Думаць. І дзейнічаць!

№ 4 (1078) 26.01.2013 - 02.02.2013 г

Шматгалосае сола ля старажытных муроў

І творчая, і архітэктурная дамінанта Камянца — сярэднявечная вежа. Менавіта вакол гэтай мураванай восі і закручваюцца асноўныя культурныя падзеі не толькі горада-раёна, а і вобласці. Тут прайшлі абласныя дажынкі, тут чатыры гады запар ладзілася рыцарскае свята...

Рэчка Лясная, як і ў XIII стагоддзі, узнімала хвалі ў такт ваярскіх атак... Цяпер, кажа начальнік мясцовага аддзела культуры Мікалай Громік, сярэднявечна-рыцарская эстафета нібыта аддадзена Міру, Навагрудку, Нясвіжу. Ля Камянца месца мала: і конніца лавай не пройдзе, і арбалетчык асабліва не разгуляецца. Але гэта не азначае, што колішні княжацкі фарпост, слаўны рамёствамі і вайсковай гісторыяй, згубіць для Брэстчыны “святаўтваральную” функцыю.

/i/content/pi/cult/410/8400/1-2.jpeg

“Белая вежа” ў інтэрактыве

Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Тамара Паўлюковіч запэўнівае, што Камянец без брэндавага свята, у тым ліку і абласнога маштабу, не застанецца. А Мікалай Громік дадае, што Камянецкая вежа як сімвал-антураж прысутнічае пры любой тэатралізацыі. Побач — сцэна, забрукаваная яшчэ да колішніх “Дажынак”. Касцюміраваныя акцыі ды спектаклі на ёй будуць узноўлены і з нагоды тэтральнага фестывалю “Белая вежа”. Як адзін з варыянтаў разглядаецца і арганізацыя ў ваколіцах рок-фестываляў. Прынамсі, Мікалай Громік, саксафаніст-эксперыментатар, такога выразнага “прывежавага” сола не выключае. Сёлета для такога пробнага мерапрыемства, пра якое даўно марыць начальнік упраўлення культуры, будзе задзейнічана і вежа, і гарадскі парк...

Камянецкая вежа, да ўсяго, — філіял Абласнога краязнаўчага музея. Загадчык мясцовай установы Таццяна Казулька распавядае, што з 2012-га ў вежы ёсць інтэрактыўныя паслугі. Сярод іх, да прыкладу, распрацавана музейная гульня-занятак для лучнікаў-аматараў “Трапны стралок”. У бліжэйшых планах — інтэрактыўная экскурсія-віктарына “Вандроўка ў Сярэднявечча”. Вежавая пяціяруснасць дазволіць зрабіць мерапрыемства інтрыгуючым. Калі ўлічыць, што за год філіял наведвае больш за 20 тысяч экскурсантаў, дык за выкананне плана пазабюджэтнай дзейнасці тут можна не хвалявацца. Летась, да прыкладу, музейшчыкі зарабілі каля 80 мільёнаў.

/i/content/pi/cult/410/8400/1-3.jpeg

Хтосьці з чытачоў запярэчыць: “Ну, у Камянцы вежа ёсць, вакол яе толькі лянотны не зафантануе ідэямі ды акцыямі... А нам што рабіць, калі ні помнікаў гістарычных, ні архітэктуры вытанчанай?” Адказ “К” напагатове: “Думаць трэба і дзейнічаць! Прычым неадкладна!” Калі няма міфа, яго трэба прыдумаць. Ці не так з’явіўся на Тураўшчыне легендарны цяпер крыж, што прарастае з зямлі?! І ці не ў кожным раёне Беларусі і па сёння жывая легенда пра падземныя хады, што злучалі колісь цэрквы, манастыры з нейкім таямнічымі выхадамі для колішніх інсургентаў ды авантурыстаў. А ў адным сельскім клубе “знайшлі” карту захавання панскага скарбу. І не бяды, што ў выніку дзіцячых “раскопак” ля ўстановы ўзніклі кветкавыя клумбы. Словам, дзейнічайце...

Акорд за 12 мільёнаў

Паміж Камянецкай вежай і Свята-Сімяонаўскай царквой знаходзіцца дзіцячая школа мастацтваў, якой кіруе Мікалай Кранчынскі. Установа ўжо цягам чатырох гадоў дзейнічае ў рэканструяваным будынку. На аднаўленне яго выкарысталі паўтара мільярда рублёў. Па 16 спецыяльнасцях займаецца тут 270 юных музыкантаў і мастакоў — гэта маль 17 працэнтаў навучэнцаў агульнаадукацыйных школ. Філіял ДШМ — у вёсцы Пелішча. Вучыцца тут — прэстыжна. І не толькі таму, што дзеці пастаянна ўдзельнічаюць у міжнародных конкурсах ды прывозяць адтуль медалі.

/i/content/pi/cult/410/8400/1-1.jpeg

Камянецкая ДШМ — своеасаблівы цэнтр культуры і мастацтваў у раённым маштабе. Такія ўстановы цяпер прынята называць мадэльнымі. І не варта пералічваць мясцовыя творчыя калектывы, іх — шмат, у тым ліку і духавы аркестр. Галоўнае, падаецца, не гэта, а тое, што начальнік аддзела з дырэктарам ДШМ — у неразрыўнай творчай звязцы. І кожны з іх — саліст, разам — спеўны дуэт, а ў маштабах раёна — не менш выразны хор. Памятаеце крэда Сяргея Панасюка: “Крэатыўшчык крэатыўшчыка заўжды зразумее”? А вось гэтаму ў іншых раёнах краіны варта і павучыцца.

/i/content/pi/cult/410/8400/1-4.jpeg

У выніку тандэма ў ДШМ, па перакананні яе кіраўніка, проста не існуе праблем. Заробкі часам — больш за чатыры мільёны рублёў. Штогод абнаўляюцца музычныя інструменты. Апошні набытак — электрапіяніна коштам у 12 мільёнаў. Начальнік аддзела культуры перакананы: грошы неабходна ўкладваць найперш у перспектыўныя установы. А намеснік начальніка ўпраўлення культуры Тамара Паўлюкова дадае, што цягам бягучага года ў адпаведнасці з Дзяржпраграмай “Культура Беларусі” музычныя інструменты будуць аднаўляцца па ўсёй Брэстчыне...

Чарговы праект Камянецкай ДШМ — пярэбары мастакоў у асобны корпус, дзе запланавана і выставачная галерэя. Праект цалкам рэальны. Рэканструкцыя будынка ўжо вядзецца.

Рэзюмэ “К” у дарозе

Рухавік перабудовачнага працэсу — узаемаразуменне аддзела культуры і мясцовага кіраўніцтва, якое цудоўна разумее, што ДШМ ды музычныя школы (такіх устаноў на Камянеччыне — паўдзясятка, не лічачы філіялаў і класаў на сяле) — не толькі кузня будучых кадраў у сферы сельскай культуры, але і “прафесійных” спажыўцоў ды носьбітаў нацыянальнага мастацтва. Інакш кажучы — стабільны артыкул будучых не матэрыяльных, а маральных даходаў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"