"Купалінка" — у Таліне, "Эстонія" — у Мінску

№ 6 (1080) 09.02.2013 - 16.02.2013 г

8 лютага ў Эстонскай Рэспубліцы распачаліся Дні культуры Беларусі. Іх арганізатары — міністэрствы культуры абедзвюх краін пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Эстоніі. У складзе нашай дэлегацыі — амаль 300 чалавек. У адкрыцці мерапрыемства прыняў удзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў. Наша нацыянальнае мастацтва будзе прадстаўлена за мяжой лепшымі ўзорамі оперы, балета, музыкі, фальклору.

Адна з цэнтральных падзей мерапрыемства — выступленні Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Яны пройдуць у Эстонскай нацыянальнай оперы. Нашы артысты прэзентуюць балеты "Спартак" і "Шахразада", оперы "Князь Ігар" і "Мадам Батэрфляй".

Працуе выстаўка сучаснай беларускай фатаграфіі з калекцыі Музея сучаснага выяўленчага мастацтва "Адлюстраванне". У экспазіцыі — 25 работ Міхаіла Баразны, Кацярыны Кёнігсберг, Паліны Ляжанскай, Юрыя Пеўнева, Сяргея Торбіка. Тэма работ — архітэктурныя помнікі і вуліцы беларускай сталіцы.

Фальклорны гурт "Купалінка" выступае ў Доме культуры горада Нарвы і ў Цэнтры рускай культуры Таліна.

Запланавана правядзенне сустрэч з кіраўніцтвам Міністэрства культуры Эстоніі, а таксама наведванне ўстаноў культуры краіны…