Гастрольныя “нажніцы”

№ 6 (1080) 09.02.2013 - 16.02.2013 г

"Гасцявыя": аншлагі ці праблемы?

Гастролямі апошнім часам нас не здзівіш. У тым ліку — балетнымі. І якой бы якасці яны ні былі, радавацца можна заўсёды. Бо вучыцца лепш на чужых памылках, а не на ўласных. У выпадку ж станоўчага прыкладу — ёсць што пераймаць. Менавіта з гэтага пункта гледжання паспрабуем ацаніць нядаўні прыезд Санкт-Пецярбургскага тэатра імя Л.Якабсона з трыма спектаклямі і сольны вечар “Трыумф танца” народнага артыста Расіі Фаруха Рузіматава.

Тэатр, заснаваны Леанідам Якабсонам, шмат увагі, вядома, надае папулярызацыі яго творчай спадчыны. Калі мініяцюры, што складаюць аднаактовы балет “Радэн”, былі ў рэпертуары пастаянна, дык “Клоп” адноўлены зусім нядаўна. І тое, з якой любоўю гэта зроблена, наводзіць на развагі пра стаўленне да нашай нацыянальнай спадчыны. Якабсон працаваў у час панавання драмбалета (ці харэадрамы), калі ад танцавальнага мастацтва патрабавалі сюжэтнага пераказу, у тым ліку з дапамогай зразумелых жэстаў. Сёння ў пастаноўках гэты “стылёвы почырк часу” добра адчувальны, але невыпадкова яго работы можна лічыць адной з вяршынь гэтага зусім не бясспрэчнага кірунку, бо ў іх адразу чытаецца індывідуальнасць Майстра. Міжволі ўзнікаюць паралелі: ці ж з такой павагай мы ставімся да сусветна прызнаных пастановак нашага Валянціна Елізар’ева? Нават тыя, што яшчэ афіцыйна застаюцца ў рэпертуары, ідуць усё радзей, назіраецца і тэндэнцыя іх замены тымі ж найменнямі, але з іншай харэаграфіяй. Можа, наўмысна ўсё робіцца дзеля таго, каб іх давялося “аднаўляць”, што называецца, “з нуля”, і тады назваць усё гэта творчым подзвігам — як той жа расійскі праект “Рускія сезоны ХХІ стагоддзя”, што ўсё больш ахоплівае беларускую прастору?

Сакцэнтаваў тэатр Якабсона і іншыя ўласцівыя нашаму балету праблемы. Адна з іх — асоба танцоўшчыка. Сыходзяць артысты, на якіх ставіліся спектаклі ды мініяцюры, і творы шмат страчваюць. А між тым, класіка (не толькі ў харэаграфіі, але і ў музыцы, дзе гэта яшчэ больш відавочна) трымаецца на далейшым удасканаленні былых выкананняў. І галоўную ролю ў гэтым працэсе адыгрывае індывідуальнасць, непаўторнасць артыста. У нашых гасцей, пры моцным кардэбалеце, не знайшлося такой Адэты/Адыліі, якая вылучалася б сярод астатніх лебедзяў. Гонар, канешне ж, узяў за нашых салістаў. Але ж ці маюць яны ў нас такую пашану, як госці? І ці ставіцца ў нас апошнім часам штосьці ў разліку на іх магчымасці?

“Нажніцы” паміж асобай артыста і ягоным рэпертуарам рэзалі вока на вечары Ф.Рузіматава. Акрамя дзвюх мініяцюр М.Бежара, ледзь не ўсё астатняе было пастаўлена Мікалаем Андросавым, вядомым у нас па рэжысуры і харэаграфіі “Блакітнай камеі” ў Музычным тэатры. Схільнасць да эстрадных нумароў, разлічаных, даруйце, на “рэстаранныя” густы публікі, кампілятыўныя “перабіранні” класікі, агульныя формы руху, уключаючы звычайнае хаджэнне па сцэне, — усё гэта вельмі далёкае ад мастацтва. А “прадаецца” — як нейкі эксклюзіў. І, што самае дзіўнае, — купляецца! Нягледзячы на астранамічны кошт білетаў. Таму, што было раскручана на тэлебачанні ды ў Сеціве? Ці таму, што замежнае, або, дакладней, “не сваё”? Узгадаю, што ў ХІХ стагоддзі беларускія спевакі, здаралася, выдавалі сябе за італьянцаў, маючы ашаламляльны поспех у тутэйшай публікі, вялікія ганарары і далейшыя судовыя разборы. Відаць, перакананасць у тым, што замежнае — лепш, засталося ў нас яшчэ з тых часоў?

А вось практыку сольных вечароў, надзвычай у нас рэдкую, ды паказ харэаграфічных мініяцюр, асабліва складзеных у цыкл, можна было б і “пераняць”. Дакладней, аднавіць. “Клоп”, да ўсяго, вымусіў задумацца пра пашырэнне нашага балетнага рэпертуару не адно трагедыямі. Усё ж разам прывяло да развагі: можа, нам наўмысна прывозяць сумніўныя харэаграфічныя здабыткі, каб на такім фоне ярчэйшымі былі нашы? Маўляў, чаго вы хочаце ад цяперашніх беларускіх харэографаў, калі і ў іншых — праблемы? Але дастаткова ўключыць тэлеканал “Mezzo”, каб зразумець сапраўдныя, а не ўяўныя мастацкія прыярытэты…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"