ХХ Кніжная: Кірмаш + вакзал + “...Фаліянт”

№ 6 (1080) 09.02.2013 - 16.02.2013 г

Гэтымі днямі завяршае сваю працу прадстаўнічая Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. Традыцыйная ўвага з боку шырокай грамадскасці да яе назіралася з першых гадзін працы форуму і сёлета. Без перабольшвання, каб праціснуцца паміж аматарамі кніжных навінак у “гадзіны пік”, трэба было добра пастарацца.

І гэта не выпадкова. Як адзначаецца ў адрасе Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам і гасцям ХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, бо за мінулыя дваццаць гадоў гэты форум стаў не толькі адной з яркіх падзей у культурным і духоўным жыцці краіны, але і набыў шырокую вядомасць у сусветнай кніжнай супольнасці. Акрамя таго, як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, цяперашняя, юбілейная, выстаўка-кірмаш падводзіць своеасаблівы вынік Года кнігі.

/i/content/pi/cult/411/8403/1-1.jpeg

За дні працы форуму прайшоў шэраг разнастайных мерапрыемстваў, у тым ліку дабрачынны марафон “Пачытаем!” па зборы кніг для стварэння бібліятэчак для дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, канцэрты духоўнай і класічнай музыкі, аўтограф-сесіі, прэзентацыі кніг, літаратурныя чытанні і нават спектакль-прэзентацыя “Сябрына”, арганізаваны выдавецтвам “Мастацкая літаратура”.

Сёлета, як паведамляла “К” у мінулым нумары, Ганаровым госцем Кніжнай выстаўкі-кірмашу з’яўляецца Расійская Федэрацыя. Маштабны стэнд яе стаў не толькі пляцоўкай для адметных выданняў, але і месцам сустрэч з аўтарамі кніг, выдаўцамі. Адметны нацыянальны стэнд, які заняў плошчу ў 50 квадратных метраў, прадставіла Ісламская Рэспубліка Іран — у гэтым годзе ён з’яўляецца цэнтральным экспанентам. Акрамя кніг, на іранскай пляцоўцы можна палюбавацца адмысловым посудам, мініяцюрамі, дэкаратыўна-прыкладнымі ўзорамі ўсходняга мастацтва. А ці не самай каштоўнай кнігай, прадстаўленай там, стаў альбом мініяцюр майстра іранскага жывапісу М. Фарсчыена.

Не менш цікавай выглядае і французская экспазіцыя, стэнд якой нагадвае Паўночны вакзал у Парыжы: там можна пагартаць кнігі французскіх выдавецтваў на мове арыгінала, а таксама пазнаёміцца з некаторымі іх аўтарамі. Можна адзначыць і турэцкі стэнд на форуме: там, акрамя кніг, можна набыць парфумерыю, вырабы са скуры, а таксама паласавацца традыцыйным далікатэсам — рахат-лукумам.

Варта адзначыць, што адным з самых яркіх момантаў форуму стала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лепшых кніжных праектаў конкурсу “Мастацтва кнігі-2013”, якая адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы. Усяго на перамогу ў 14 намінацыях прэтэндавалі 175 выданняў ад 31 выдавецтва. Так, уладальнікам Гран-пры ў намінацыі “Трыумф” стаў фотаальбом “Полацк. 1150”. Ганаровы знак-сімвал “Залаты Фаліянт” і ганаровы дыплом імя Францыска Скарыны ўручаны выдавецтву “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, дызайнеру Усеваладу Свентахоўскаму і паліграфічнаму прадпрыемству — выдавецтву “Беларускі Дом друку”.

К.А.

На здымку: аўтограф-сесія французскіх літаратараў.

Фота аўтара