Экспазіцыя дае ўяўленне пра творчае кола, да фарміравання якога спрычыніўся Леанід Давідзенка і якое, у сваю чаргу, уплывала на яго як на асобу і творцу. Тут — работы самога майстра, а таксама ягоных калег і вучняў: А.Фінскага, У.Слабодчыкава, П.Лявонава, А.Шапо, С.Ермаловіча, А.Навасёлава, А.Мядзведзева, М.Шняка, А.Сакалова, Н.Стрыжнёвай, І.Арцімовіча. Усе аўтары прадстаўлены работамі, выкананымі ў дрэве. Справа ў тым, што менавіта гэты матэрыял Леанід Давідзенка вельмі шанаваў, вылучаў сярод іншых. Нават у скульптурах, адлітых у метале, адчуваецца адмысловая драўляная пластыка. Згадайма хоць бы самы вядомы шырокай грамадзе манументальны твор Давідзенкі — скульптура “Купалле” на сталічным праспекце Пераможцаў.
Магчыма, выстаўка ўяўляе асаблівую цікавасць для народных майстроў — разьбяроў па дрэве. Так склалася, што стылістыка гэтага віду нашага самадзейнага мастацтва грунтуецца на перайманні прафесійнай рэалістычнай скульптуры. Між тым, дрэва — гэта ўнікальны матэрыял, з якога можна рабіць што заўгодна, у тым ліку абстрагаваную і цалкам абстрактную пластыку. Для народных майстроў, самадзейных мастакоў, для каго дрэва — фактычна адзіны даступны матэрыял, выстаўка “Сумоўе драўлянай скульптуры” сталася сапраўдным майстар-класам…