“Сэканд-хэнд” з неадпаведнасцю

№ 6 (1080) 09.02.2013 - 16.02.2013 г

Найноўшы этап у гісторыі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, несумненна, пачаўся ў 2009 годзе, калі адбылося аб’яднанне опернай і балетнай труп ды іх вяртанне ва ўласны будынак пасля рэканструкцыі. Адна са станоўчых рыс гэтага перыяду звязана са значным пашырэннем міжнароднай актыўнасці тэатра. Новае кіраўніцтва арганізавала Маладзёжны форум опернага мастацтва краін СНД, Балтыі і Грузіі, тройчы — Мінскі міжнародны Калядны оперны форум (у рамках апошняга адбыўся фінал Міжнароднага конкурсу спевакоў, выканаўцаў італьянскай оперы “Competizione dell’Opera”). Але заўважце: усе названыя мерапрыемствы — оперныя.

А як жа балет? На першы погляд, апошнія гады сталі сапраўдным прарывам. Пасля пэўнай ізаляцыі ў Мінск з зайдроснай рэгулярнасцю пачалі наведвацца гастралёры. Але не будзем упадаць у эйфарыю. За апошнія гады мы ўбачылі адзінкавыя “свежыя” пастаноўкі, якія можна лічыць мастацкімі адкрыццямі. У першую чаргу гэта “Анна Карэніна” (2005 г.) і “Чайка” (2007 г.) Барыса Эйфмана, а таксама асобныя пастаноўкі Тбіліскага тэатра оперы і балета. Па-свойму арыгінальнымі, хоць і спрэчнымі, выглядалі “Шчаўкунок” і “Дождж” (абедзве — 2007 г.) Раду Паклітару.

Што да астатняй харэаграфіі… Балет “Мара” Нацыянальнай танцавальнай кампаніі Уэльса больш нагадваў прадукцыю правінцыйнай трупы. “Кармэн-сюіта” ў харэаграфіі Алонса, што была паказана ў рамках Фестывалю Юрыя Башмета, падалася “зборнай” камандай выканаўцаў. Яшчэ былі “Сем прыгажунь” Азербайджанскага тэатра оперы і балета, “Клоп” і “Радэн” Санкт-Пецярбургскага тэатра імя Леаніда Якабсона… Спектаклі, прадстаўленыя ў рамках праекта “Рускія сезоны ХХІ стагоддзя”, часам выглядалі як… запыленыя музейныя экспанаты. Згаданыя пастаноўкі з “Сезонаў…”, юбілейны вечар Андрыса Ліепы, а таксама сольны канцэрт Фаруха Рузіматава, што адбыўся ў мінулую суботу ў Нацыянальным тэатры оперы і балета, нагадвалі яшчэ і спробу зарабіць немаленькія грошы на сапраўды зорных выканаўцах, чый росквіт прыйшоўся на мінулыя гады.

Як ні круці, а ёсць тут неадпаведнасць паміж чароўнай аўрай, легендай, што ўзнікла вакол імёнаў іх стваральнікаў (кампазітараў, харэографаў, выканаўцаў) і рэальнасцю. А яшчэ засмучае стаўленне да публікі. Няўжо нас лічаць тымі, каму можна прадаць балетны “сэканд-хэнд”?

Чаму б не запрасіць на гастролі калектывы, што знаходзяцца ў авангардзе сучаснага мастацкага працэсу? Напрыклад, маскоўскі Музычны тэатр імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі або санкт-пецярбургскі Міхайлаўскі тэатр. Няўжо творчыя вечары ва ўласным тэатры не заслужылі айчынныя салісты? Напрыклад, чым Канстанцін Кузняцоў і Юлія Дзятко ці Вольга Гайко і Дзяніс Клімук горшыя за Андрыса Ліепу, які мае вельмі ўскоснае дачыненне да Беларусі?

Мяркую, кіраўніцтва тэатра, што робіць вельмі шмат для развіцця айчыннага опернага мастацтва, можа змяніць сітуацыю і ў балетнай сферы.

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ