Як без "прома" — невядома...

№ 6 (1080) 09.02.2013 - 16.02.2013 г

Як знайсці шляхі для "выхадаў у свет" і "погляду збоку" невялікаму тэатру?

Палескі драматычны тэатр у Пінску

У Палескім драматычным тэатры пасля працяглага перапынку з’явіўся новы дырэктар — Аляксандр Мікалаевіч Лукашэнка, вядомы па працы ў Пінскім гарвыканкаме. І гэтая навіна стала падставай для нашага больш пільнага позірку ў бок тэатральнага Палесся ды, шырэй, жыцця несталічных тэатраў. І нават не абласных. Тым больш, што і размова можа ісці зусім не “беспрадметная”: адразу пасля навагодніх святаў малады рэжысёр тэатра Павел Марыніч, які ў свой час выказваў на старонках “К” меркаванні наконт Другой Нацыянальнай тэатральнай прэміі, даслаў нам відэазапісы некалькіх сваіх спектакляў. Сярод іх — дзве нядаўнія нацыянальныя прэм’еры: летась у чэрвені тэатр паставіў “Раскіданае гняздо” Я.Купалы, у апошнія дні кастрычніка — “Чорную панну Нясвіжа” А.Дударава. Цяпер там будзе аднаўляцца пасля пэўнага перапынку дыпломная рэжысёрская работа Паўла Марыніча — вострасацыяльная драма “Я хачу дамоў” Л.Разумоўскай, разлічаная найперш на маладзёжную аўдыторыю. І хаця ніякі відэазапіс не дае поўнага ўяўлення пра жывое тэатральнае мастацтва, казаць ёсць пра што: і пра згаданыя спектаклі, і пра тыя праблемы, што стаяць перад тэатрам, і пра магчымасці “маленькіх” тэатраў у невялікіх (хоць Пінск і не такі ўжо “невялікі”!) гарадах.

Візітоўка-2012

“Візітоўкай” Палескага тэатра спрадвеку прызнана “Пінская шляхта”. Не так даўно перад будынкам тэатра з’явіліся нават скульптурныя выявы герояў гэтай п’есы В.Дуніна-Марцінкевіча. Але ж “візітоўкай” 2012-га сталася “Раскіданае гняздо” Я.Купалы. Гэта разумеюць і ў самім тэатры: невыпадова гэты спектакль вылучаўся на Нацыянальную прэмію (але не прайшоў адбор, таму ў сталіцы не паказваўся), а рэжысура Паўла Марыніча была прызнана тэатрам лепшай працай года. І ёсць за што!

П’еса Я.Купалы была кардынальна перапрацавана, пяць дзей укладзены ў дзве. Данілка, які майструе скрыпачку, “ператварыўся” ў значна пасталеўшую Аленку: ну не хапае ў трупе хлопцаў, няма і артыстак травесці, таму некаторыя хлапчуковыя ролі даводзіцца “перапісваць” (так атрымалася, дарэчы, і з п’есай Л.Разумоўскай, дзе двое падлеткаў сталі дзяўчынкамі). Але ўсё гэта — толькі знешнія змены. Галоўнае — прынцыпова іншым для гэтай п’есы стала ўласна відовішча. Многія падзеі, вынесеныя аўтарам “за сцэну” і пададзеныя праз аповед іншых персанажаў, былі візуалізаваны. Спектакль, які традыцыйна ўспрымаецца адно як бясконцыя размовы, атрымаў яркія пластычныя ўкрапванні (ці моманты паралельнага дзеяння), прысвечаныя псіхалагічнаму стану герояў. Тут і гісторыя кахання Зоські (надзвычай адораная і перспектыўная Юлія Брылёва) да Паніча, вырашаная размеркаванай у часе танцавальнай сюітай, і разгорнутыя “тлумачэнні” (не словамі, а рухамі) таго, якія душэўныя мукі падштурхнулі Лявона да самагубства, Зоську — да яго няўдалай спробы. Гэта робіць спектакль больш відовішчнай дзеяй, а назіраннем за “гаворачымі галовамі”.

/i/content/pi/cult/411/8414/2-1.jpeg

Але і гэта не самае важнае. Яшчэ больш значнай адметнасцю спектакля становіцца “перачытанне” Я.Купалы скрозь прызму не адно рэалізму, але і сімвалізму, уласціваму творчасці паэта, а таксама — папраўдзе “выбуховага” экспрэсіянізму (апошнюю рысу ў купалаўскіх тэкстах звычайна не заўважаюць, у лепшым выпадку ператвараючы ў “плакатную” публіцыстычнасць). Цэнтральным становіцца пераасэнсаваны вобраз… гогалеўскай “птушкі-тройкі”, дзе замест імклівых коней, што нібыта ляцяць у паветры, — запрэжаныя сяляне, а паганяты — Паніч, які становіцца абагульненым сімвалам няволі. Вядома, асобныя прыёмы “падгледзены” рэжысёрам у замежных калег, штосьці можна лічыць “паралельнымі знаходкамі”. Але адсутнасць “кінутых” на паўдарозе ідэй і тое, як “да месца”, з добрым густам, асэнсаваннем і далейшым развіццём выкарыстана кожная дэталь, сведчыць пра высокапрафесійны падыход і робіць спектакль зусім не шараговай з’явай. Так што пінчанам у гэтым сэнсе можна шчыра пазайздросціць — і паспачуваць сталічным тэатралам, у якіх менш магчымасцей убачыць пастаноўку.

Адзначым і на дзіва стыльнае, гарманічнае суіснаванне ў “Раскіданым гняздзе” работ мастака Алены Гаўрыловіч і вядомага беларускага кампазітара Алега Хадоскі. “Разыначкай” сцэнаграфіі і сцэнічных строяў успрымаецца зварот да такога прыёму народнага ткацтва і вышыўкі, як сеціва — чаргаванне пасмаў нітак ці тонкіх палосак тканіны з “дзіркамі”-праёмамі. У вобразнай палітры спектакля такія спляценні-скрыжаванні ўзбагачаюцца шэрагам асацыяцый: ад фальклорных павеваў да турэмных кратаў і “паласатага” жыцця. Праз элементы “жаночага рукадзелля” акцэнтуецца ў спектаклі і тэма жаночай долі, і адчуванне самой Беларусі як “матчынай старонкі”.

Музыка ж увогуле надае дзеі агульначалавечы разгорт. Звыклы “плач цымбалаў” хіба папярэджвае дзеянне. Далей жа невялікія стылізаваныя моманты зрэдку разраджаюць насычанае сімфанічнае палатно са сцішанымі харавымі астраўкамі, прасякнутымі ўзвышанай харальнасцю. Высакароднасць музыкі, яе “далучанасць” да еўрапейскай музычнай прасторы значна пашыраюць саму аўру спектакля, быццам пасоўваюць межы сцэны (а яна ў Палескім тэатры папраўдзе маленечкая, разгарнуцца няма дзе).

Імкненне да асаблівага “амузычвання” спектакляў увогуле можа лічыцца асаблівасцю творчага почырку Паўла Марыніча. Хтосьці, праўда, можа паставіць гэта рэжысёру ў віну: маўляў, несучасна, спектакль можа абысціся двума-трыма камп’ютарнымі “матыўчыкамі” — для стварэння фону. Але пастаноўшчык упарта працягвае традыцыі жанру меладрамы ў яе першасным сэнсе — дэкламацыі на фоне музыкі. Гэта, да ўсяго, дапамагае яму “прыкрываць” некаторыя акцёрскія недахопы (а яны ёсць; музыка “дагаворвае” за герояў іх пачуцці, стварае адпаведную эмацыйную атмасферу) і расстаўляць кульмінацыі. Нават калі ён не звяртаецца да прафесійных кампазітараў, а падбірае музыку самастойна, дык атрымліваецца настолькі натуральна, быццам гэтым займаўся спецыяліст: усё выкарыстана “да месца”.

Эфекты і соцыум

Далёка не ўсё бясспрэчна ў “Чорнай панны Нясвіжа”: і зварот да рускамоўнай версіі, і моманты побытавага “асучаснівання” даўніны. Але і тут заўважна жаданне рэжысёра максімальна “расквеціць” дзеянне — у тым ліку, праз эфект “тэатра ў тэатры”. Далучэнне да крыху адрэдагаванага тэксту А.Дударава гістарычных даведак, агучаных “італьянскімі артыстамі”, не толькі надае спектаклю асветніцкі характар, але і вымушае аддзяляць міфалагізацыю ад гістарычных фактаў.

Палескі тэатр застаецца адзіным у рэспубліцы, дзе была пастаўлена п’еса Л.Разумоўскай “Дадому!..”, прысвечаная не толькі не “падслашчанай”, а яшчэ і абвостранай трагедыі кінутых дзяцей. Здавалася б, навошта нам дакрананне да праблем, больш уласцівых расійскім мегаполісам? Наколькі сёння можа быць цікава “асучасненае” (і памаладзелае) горкаўскае “дно”, антыподам да якога бачуцца духоўныя вяршыні? Але праз безвыходнасць чужой бяды, прапушчанай праз сваё сэрца, хутчэй знаходзіцца ўзаемаразуменне бацькоў і дзяцей. Прыцягвае спектакль і “цяжкіх падлеткаў”, бо прыадчыняе ім “бязмежныя магчымасці” поўнай свабоды ад дарослых.

Штурм замест прастояў

Але ж ці значыць гэта, што ў самога тэатра — “няма праблем”? Ні ў якім разе! Менавіта іх давядзецца вырашаць новаму кіраўніцтву, на якое ўскладаюцца вялікія надзеі. У пінскім тэатры, як і ў іншых трупах з раёнаў, — вечны дэфіцыт артыстаў. Вось і зараз: тэрмінова робяцца ўводы, бо з тэатра сышоў яшчэ адзін вядучы выканаўца, а пры трупе ў паўтара дзясятка чалавек на падвойныя склады ды “замены” разлічваць немагчыма. Але ж у тэатра ёсць і перавагі! Калі на іншых сцэнах маладым артыстам даводзіцца па некалькі гадоў заставацца ў масоўцы ды ў лепшым выпадку “скакаць зайчыкамі”, дык у Пінску яны з першых дзён атрымліваюць цэнтральныя ролі. Тое ж самае — з рэжысёрамі: адразу “творчы штурм” замест ныцця з прычыны “прастояў” і немагчымасці рэалізаваць свае памкненні. Маленькія ж памеры сцэны — цудоўны плацдарм для эксперыментаў!

/i/content/pi/cult/411/8414/2-2.jpeg

Палескаму тэатру, як і яго калегам, бракуе хоць якіх-небудзь “выхадаў у свет”, за межы свайго рэгіёна. А гэта магло б стаць значным стымулам: і для таго, каб “не сыходзілі”, і для ўласна творчых пошукаў. Вось толькі запрашэнні самі з неба не зваляцца — патрэбна вялікая папярэдняя праца: не толькі пастановачна-акцёрская, што само сабой зразумела, але і прадзюсарская. Тэатру, па-першае, неабходны сайт, які будзе рэгулярна абнаўляцца, бо пакуль ёсць толькі старонка ў сацыяльнай сетцы. Неабходна прадугледзець запісы спектакляў (пакуль гэта калі хто ў Пінску і робіць, дык для сябе асабіста, на ўласныя сродкі): яны патрэбны і ў якасці “прома-матэрыялаў”, і з мэтай “погляду збоку” — саміх жа артыстаў. Ёсць сэнс больш мэтанакіравана падысці і да фарміравання рэпертуару. У ім абавязкова павінна з’явіцца штосьці адметнае, звязанае з мясцовай гісторыяй, традыцыямі — і, разам з тым, цікавае не толькі “тутэйшым”, але і замежнікам (хто ў нас не марыць пра выезды ў замежжа!). Гэта можа быць, да прыкладу, духоўная ці нават біблейская тэматыка, але ў найноўшай, а не традыцыйнай эстэтыцы: Пінск у свой час быў адным з цэнтраў пратэстантызму ў Беларусі. А ці мала яўрэяў тут жыло? Чаму б не выкарыстаць і гэтую “зачэпку”? Шмат магчымасцей адкрывае і сама назва тэатра — Палескі. Бо Палессе ахоплівае сёння тэрыторыі не толькі Беларусі, але і Польшчы, Украіны, Расіі. Дый само геаграфічнае месцазнаходжанне тэатра дыктуе яму магчымае пашырэнне паўднёва-заходняга вектару стасункаў. А наколькі карысным быў бы для тэатра зварот да запрошаных рэжысёраў! І абавязкова — запрашэнне на прэм’еру крытыкаў.

Так што перспектывы — ёсць. Галоўнае — зразумець, што маленькія тэатры не павінны быць “маленькай” (ва ўсіх сэнсах) копіяй “вялікіх” сталічных. Тут як ні намагайся, нічога лепшага за бляклую падробку не атрымаецца. Іх шлях — у максімальным выкарыстанні сваіх мясцовых асаблівасцей, у ператварэнні кожнага “мінуса” ў патэнцыйны “плюс”. І ў тым — залог індывідуальнасці ды цікавасці для іншых. Ну а высокія мастацкія якасці — гэта ўжо, бясспрэчна, само сабой…

На здымках: сцэны са спектакляў "Раскіданае гняздо" і "Чорная панна Нясвіжа".

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"