"Выкрыццё", што патрабуе "апраўданняў"

№ 6 (1080) 09.02.2013 - 16.02.2013 г

У працяг інтэрнэт-дыскусіі пра якасць адукацыі ў Акадэміі мастацтваў

Як запраграмаваць і запланаваць працэс з’яўлення яркіх, нешараговых творчых асоб? Гэтыя наіўныя і шмат у чым рытарычныя пытанні зрабіліся, між іншым, тэмай для шматлікіх дыскусій пасля таго, як у айчыннай інтэрнэт-прасторы з’явіліся журналісцкія "даследаванні", што "выкрывалі" непрафесіяналізм педагогаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Не прэтэндуючы на ролю абаронцы сваёй альма-матэр — ВНУ, у якой атрымала адукацыю, захацелася разабрацца ў саміх прычынах, што выклікалі такі ход думак, іншымі словамі — зразумець, дзе закапаныя карані прэтэнзій і да нашых творчых "кузняў кадраў", ды і да ўласнай прафесійнай нерэалізаванасці.

Памятаю, як пад час вучобы ў аспірантуры Акадэміі мастацтваў у рамках маёй педагагічнай практыкі студэнты-"навабранцы" любілі задаваць, як ім здавалася, правакацыйнае пытанне, што мусіла паставіць выкладчыка ў тупік: маўляў, навошта нам, будучым акцёрам, рэжысёрам ці мастакам, вывучаць, акрамя профільных, мноства такіх "непатрэбных" прадметаў, як гісторыя літаратуры, этыка, эстэтыка, паліталогія і г. д. Заўсёды адказвала: "Выключна дзеля таго, каб праз некалькі гадоў мець магчымасць сказаць, што вы — выпускнікі не прафтэхвучылішча, а людзі з вышэйшай адукацыяй". І да сёння застаюся перакананай, што галоўная задача любой ВНУ — даць сваім студэнтам базавы інтэлектуальна-практычны багаж, той "камплект ведаў", дзякуючы якому ён у сваім далейшым прафесійным жыцці зможа рэалізоўваць уласныя прафесійныя і творчыя амбіцыі.

Мне могуць адказаць, што гэткі пасыл добры для тэхнічных ВНУ, аднак зусім не падыходзіць да гуманітарных. Аднак на паверку такі падзел не вытрымлівае крытыкі. Найперш таму, што адукацыйная сістэма не здатная "змяніць" чалавека. Яе функцыі — аснасціць яго тым "прафесійным інструментарыем", дзякуючы якому ён сам у будучым зможа рэалізавацца як прафесіянал.

Зрэшты, варта адзначыць, што і Акадэмія мастацтваў таксама шмат у чым справакавала такое "спажывецкае" стаўленне да сябе. Найперш тым, што ў рэчышчы агульных тэндэнцый да пашырэння платнай адукацыі з элітарнай установы, дзе адзінымі крытэрыямі мусяць быць талент і творчы патэнцыял, ператварылася ў ВНУ, куды можна трапіць, маючы жаданне ды магчымасць заплаціць за навучанне. А гэткія грашова-рыначныя ўзаемаадносіны немінуча цягнуць за сабой і іншую сістэму ўзаемаадносін: маўляў, я грошы заплаціў, дык, калі ласка, выньце ды пакладзіце мне за гэта маю "творчую будучыню" ў якасці акцёра, рэжысёра ці мастака.

Вельмі добра памятаю свой першы год у рэдакцыі, куды я прыйшла адразу па заканчэнні Акадэміі. Выпускніца-выдатніца, я штотыдзень, працуючы над чарговым артыкулам, "здавала экзамены" — найперш самой сабе, уласным творчым амбіцыям: па тым, як акадэмічную тэорыю транскрыбіраваць у рэальную, практычную дзейнасць. І тыя прафесійныя "тройкі-двойкі", аб якія даводзілася раз-пораз спатыкацца, далі мне магчымасць са "спецыяліста з дыпломам аб вышэйшай адукацыі" з цягам часу перайсці ў лагер прафесіяналаў. І — марыць пра творчыя вышыні.

Дык чаму ж такая відавочная ісціна пра тое, што ніякая ўстанова ні за якія, нават самыя вялікія, грошы, не здольная выдаць "дыплом творцы" ды забяспечыць інтарэс да сябе як да цікавай, нешараговай і крэатыўнай асобы, нават сёння патрабуе "апраўданняў" ды тлумачэнняў? І ці не пара перастаць ужо шукаць "вінаватых" ва ўласнай няздатнасці, імкнучыся перакласці на чужыя плечы галоўны запавет творцы — працу над сабой?..