было сказана, што асноўная колькасць заробленых на платных паслугах грошай ідзе на аплату камунальных плацяжоў. І прагучала прапанова, як гэтыя грошы можна было б выкарыстаць з большым эфектам для дзяржавы: прэміраваць супрацоўнікаў, закупляць новую апаратуру, запрашаць ды-джэя з абласнога цэнтра...

Рэдакцыя:

— Паставім пытанне інакш: ці могуць, на ваш погляд, культработнікі супрацоўнічаць з прыватнікамі, ствараючы, так бы мовіць, культурныя сумесныя прадпрыемствы для аказання тых або іншых відаў паслуг?

Аляксандр Бабін:

— Безумоўна. І ў некаторых раёнах, наколькі ведаю, гэта ўжо робяць праз афармленне дагавора. Пытанне тут толькі ў тым, што звычайна ў прыватныя брыгады ўваходзяць спецыялісты, якія калісьці загартаваліся на ніве аказання культурных паслуг у дзяржаўных установах, але сышлі адтуль з-за нізкіх заробкаў. Мы, фактычна, самі ствараем сабе канкурэнтаў... І калі зможам нароўні з імі ладзіць культурныя імпрэзы, толькі тады прыватнікі зацікавяцца сумесным супрацоўніцтвам. А пакуль маем тое, што маем: да іх — ідуць, а да нас — не вельмі. Таму нам трэба працаваць над павышэннем якасці сваіх паслуг.

Рэдакцыя:

— Чарговы доказ таго, што над якасцю нашых мерапрыемстваў яшчэ працаваць ды працаваць... Што скажуць з гэтай нагоды спонсары? Якім павінна быць культурнае мерапрыемства, каб яго не цураліся гледачы ды падтрымалі інвестары?

Віктар Касцяйкоў:

— Цікавым, відовішчным, падзейным і, што немалаважна, — сацыяльна значным.

Рэдакцыя:

— Увогуле, ці стала актуальнай праектная дзейнасць менавіта ў сферы рэгіянальнай культуры?

Віталь Пілер:

— І ў Петрыкаўскім раёне, і ў іншых раёнах Беларусі ёсць шмат цікавага ў гістарычным ды культурным аспектах. Таму распрацоўка падобных культурных праектаў спрыяе больш шчыльным кантактам з мясцовым бізнесам, прыцягвае фінансавыя сродкі на рэалізацыю тых ідэй культработнікаў, на “даводку” якіх не заўседы хапае бюджэтнага фінансавання.

Рэдакцыя:

— Жлобін літаральна ўчора браў удзел у абласной спартакіядзе сярод кіруючых работнікаў. Як казаў начальнік аддзела культуры мясцовага райвыканкама Віктар Бажан, гонар раёна адстаялі. БМЗ спансіраваў гэтае мерапрыемства?

Віктар Касцяйкоў:

 — Прызоў, сапраўды, прывезлі нямала. А праводзілася спартакіяда за кошт абласнога бюджэту... А вось адзін з апошніх спонсарскіх культурных праектаў БМЗ — фінансавая падтрымка раённага фестывалю песні воінаў-інтэрнацыяналістаў, што ваявалі ў Афганістане. Вось тут, на мой погляд, і спалучыліся ўдала відовішчнасць ды глыбокі духоўны змест мерапрыемства.

Рэдакцыя:

— Віктар Аляксеевіч, якое праблемнае пытанне вы вынеслі б на парадак дня выніковай калегіі Міністэрства культуры?

Віктар Касцяйкоў:

— Калі спонсар падтрымлівае, да прыкладу, спорт ці медыцыну, ён мае гарантаваную падатковую палёгку. А вось у дачыненні да фінансавання культуры яна пакуль не такая важкая. Гэтае пытанне, на мой погляд, і патрабуе неадкладнага разгляду на самым высокім міжміністэрскім узроўні.

Рэдакцыя:

— Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 красавіка 2011 года № 145 “Аб некаторых пытаннях падаткаабкладання ў сферах культуры і інфармацыі” выкарыстоўваецца яшчэ не так актыўна. Але вернемся да праектаў. Досвед праектнай дзейнасці на Петрыкаўшчыне даволі неблагі. Ды і начальнік мясцовага аддзела культуры Алена Прадко сваіх супрацоўнікаў да гэтага падштурхоўвае: аб’явіла конкурс праектаў сярод структурных падраздзяленняў — РАМЦ, ГДК, ЦРБ... Але чаму ж праекты петрыкоўцаў пакуль не зацікавілі інвестараў?

Віталь Пілер:

— Сапраўды, наш аддзел культуры прапаноўваў праект па аднаўленні будынка колішняй вінакурні ў вёсцы Лучыцы і стварэнні на яе базе аграэкатурыстычнага комплексу. Летась культработнікі прадставілі на мясцовым інвестфоруме праект стварэння на базе Музея Дзеда Талаша ваенна-гістарычнага падворка. Словам, важкіх ідэй хапае. А тое, што не ўдаецца пакуль прыцягнуць пад іх рэалізацыю спонсараў, — лічу, не надта вялікая бяда, бо мы толькі распачынаем гэтую дзейнасць: яна для нас, пагадзіцеся, яшчэ новая.

Рэдакцыя:

— А як канкрэтна раскручваецеся?

Віталь Пілер:

— Піярым, зноў жа, свае праекты на інвестфорумах, размясцілі праектныя заяўкі на сайтах рай- і аблвыканкамаў... Паступова, лічу, працэс супрацоўніцтва з прыватным бізнесам у рэалізацыі культурных праектаў будзе наладжаны. Ва ўсялякім выпадку, абяцаю, што кіраўніцтва Петрыкаўскага райвыканкама абавязкова будзе спрыяць гэтай дзейнасці і ствараць для інвестараў усе неабходныя ўмовы.

Ала Драган:

— Сярод балючых праблем я акцэнтавала б яшчэ раз агучаную Аляксандрам Вярсоцкім у рамках дадзенай он-лайн-канферэнцыі неадкладную патрэбу ў новым штатным раскладзе... Але “К” ужо безліч разоў пра гэта пісала, а сітуацыя так і не зрушылася з мёртвай кропкі...

Рэдакцыя:

— Ці ўключана знакамітая Сядзіба-музей Васіля Быкава ў раённыя ды рэспубліканскія турыстычныя маршруты?

Сяргей Гарбачоў:

— Безумоўна. У нас ёсць два падобныя маршруты, якія праходзяць па месцах баявой славы, а таксама па іншых знакамітых кутках Ушаччыны, і на абодвух экскурсанты Бычкі не прамінаюць. Дарэчы, сёлета мы плануем правесці добраўпарадкаванне музейнай тэрыторыі ў вёсцы. І гэта будзе толькі пачаткам мерапрыемстваў, што маем правесці ў раёне да 90-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, якое будзем адзначаць у 2014-м.

Таццяна Мельнік:

— А вось яшчэ праблема з ліку невырашальных, пра якую “Культура” таксама неаднаразова згадвала: пастанова Савета Міністраў № 582 не дазваляе знаходзіцца падлеткам ва ўзросце да 18 гадоў на культурна-масавых мерапрыемствах пасля 10-й гадзіны вечара. І гэта вельмі перашкаджае нашай працы, асабліва — у сельскай мясцовасці. Таму дазвольце закрануць сітуацыю яшчэ раз...

Рэдакцыя:

— І мы цудоўна разумеем вашу занепакоенасць...

Таццяна Мельнік:

— Падлеткі ўлетку зазвычай толькі і пачынаюць збірацца на дыскатэкі а 10-й гадзіне вечара. А мы фактычна ім у гэтым адмаўляем, нягледзячы на тое, што, у адпаведнасці з Адміністрацыйным кодэксам Беларусі, непаўналетнім дазваляецца знаходзіцца на вуліцы і пазней за абазначаны час.

Рэдакцыя:

— Аднак у Беларусі ўведзена каменданцкая гадзіна пастановай Саўміна № 772, згодна з якой асобам, што не дасягнулі 16 гадоў, пасля 11-й гадзіны вечара на вуліцы знаходзіцца забараняецца. Іншая справа, што юнакам, якім больш за 16 гадоў, можна было б дазволіць наведванне дыскатэк.

Таццяна Мельнік:

— Так. Бо, гэтым мы, так лічу не я адна, адштурхоўваем дзяцей ад нашых устаноў, дзе яны маглі б культурна і з карысцю бавіць вольны час. А мы адпраўляем іх на вуліцу! Начны клуб у Мінску — гэта, пагадзіцеся, адно, а Дом культуры на сяле — зусім іншае.

Рэдакцыя:

— Агучаная вамі праблема ўзнімалася ўдзельнікамі нашай он-лайн-канферэнцыі неаднойчы. У прыватнасці, на гэтае пытанне звяртаў увагу і дырэктар Плябанаўскага СДК Аляксандр Бабін... Таццяна Іванаўна, а што цяпер адбываецца з рэканструкцыяй аднаго з гарадскіх будынкаў пад Крупскую ЦРБ? Пра рамонтную эпапею з гэтым аб’ектам культуры, як і пра аварыйны стан Глускага ДК, “К” пісала ўжо неаднойчы…

Таццяна Мельнік:

— Летась пад гэтыя мэты мы асвоілі 900 мільёнаў рублёў. А сёлета з абласнога бюджэту пад рамонтныя работы на згаданым аб’екце выдаткавана 2 мільярды рублёў. Так што, як бачыце, рамонтная эпапея з новым будынкам Крупскай ЦРБ блізіцца да лагічнага завяршэння…

Ад рэдакцыі. Мы вельмі ўдзячныя субяседнікам па сённяшняй он-лайн-канферэнцыі. Яна, шчырая і адкрытая, яшчэ раз пераканала: праблемы рэгіянальнай культуры “абраслі барадой”. Справядліва заўважыла загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай ЦРБ Ала Драган: “Газета ўжо безліч разоў пра гэта пісала, а сітуацыя так і не зрушылася з мёртвай кропкі”. Рэдакцыя, натуральна, не прэтэндуе на ролю “цырульніка”, але мае намер “узорваць” праблемнае поле і надалей — з прыцягненнем усіх магчымых міжведамасных сіл.

Адзін з варыянтаў такога фармату: правядзенне “круглых сталоў” не толькі з прадстаўнікамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, але і міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны, фінансаў, унутраных спраў. Пра неабходнасць арганізацыі такіх прадстаўнічых “круглых сталоў” нам казалі і пад час “выязных рэдакцый” на Гомельшчыне і Брэстчыне. І мы ў хуткім часе рэалізуем слушную прапанову. Мо тады і стане зразумела, якімі шляхамі работнікі культуры Беларусі прыдуць да прыстойных заробкаў, аптымальных штатных раскладаў, бяспечных начных дыскатэк, а спонсары палічаць за гонар укладваць грошы ў нацыянальную культуру, багатую традыцыямі, гісторыяй і адметнымі набыткамі? Прынамсі, вельмі хацелася б на гэта спадзявацца...

Матэрыялы падрыхтавалі Яўген РАГІН

і Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ