Пластыка ў майстар-класе

№ 6 (1080) 09.02.2013 - 16.02.2013 г

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва прайшла выстаўка пад назвай “Сумоўе драўлянай скульптуры”, прысвечаная памяці выдатнага скульптара Леаніда Давідзенкі (1941 — 2003 гг.). Мастацкая творчасць была толькі адной з іпастасяў гэтай шматграннай асобы. Многа зрабіў Леанід Рыгоравіч як выкладчык, працуючы ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка — “кузні” абітурыентаў для Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Нямала ягоных вучняў потым вучылася ў Акадэміі і сёння плённа працуе на ніве нацыянальнай культуры.

/i/content/pi/cult/411/8417/1-6.jpeg

Экспазіцыя дае ўяўленне пра творчае кола, да фарміравання якога спрычыніўся Леанід Давідзенка і якое, у сваю чаргу, уплывала на яго як на асобу і творцу. Тут — работы самога майстра, а таксама ягоных калег і вучняў: А.Фінскага, У.Слабодчыкава, П.Лявонава, А.Шапо, С.Ермаловіча, А.Навасёлава, А.Мядзведзева, М.Шняка, А.Сакалова, Н.Стрыжнёвай, І.Арцімовіча. Усе аўтары прадстаўлены работамі, выкананымі ў дрэве. Справа ў тым, што менавіта гэты матэрыял Леанід Давідзенка вельмі шанаваў, вылучаў сярод іншых. Нават у скульптурах, адлітых у метале, адчуваецца адмысловая драўляная пластыка. Згадайма хоць бы самы вядомы шырокай грамадзе манументальны твор Давідзенкі — скульптура “Купалле” на сталічным праспекце Пераможцаў.

/i/content/pi/cult/411/8417/1-7.jpeg

Магчыма, выстаўка ўяўляе асаблівую цікавасць для народных майстроў — разьбяроў па дрэве. Так склалася, што стылістыка гэтага віду нашага самадзейнага мастацтва грунтуецца на перайманні прафесійнай рэалістычнай скульптуры. Між тым, дрэва — гэта ўнікальны матэрыял, з якога можна рабіць што заўгодна, у тым ліку абстрагаваную і цалкам абстрактную пластыку. Для народных майстроў, самадзейных мастакоў, для каго дрэва — фактычна адзіны даступны матэрыял, выстаўка “Сумоўе драўлянай скульптуры” сталася сапраўдным майстар-класам…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"