Скрозь прызму гісторыі

№ 47 (813) 24.11.2007 - 30.11.2007 г

Дзякуючы дапамозе Міністэрства культуры ў хуткім часе выйдзе кніга “Філармонія скрозь прызму часу”. Мы ж сустрэліся з яе аўтарам (і аўтарам двух ранейшых выданняў — “Беларуская дзяржаўная філармонія”, 1981 г., “Музыкі высокае прызванне”, 1988 г.) Георгіем ЗАГАРОДНІМ. Прафесійны журналіст і музыкант, у свой час ён зусім невыпадкова атрымаў ад выдавецтва “Беларусь” замову на такую кнігу: у 1971 — 77 гг. ён узначальваў філармонію ў якасці дырэктара.

 /i/content/pi/cult/138/842/Zagarodni1.jpg
— Гэта быў цудоўны час! — з бляскам у вачах пачаў згадваць Георгій Мікалаевіч. — Ужо напоўню працаваў Мінскі камерны аркестр, якраз у гэты час узніклі “Песняры”, “Верасы”, у 1974-м — “Харошкі”. А ў 1973-м адбылася першая “Беларуская музычная восень”. Дый самі беларускія артысты ў той час шмат гастралявалі па ўсім былым Савецкім Саюзе: Украіна, Алтай, Сахалін, Чувашыя — усяго не пералічыць. Філармонія працавала амаль без дзяржаўных датацый, бо вялікія грашовыя паступленні ішлі ад канцэртаў Віктара Вуячыча, “Песняроў”. Мне вельмі пашчасціла, што маім першым намеснікам па канцэртнай рабоце быў Аляксей Аляксандравіч Кардымон — чараўнік, дый толькі!
Памятаю, Дзюк Элінгтон прыязджаў з трыма канцэртамі ў Маскву, Ленінград і Кіеў. Дык Кардымон “перахапіў” яго “па дарозе” і зладзіў канцэрт у Палацы спорту.
А як мы разам з ім ездзілі ў Ленінград за Эдзітай П’ехай і ансамблем “Дружба”! “Ленканцэрт” усё ніяк не пагаджаўся на гастролі, дык Кардымон знайшоў нейкі свой падыход да яе мужа Бранявіцкага — і ўсё адбылося.
— А як адбывалася ваша праца над кнігай?
— Выкарыстаўшы былыя напрацоўкі, я адрэдагаваў тэкст і, галоўнае, дапоўніў аповед новым раздзелам — пра апошняе 20-годдзе нашай філармоніі, такое багатае на падзеі. Калі ж я рыхтаваў першую кнігу, дык толькі на збор матэрыялу пайшло ледзь не два гады. Бо пачынаць даводзілася літаральна з нуля, а архівы даваенныя, як вядома, практычна не захаваліся. Пераглядзеў усе, пачынаючы яшчэ з 1920-х гадоў, газетныя публікацыі, збіраў успаміны. Прыемна было, што ўсе адгукаліся. Нават Ілля Мусін, які на той час ужо жыў і працаваў у Маскве, даслаў ліст са сваімі ўспамінамі. Усё гэта — наша гісторыя. І яна вартая захавання

Надзея БУНЦЭВІЧ