Далей — справа за маркетолагамі

№ 6 (1080) 09.02.2013 - 16.02.2013 г

Імправізаваны кірмаш інвестыцыйных праектаў Нацыянальнай бібліятэкі, які прайшоў у сценах "БелЭКСПА", выклікаў досыць вялікую цікавасць з боку наведвальнікаў. Што і казаць, каля Нацыянальнага стэнда Беларусі нават стварыўся "корак" з ахвотных пазнаёміцца з цікавымі праектамі НББ.

Адразу падумалася, што асноўную аўдыторыю "слухачоў" складуць менавіта тыя, хто зацікаўлены найперш у інвестыцыйных праектах — прадстаўнікі абласных і раённых бібліятэк. Аднак, як аказалася, вылавіць "захавальнікаў друкаванага слова" з рэгіёнаў стала задачай даволі складанай. Нешматлікія прадстаўнікі бібліятэк імгненна разбегліся па выставачных стэндах у пошуку кніжных рэлізаў .

Пры гэтым Кірмаш інвестыцыйных праектаў апрыёры разглядаўся як добрая магчымасць для кіраўнікоў рэгіянальных бібліятэк пазнаёміцца з патэнцыйным спонсарам, няхай сабе і адным, а калі больш канкрэтна — кіраўніком Апякунскага савета Нацыянальнай бібліятэкі, старшынёй Праўлення прадстаўніцтва "XEROX" у Беларусі Аляксандрам Швецам. Апошні пацвердзіў зацікаўленасць у далейшай падтрымцы шэрагу асветніцкіх праектаў, у першую чаргу — скіраваных на вяртанне рарытэтных кніг на радзіму.

/i/content/pi/cult/411/8411/1-1.jpeg

Як адзначыў бізнесмен, сумесна з кіраўніцтвам Нацыянальнай бібліятэкі летась быў вызначаны яшчэ адзін прыярытэтны кірунак супольнай працы. На думку Аляксандра Швеца, сёння надзвычай актуальна пазнаёміць максімальную колькасць нашых суайчыннікаў з беларускай кніжнай спадчынай. А таму ў гэтай справе важна не проста перавыдаць рарытэт, але і зрабіць яго якасны пераклад, а таксама падрыхтаваць навуковыя каментарыі. Па словах кіраўніка Апякунскага савета, сёлета плануецца вярнуць такім чынам далёка не адно знакавае для нашага народа выданне.

Думаецца, шэраг праектаў з разлікам на прыцягненне спонсарскіх сродкаў на выданне факсіміле найбольш запатрабаваных кніг маецца і ў рэгіянальных бібліятэках. Балазе славутых землякоў, працы якіх сёння раскіданы па свеце, не так ужо і мала. А таму далейшы працяг падобных кірмашоў інвестыцыйных праектаў бачыцца ў трохі іншай форме — дыялога, пад час якога ўсе зацікаўленыя бакі змогуць дасягнуць паразумення і выгоды.

І ўсё ж, нягледзячы на ўсе формы, галоўны фактар поспеху — актыўнасць ды жывая зацікаўленасць бібліятэкараў і выдаўцоў у рэалізацыі амбітных праектаў. А якая актыўнасць, калі на такім карысным ва ўсіх адносінах мерапрыемстве Нацыянальнай бібліятэкі не прысутнічалі маркетолагі, прынамсі, абласных бібліятэк? Спадзяёмся, што ў апошнія дні працы сёлетняй Кніжнай выстаўкі-кірмашу айчынныя бібліятэкары, няхай сабе і ў рамках іншых праектаў, усё ж змогуць абмяняцца цікавымі ідэямі, а плён іхняй дзейнасці не прымусіць сябе чакаць…

К.А. 

На здымках: выступае Аляксандр Швец пад час кірмашу інвестыцыйных праектаў.

Фота Юрыя ІВАНОВА