А як жа балет? На першы погляд, апошнія гады сталі сапраўдным прарывам. Пасля пэўнай ізаляцыі ў Мінск з зайдроснай рэгулярнасцю пачалі наведвацца гастралёры. Але не будзем упадаць у эйфарыю. За апошнія гады мы ўбачылі адзінкавыя “свежыя” пастаноўкі, якія можна лічыць мастацкімі адкрыццямі. У першую чаргу гэта “Анна Карэніна” (2005 г.) і “Чайка” (2007 г.) Барыса Эйфмана, а таксама асобныя пастаноўкі Тбіліскага тэатра оперы і балета. Па-свойму арыгінальнымі, хоць і спрэчнымі, выглядалі “Шчаўкунок” і “Дождж” (абедзве — 2007 г.) Раду Паклітару.
Што да астатняй харэаграфіі… Балет “Мара” Нацыянальнай танцавальнай кампаніі Уэльса больш нагадваў прадукцыю правінцыйнай трупы. “Кармэн-сюіта” ў харэаграфіі Алонса, што была паказана ў рамках Фестывалю Юрыя Башмета, падалася “зборнай” камандай выканаўцаў. Яшчэ былі “Сем прыгажунь” Азербайджанскага тэатра оперы і балета, “Клоп” і “Радэн” Санкт-Пецярбургскага тэатра імя Леаніда Якабсона… Спектаклі, прадстаўленыя ў рамках праекта “Рускія сезоны ХХІ стагоддзя”, часам выглядалі як… запыленыя музейныя экспанаты. Згаданыя пастаноўкі з “Сезонаў…”, юбілейны вечар Андрыса Ліепы, а таксама сольны канцэрт Фаруха Рузіматава, што адбыўся ў мінулую суботу ў Нацыянальным тэатры оперы і балета, нагадвалі яшчэ і спробу зарабіць немаленькія грошы на сапраўды зорных выканаўцах, чый росквіт прыйшоўся на мінулыя гады.
Як ні круці, а ёсць тут неадпаведнасць паміж чароўнай аўрай, легендай, што ўзнікла вакол імёнаў іх стваральнікаў (кампазітараў, харэографаў, выканаўцаў) і рэальнасцю. А яшчэ засмучае стаўленне да публікі. Няўжо нас лічаць тымі, каму можна прадаць балетны “сэканд-хэнд”?
Чаму б не запрасіць на гастролі калектывы, што знаходзяцца ў авангардзе сучаснага мастацкага працэсу? Напрыклад, маскоўскі Музычны тэатр імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі або санкт-пецярбургскі Міхайлаўскі тэатр. Няўжо творчыя вечары ва ўласным тэатры не заслужылі айчынныя салісты? Напрыклад, чым Канстанцін Кузняцоў і Юлія Дзятко ці Вольга Гайко і Дзяніс Клімук горшыя за Андрыса Ліепу, які мае вельмі ўскоснае дачыненне да Беларусі?
Мяркую, кіраўніцтва тэатра, што робіць вельмі шмат для развіцця айчыннага опернага мастацтва, можа змяніць сітуацыю і ў балетнай сферы.
Дзяніс МАРЦІНОВІЧ