Ідэі ёсць. Інвестары пад кнігі — таксама?

№ 6 (1080) 09.02.2013 - 16.02.2013 г

Чаму бібліятэкары з райцэнтраў не спяшаюцца “прадаваць” крэатыў?

7 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшоў Кірмаш інвестыцыйных праектаў. Мерапрыемства ладзілася ў рамках XX Мінскай міжнароднай выстаўкі-кірмашу “Кнігі Беларусі”. Як кажа намеснік дырэктара НББ па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Алесь СУША, мерапрыемства ўпершыню праводзілася ў такім фармаце. Цягам двух папярэдніх гадоў прэзентавалася некалькі рэалізаваных ужо праектаў, а таксама анансаваўся рэестр кніжных помнікаў, найбольш важных для айчыннай культуры, якія варта альбо вярнуць з-за мяжы на Беларусь, альбо факсімільна аднавіць. Задзел за гэты час зроблены неблагі (НББ па выніках мінулага года ўзнагароджана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва). Кірмаш — працяг работы з інвестарамі для рэалізацыі самых розных “кніжных” праектаў.

/i/content/pi/cult/411/8412/1-2.jpeg

Факсімільна-электронны вынік

Апрача прэзентацыйных дзей, працавала на кірмашы і кніжная выстаўка, дзе на стэндзе НББ, акрамя факсімільных выданняў (вынік рэалізаваных праектаў), былі прадстаўлены старадрукі, рэдкія сучасныя кнігі, а таксама варыянты будучых праектаў як “прынада” для інвестараў.

Што ўжо зроблена? Пра кожны з рэалізаваных праектаў “К” пісала, таму вынік пазначым пункцірна. Калі ў 2009-м выйшла толькі адна факсімільная кніга (працягвалася праца і над Слуцкім Евангеллем, выдадзеным праз час разам з Экзархатам), дык летась такіх праектаў было ажно сем. Нешта бібліятэка зрабіла сама, нешта — з партнёрамі. Дзяржаўна-прыватныя стасункі аказаліся досыць эфектыўнымі...

А яшчэ былі праекты па вяртанні рэдкіх і каштоўных кніг з-за мяжы ці ад прыватнікаў-калекцыянераў. За мінулы год такіх выданняў набралася каля 850. Варта дадаць, што існуюць і альтэрнатыўныя варыянты вяртання. Замежныя дзяржаўныя кніжныя зборы арыгіналы аддаюць (у тым ліку і на часовае захаванне), мякка кажучы, без ахвоты. Тады на радзіму “едуць” лічбавыя копіі. Менавіта так да нас трапілі летась выданні Скарыны...

Слова — за партнёрам

На інвестыцыйны кірмаш меркавалася запрасіць партнёраў. І не толькі прадстаўнікоў пасольстваў. А партнёры ў НББ, па словах Алеся Сушы, — самыя разнастайныя: выдавецтва “Мастацкая літаратура”, Расійская дзяржаўная бібліятэка, украінскія бібліятэчныя ўстановы. А таксама — выдаўцы, банкаўскія структуры, недзяржаўныя арганізацыі самага шырокага профілю (да прыкладу, кампаніі па продажы капіравальнай тэхнікі), грамадскія арганізацыі (Беларускі фонд культуры).

Словам, бізнес-асяродак з Беларусі, Украіны, Расіі. Гэткія ж і спосабы ўзаемадзеяння: нешта з праектаў Нацыянальная бібліятэка Беларусі рэалізуе за інвестарскія грошы, нешта — у выніку, так бы мовіць, узаемавыгаднага бартару.

А што прапануюць раёны?

З нашай Нацыянальнай бібліятэкай усё зразумела. Было б дзіўна, каб вядучая “кніжная ўстанова” не ўражвала стракатасцю задумак і не здзіўляла эфектыўнасцю іх ажыццяўлення. А наколькі выніковым з’яўляецца дыялог паміж абласнымі, раённымі бібліятэчнымі ўстановамі і патэнцыйнымі інвестарамі? Алесь Суша перакананы, што існуюць усе падставы для таго, каб такі дыялог ужо цяпер прыносіў плён. У тым ліку і на раённым узроўні. Прыватныя структуры, маўляў, даўно саспелі да ўсебаковай падтрымкі культурных ініцыятыў. Іншая справа, што бібліятэкары з райцэнтраў пакуль не спяшаюцца прадаваць уласныя крэатыўныя ідэі. Якія? Спіс можна доўжыць бясконца. Да прыкладу, выданне ёмістых краязнаўчых мультымедыйных матэрыялаў — не на адну-дзве тэкставыя старонкі з невыразнымі здымкамі, а такіх, якія можна будзе выдаваць за аплату напракат самаму шырокаму колу чытачоў. Хто бачыў бібліятэчныя выданні пра лёс і творчасць Язэпа Драздовіча? У Глыбокім і Шаркаўшчыне — процьма матэрыялу для такога падарункавага альбома. А ў Капылі — пра Цішку Гартнага... У Вялікай Бераставіцы бібліятэкары і па сёння нясмела распавядаюць, што тут, ёсць меркаванне, Кастусь Каліноўскі друкаваў асобныя нумары “Мужыцкай праўды”... Словам, падстаў для неадкладнага завязвання стасункаў са спонсарамі хапае.

Вобласці апярэджваюць

Так, у раёнах абмяжоўваюцца збольшага выданнем брашур з творамі мясцовых самадзейных літаратараў. Прадукт, даруйце, для вельмі абмежаванага і ўнутранага спажывання. Як распавядае Алесь Суша, у абласных бібліятэках пакуль больш прыкладаў сапраўды дзейснага ўзаемадзеяння з партнёрамі. У выніку пабачылі свет “Берасцейскія кнігазборы”. Брэсцкая абласная бібліятэка і НББ ініцыявалі разам праекты, звязаныя з ушанаваннем Брэсцкай бібліі, якой спаўняецца 450 гадоў, і яе факсімільным ці электронным выданнем...

Сярод дадатных прыкладаў праектнай актыўнасці раёнаў Алесь Суша назваў метадычнае супрацоўніцтва НББ з Навагрудскай раённай бібліятэкай менавіта ў рэчышчы выдавецкага праектавання. Яно прадугледжвае і прыцягненне інвестыцый ды рэкламную раскрутку прыватных камерцыйных структур. Апошнія ўсё часцей звяртаюць увагу на акцыі культурнага зместу. Інакш кажучы, быць сацыяльна адказным становіцца модным. Попыт “праклёўваецца”, а прапаноў пакуль — недаравальна мала…

На здымку: пад час кніжнага кірмашу ў "БелЭКСПА".

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"