Знайсці ўнікальнае палатно? У Беларусі — не складана!

№ 6 (1080) 09.02.2013 - 16.02.2013 г

Цягам апошніх некалькіх дзён інтэрнэт-прастора літаральна “ўзарвалася” ад незвычайнага факта: у адным з касцёлаў была адшукана ўнікальная трохметровая карціна пэндзля знакамітага мастака, прафесара жывапісу Яна Кшыштафа Дамеля, дарэчы, аднаго з герояў рубрыкі нашай газеты “Вяртанне імёнаў”.

Палатно захоўвалася ў вёсцы Вішнева Смаргонскага раёна, а знайшоў яго вернік гомельскага касцёла Анатоль Шчучко.

— Вішнева — мая малая радзіма, і я пастаянна наведваў мясцовы касцёл, дзе заўсёды бачыў гэтую карціну, — падзяліўся ён сваімі ўспамінамі з карэспандэнтам “К”. — Палатно знаходзілася ў далёкім куце, цалкам пацямнелае, ніхто ўжо не ведаў, адкуль яно тут узялося. Але, вывучаючы архіўныя дакументы, я даведаўся пра сапраўдную яго гісторыю. Аказалася, палатно, якое мае назву “Святы Язэп з Дзіцяткам Ісусам”, напісаў у 1811 годзе менавіта Ян Дамель.

/i/content/pi/cult/411/8413/1-3.jpeg

Як даведаўся Анатоль Шчучко, у касцёле на пачатку XIX стагоддзя знаходзілася яшчэ адна карціна знакамітага мастака: выява святога Тадэвуша. Але у Першую сусветную вайну гэтая карціна загінула разам з драўляным храмам, пабудаваным побач з касцёлам.

Адшуканы абраз пасля Першай сусветнай доўгі час заставаўся ў будынку колішняга касцёла. А цяпер унікальную карціну Яна Дамеля Анатоль Шчучко адвёз у Гомельскі палацава-паркавы ансамбль на рэстаўрацыю.

Займаецца абразам прафесійны мастак, рэстаўратар музейнай установы Яўгенія Фей.

— На сённяшні дзень мы зрабілі галоўную работу: адчысцілі карціну ад бруду, — паведаміла “К” супрацоўніца музея. — Цяпер будзем выдаляць аўтарскі лак, бо з-за перападу тэмператур і дрэнных умоў захоўвання шматлікіх дэталей на палатне наогул цяпер не відаць. Завяршыць усе рэстаўрацыйныя работы плануем ужо ў маі…

Менавіта тады, напрыканцы вясны, у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі плануецца прэзентаваць карціну Яна Дамеля для шырокага кола гледачоў. А ўжо потым унікальнае палатно адправіцца назад у вясковы касцёл і зойме там пачэснае месца над галоўным алтаром.

Унікальнасць гэтай знаходкі, як распавёў Анатоль Шчучко, яшчэ ў тым, што работы Яна Дамеля захоўваюцца, у асноўным, у нацыянальных мастацкіх музеях Літвы і Польшчы. Таму можна прадказаць, што пасля перавозкі адрэстаўраванай карціны ў касцёл у Вішневе гэтае паселішча Гродзешчыны будуць вельмі часта наведваць як айчынныя, так і замежныя турысты…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"