Ідэі сяброў

№ 4 (1078) 26.01.2013 - 02.02.2013 г

Галоўная сустрэча ў рамках выязной рэдакцыі “К” з работнікамі культуры Брэстчыны адбылася ў камернай зале кобрынскага Палаца культуры — установы, што і вонкава, і па змесце цалкам адпавядае сваёй назве: сапраўдны палац!

Заканадаўчы “лікбез”

Прывабны “дэкор” мае адпаведную “начынку” — прыкладам, уласную студыю гуказапісу з прафесійным абсталяваннем, якая дазваляе “захаваць для нашчадкаў” галасы цяперашніх зорак аматарскай творчасці…

/i/content/pi/cult/410/8395/2-1.jpeg

Гутарку на правах гаспадара распачала начальнік аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама Надзея ЖУК. Падзякаваўшы “К” за разнастайныя і карысныя матэрыялы, яна тут жа адрасавала нам свае пажаданні:

/i/content/pi/cult/410/8395/2-2.jpeg

— Заканадаўства ў сферы культуры змяняецца, а вось каментарыі да гэтых новаўвядзенняў удаецца знайсці не заўсёды. Я пераканана, што традыцыю “гарачых ліній” з юрыстамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь трэба адрадзіць.

/i/content/pi/cult/410/8395/2-3.jpeg

Прыкладам, летась у жніўні былі прыняты папраўкі ў Закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Я шукала нейкія тлумачэнні гэтых інавацый — і не знайшла. Хаця, лішне казаць, тэма вельмі для нас актуальная, і таму, пераканана, падрабязнае тлумачэнне новых заканадаўчых нарматываў было б вельмі карыснае для ўсіх маіх калег. Увогуле, вельмі патрэбны тыя матэрыялы, што адлюстроўваюць цікавы досвед у гэтай галіне — да прыкладу, датычна распрацоўкі праектаў ахоўных зон, з якімі пакуль ва ўсіх вялікая праблема. Ніколі не будуць лішнімі і канкрэтныя метадычныя напрацоўкі…

/i/content/pi/cult/410/8395/2-4.jpeg

Тэму юрыспрудэнцыі ў галіне прадоўжыла і начальнік аддзела культасветустаноў упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Таццяна ШЧАРБУК:

— Для многіх работнікаў культуры, асабліва з сельскай мясцовасці, газета становіцца галоўнай крыніцай папаўнення ўласнага досведу — не толькі ў плане творчых ды прафесійных навыкаў, але таксама і ў юрыдычнай сферы. Не ў кожнага з іх ёсць выхад у Інтэрнэт, ды і ў Сеціве не заўсёды знойдзеш тое, што патрэбна. І таму калі сустракаешся з клубнымі ды бібліятэчнымі работнікамі, нярэдка выяўляецца, што яны нават і не ведаюць пра нейкія важныя заканадаўчыя змены, якія непасрэдна датычацца іхняй дзейнасці. Чакаю і працяг конкурсу на лепшы сцэнарый. Добра было б, каб ён стаў рэгулярным…

 

Танцы вакол праблемы

Начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Уладзімір ШЭЛЯГОВІЧ мае вялікі аўтарытэт сярод калег. І не толькі “па старшынстве” — хаця сваю пасаду ён займае цягам вось ужо чатырох дзясяткаў гадоў, рэалізаваўшы за гэты час не адзін унікальны паводле свайго маштабу ды навізны праект, — але і таму, што Уладзімір Васільевіч заўсёды вызначаўся сваёй шчырай ды прынцыповай пазіцыяй.

Пад час сустрэчы з супрацоўнікамі рэдакцыі “К” ён закрануў папраўдзе набалелую для ўсіх работнікаў культуры тэму дыскатэк, якую мы неаднойчы ўзнімалі, тлумачачы канкрэтнае вырашэнне пытання. І тым не менш…

/i/content/pi/cult/410/8395/3-1.jpeg

— Абмежаваўшы час правядзення дыскатэк для непаўнагадовых, мы літаральна разагналі моладзь, — адзначыў Уладзімір Шэляговіч. — Мы ж з вамі і самі, як былі крыху маладзейшыя, кожныя выхадныя рушылі ў клуб на танцы. А сёння ў нас як? Хлапчыну выганяюць з Дома культуры акурат а дзясятай вечара, бо яму яшчэ няма васямнаццаці... І ўжо ў 22.05 яго можна ўбачыць недзе на задворках, з пляшкай піва ды цыгарэтай у зубах! Унутры ўстановы культуры мы маем магчымасць выхоўваць і, урэшце, уладу забараніць. І, ведаеце, спраўляемся! Не так даўно нашы дыскатэкі інспектавалі досыць высокія міліцэйскія чыны са сталіцы, і, прызнацца, апошнія былі нават здзіўлены тым, што дзесьці на “перыферыі” створаны такі высокі ўзровень маладзёжнай культуры.

Але хлопец, які п’е піва непадалёк ад ДК,  — ужо па-за нашай кампетэнцыяй. Мы тут бездапаможныя. І ва ўсім гэтым ёсць прыкрая, балючая непаслядоўнасць: удзень мы цугам валачом моладзь у нашы сцены, каб перадаць ёй нейкі пазітыўны пасыл, але надыходзіць вечар — і эфект нашай працы рассейваецца, бы туман. Мы пад корань рэжам тое, што самі робім…

/i/content/pi/cult/410/8395/3-2.jpeg

З Уладзімірам Васільевічам салідарызаваўся і яшчэ адзін карыфей культурнай сферы Брэстчыны — начальнік аддзела культуры Столінскага райвыканкама Васіль ЗАРУБА:

— За савецкім часам клубныя ўстановы сістэмы культуры не мелі канкурэнтаў — на вёсках яны былі адзінымі месцамі зносін. Сёння сітуацыя змянілася: з’явіліся прыватныя месцы адпачынку, прычым не толькі ў буйных гарадах. Так, наш раён лічыцца сельскім, але ж вёскі на Століншчыне — даволі вялікія, таму гэтая тэндэнцыя нас не абмінула. Нягледзячы на ўсе праблемы з матэрыяльнай базай, яшчэ не так даўно нашы клубнікі маглі прывабліваць падлеткаў сваімі цікавымі ды крэатыўнымі задумамі, але ў цяперашняй сітуацыі ў тынэйджараў папросту няма выбару. Мы іх увечары вымушаны не пускаць, а вось “дзверы насупраць” адкрыты заўсёды, і пашпарт там ніхто не спытае…

/i/content/pi/cult/410/8395/3-3.jpeg

Безумоўна, адпачынак моладзі часам спараджае вельмі сур’ёзныя эксцэсы, але... Перакананы, што іх можа прадухіліць толькі ўзважаная ды скаардынаваная дзейнасць усіх зацікаўленых ведамстваў. А рабіць тут “крайнімі” работнікаў культуры — гэта не зусім шчыра і, канешне ж, проста непрадуктыўна.

Уладзімір Шэляговіч таксама перакананы, што праблемы бяспекі ды правапарадку неабходна вырашаць разам — на міжведамасным узроўні.

— У нас — шквал даручэнняў з сілавых структур, і праводзячы масавае мерапрыемства, культработнік павінен дбаць пра турнікеты, бяспеку, нават пра рух транспарту на прылеглай тэрыторыі. А іншыя — толькі кантралююць. Прыкладам, актывісты БРСМ у нас робяць рэйды па дыскатэках, выяўляюць недахопы. Але ж іх функцыя мне ўяўляецца зусім іншай: яны маюць быць арганізатарамі, а не інспектарамі, павінны праводзіць гэтыя імпрэзы поруч з работнікамі культуры!

/i/content/pi/cult/410/8395/3-4.jpeg

Начальнік жа аддзела культуры Ляхавіцкага райвыканкама Ніна ПРЫХАЧ канстатавала:

— Пасля прыняцця згаданай ужо пастановы Савета Міністраў злачыннасць сярод непаўнагадовых павялічылася, прычым істотна, — гэта статыстыка па нашым раёне…

 

АптыміЗАцыя?Ці ўсё ж — супраць?

Пад час сустрэчы абмяркоўвалася і іншая надзённая справа — аптымізацыя ўстаноў культуры. У прыватнасці, яна датычыцца аб’ядання школьных і грамадскіх бібліятэк у тых вёсках, дзе для гэтага наспела патрэба. Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Тамара
ПАЎЛЮКОВІЧ, агульная тэхналогія гэтых працэсаў пакуль яшчэ не выпрацавана, хаця, здавалася б, ужо і асобная калегія праведзена разам з абласным упраўленнем адукацыі. Але справа, што ні кажы, дужа датклівая, і тут варта сем разоў адмераць...

/i/content/pi/cult/410/8395/4-1.jpeg

Супраць бяздумнай ліквідацыі сельскіх устаноў культуры ва ўгоду выключна эканоміі выказаўся і Уладзімір ШЭЛЯГОВІЧ:

— Клуб — гэта цэнтр вясковага жыцця, тое месца, дзе людзі збіраюцца пад час нейкай важнай грамадскай ініцыятывы, прыкладам, выбараў або сходаў. А калі яго закрыць, дык і сабрацца ўжо няма дзе. І менавіта таму людзі плачуць, калі закрываюцца клубы! Вы думаце, я ўтрырую? Ды зусім не! На ўласныя вочы бачыў слёзы на вачах мужчыны сталага веку. Ён казаў слушную рэч: калі краму ў нас зачынілі — гэта яшчэ нічога, а вось калі зніклі клуб, школа — значыць, і вёсцы ўжо падпісаны смяротны прысуд… І тут жа ўзгадвае, як у ягонай маладосці вёска была вясёлай ды шматлюднай...

/i/content/pi/cult/410/8395/4-2.jpeg

Я разумею, што на змену стацыянарным клубам прыходзяць мабільныя ўстановы культуры. Але два прыезды на месяц — гэта ўсё ж не тое! Таму я любымі сіламі падтрымліваў бы тыя агмяні культуры, што яшчэ тлеюць у нашых вёсках. Тым больш, сельскі клубік ці бібліятэка не патрабуе шмат грошай для ўтрымання. Няхай бы там застаўся толькі адзін спецыяліст, няхай нават адно на палову стаўкі, але ж у вяскоўцаў заўсёды было б тое месца, куды яны могуць зайсці. Бо ўжо цяпер у мяне часам той-сёй пытаецца: маўляў, чаму гэта мае дзеці павінны наведваць установу культуры за пятнаццаць кіламетраў ад дома?..

/i/content/pi/cult/410/8395/4-3.jpeg

Тамара Паўлюковіч закранула і іншы аспект аптымізацыі — юрыдычны:

— Яшчэ параўнальна нядаўна мы надавалі школам мастацтваў статус юрыдычных асоб, і вось, зусім нядаўна, — новыя павевы: такі варыянт лічыцца немэтазгодным, а замест яго — ідэя пакінуць адну школу ў раёне ў якасці юрасобы, а ўсе астатнія зрабіць яе філіяламі. І акурат гэтая ідэя мне падаецца немэтазгоднай! Возьмем, да прыкладу, Столінскі раён, дзе адлегласці паміж школай і яе філіялам могуць дасягаць васьмідзесяці кіламетраў! Як у такіх варунках не згубіць сістэму кіравання?..

Надзея Жук звярнула ўвагу і на яшчэ адзін нарматыўны акт, які хвалюе многіх работнікаў культуры: пастанову Міністэрства фінансаў № 152, паводле якой установы культуры павінны кампенсаваць за кошт пазабюджэтных сродкаў затраты на камунальныя паслугі. Безумоўна, у некаторых сельскіх клубах яны ледзь не перавышаюць тыя сціплыя сумы, што атрымліваецца зарабіць работніку культуры. А на мадэрнізацыю абсталявання і стымуляванне працы ўжо нічога не застаецца.

/i/content/pi/cult/410/8395/4-4.jpeg

— Газета — наш саюзнік у вырашэнні тых праблем, якія ў нас наспелі, — падзяліўся думкай Васіль Заруба. — І калі мы выносім набалелае на старонкі рэспубліканскай прэсы, дык спадзяёмся на планамернае ды канструктыўнае вырашэнне згаданых праблем…

Рэзюмэ “К” у дарозе

Па выніках нашай сустрэчы лёгка прыйсці да высновы, што работнікаў культуры Брэстчыны хвалюе перадусім менавіта юрыдычны аспект рэгіянальнай культуры і, асабліва, тыя нарматыўныя акты, якія яны лічаць не вельмі “адаптаванымі” да канкрэтных рэалій нашага жыцця.

Зрэшты, закон — не догма, яго можна змяніць легітымным шляхам. І менавіта таму такія абмеркаванні зусім не пазбаўлены сэнсу.