Прастора і час Леаніда Шчамялёва

№ 6 (1080) 09.02.2013 - 16.02.2013 г

5 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылося свята для ўсіх, хто цікавіцца нацыянальным выяўленчым мастацтвам. Пры вялікай колькасці наведвальнікаў была адкрыта юбілейная рэтраспектыўная выстаўка "Мастак і час" твораў народнага мастака краіны, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі і прэміі Саюзнай дзяржавы, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Леаніда Шчамялёва.

У экспазіцыі чатырох залаў прадстаўлена звыш 120 жывапісных палотнаў і 40 графічных твораў: шматфігурныя карціны, пейзажы, партрэты, нацюрморты, у тым ліку самыя даўнія — канца 1950-х — пачатку 60-х гадоў, якія раней мала хто бачыў. Але дзясяткі і дзясяткі работ, канешне ж, адсутнічаюць: яны знайшлі сваё пастаяннае месца ў шматлікіх музеях ды галерэях свету.

/i/content/pi/cult/411/8405/1-3.jpeg

Але і на сённяшняй выстаўцы можна натхніцца "шчамялёўскімі" фарбамі, якія вось ужо больш за паўстагоддзя радуюць нас, яго ўдзячных прыхільнікаў ды гледачоў. Таму што непрыхаваны інтарэс да ўсяго новага, юначую ўлюбёнасць у мастацтва Шчамялёў нясе ў сабе ўсё жыццё.

Леаніду Дзмітрыевічу — дзевяноста, але і сёння яму па-ранейшаму ўласціва пастаяннае адчуванне чакання, спадзявання на ажыццяўленне мары, прадчуванне сустрэчы з будучым.

На вернісажы віншавальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з юбілеем мастака зачытаў міністр культуры краіны Барыс Святлоў. Таксама выдатнага жывапісца сучаснасці павіншавалі вядомыя дзеячы культуры, прадстаўнікі Мінгарвыканкама і прафсаюзаў, кіраўнікі Беларускага саюза мастакоў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і інш.

У сваім выступленні Леанід Шчамялёў сардэчна падзякаваў усім за ўвагу да ягонага мастацтва.

Б.К.

На здымку: Віншавальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі мастаку зачытвае міністр культуры краіны Барыс Святлоў.

Фота аўтара