Капліца — па фотаздымках

№ 6 (1080) 09.02.2013 - 16.02.2013 г

У сценах старадаўняга палаца роду Радзівілаў у Нясвіжы сёння адбудзецца знакавая падзея — асвячэнне капліцы ў гонар Маці Божай Ларэтанскай. Урачыстая літургія пройдзе пры ўдзеле арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага.

Аднаўленню капліцы папярэднічалі грунтоўныя рэстаўрацыйныя работы. У прыватнасці, памяшканне капліцы ўзнаўлялася па фотаздымках канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Да прыкладу, на сценах былі адноўлены іерусалімскія крыжы, якія Міхал Казімір Радзівіл "Рыбанька" размясціў у памяць пра тое, што ягоны продак Мікалай Крыштаф Радзівіл "Сіротка" здзейсніў паломніцтва ў Святую Зямлю і стаў рыцарам Ордэна Святой Труны Пана Іерусалімскага, чыёй эмблемай з’яўляецца гэты крыж. Таксама яшчэ летась адбылося перанясенне каменных пліт з нясвіжскага касцёла Божага Цела, якія знаходзіліся там да пачатку Другой сусветнай вайны, у капліцу. Акрамя таго, у капліцу вярнуўся, няхай сабе і ў выглядзе копіі, абраз Маці Божай Ларэтанскай.

/i/content/pi/cult/411/8404/1-2.jpeg

Трэба адзначыць, што Міхал Казімір Радзівіл "Рыбанька" пры ўзвядзенні сваёй рэзідэнцыі адразу планаваў і будаўніцтва асобнага памяшкання для палацавай капліцы. Паводле яго задумы, у капліцы павінен быў знаходзіцца менавіта шанаваны абраз Божай Маці Ларэтанскай, які князь атрымаў ад нашчадкаў караля Рэчы Паспалітай Яна Сабескага.

18 чэрвеня 1758 г. капліцу ўрачыста асвяціў біскуп Жамойцкі Антоній Дамінік Тышкевіч. На самім жа асвячэнні прысутнічалі знакамітыя госці з усёй Рэчы Паспалітай, а таксама сваякі Міхала Казіміра Радзівіла "Рыбанькі".

У далейшым палацавая капліца перажыла шмат выпрабаванняў. У прыватнасці, пасля таго, як у 1812 г. Дамінік Радзівіл выступіў на баку Напалеона, расійскія ўлады канфіскавалі палац, а ў памяшканні капліцы размясцілі сталярную майстэрню. Толькі ў 1878-м Антоній Вільгельм Радзівіл і Марыя Дарота дэ Кастэлян пачалі аднаўленне палаца пасля паўвекавога запусцення. У ліку іншых работ пачалося аднаўленне і капліцы. З тых часоў і да пачатку 40-х гадоў мінулага стагоддзя капліца дзейнічала. Вядома, што ў 1920-я князь Альбрэхт Радзівіл заключыў дамову з парафіяй Божага Цела, каб у капліцы перыядычна служылася імша.

К.А.

На здымку: копія абраза Божай Маці ў палацавай капліцы.