Крэда і тэхналогія начальніка ўпраўлення

№ 4 (1078) 26.01.2013 - 02.02.2013 г

Практыка пераконвала: начальнік з вопытам працы на месцах — больш самастойны, распарадлівы. А Сяргей Панасюк паспеў папрацаваць яшчэ і намеснікам дырэктара Брэсцкага цэнтра пазашкольнай работы. Музыкант па адукацыі, ён актыўна падтрымліваў усе маладзёжныя ініцыятывы, якія таксама ішлі “знізу”. Так у рэгіёне з’явіліся нефармальныя фестывалі альтэрнатыўнай музыкі. Інакш кажучы, крэатыўшчык крэатыўшчыка заўжды зразумее... Сяргей ПАНАСЮК стаў начальнікам упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама адносна нядаўна. Аднак справу ведае да драбніц, бо доўгі час кіраваў аддзелам культуры Брэсцкага райвыканкама. Кіраўніцтва вобласці абрала бяспройгрышны кадравы варыянт: менеджар, які на раёне паказваў неблагую аддачу, і на ўзроўні рэгіёна не падвядзе.

Хоць і інструментаў якасных тады не хапала, — распавядае Сяргей Барысавіч, — але гала-канцэрты, што ладзіліся ў рок-барах, збіралі ўвесь Брэст. Дзесяць гадоў прайшло, цяпер у кожнай рок-каманды — вельмі прыстойныя інструменты...

/i/content/pi/cult/410/8394/1-2.jpeg

— У Кобрынскім палацы культуры нам паказвалі студыю гуказапісу. Апаратура і інструменты — таксама самыя сучасныя. Дый сам Палац — шыкоўны. Але гэта буйны раённы цэнтр. Вёска ў дадзеным плане яўна адстае... У якасці начальніка ўпраўлення, якой вам бачыцца будучыня сельскай моладзі?

— Цяпер у кожным сельсавеце ёсць аграгарадок. Ад любой вёскі да яго — да дзесяці-дванаццаці кіламетраў. Кожнае буйное эстраднае ці фальклорнае мерапрыемства ладзім па “кустах”, у звязцы — два-тры раёны. Збіраецца журы. Падключаюцца, натуральна, школы мастацтваў. Ідзе пастаянны адбор юных талентаў. Іх вельмі шмат. Праца з такой моладдзю — адзін з галоўных кірункаў нашай дзейнасці... Вы казалі пра кобрынскую студыю гуказапісу — такія і ў раёнах павінны быць. Без якаснай фанаграмы — якое развіццё для маладых спевакоў? Але дасведчаных гукааператараў — адзінкі. І гэта — праблема...

— Гукастудыя ёсць у Баранавічах...

— Так, але мы цяпер абсталёўваем аналагічную студыю абласной філармоніі. Яна будзе самай сучаснай у тэхнічным плане.

— Ведаю, пэўныя паслугі такіх студый — платныя. Ваша стаўленне да развіцця пазабюджэтнай дзейнасці, у тым ліку і на сяле.

— Планы па аказанні платных культурных паслуг мы выконваем. Але галоўнае — духоўнасць.

— “К” пра гэта піша. Стаў творчы калектыў народным ці ўзорным, абараніў званне, увёў стаўку мастацкага кіраўніка — і адразу ж план камерцыйнай дзенасці...

— Не забыцца б пры гэтым, што адзін з выканаўцаў такога калектыву дзень у полі працаваў, другі прыйшоў з заводскай змены, а трэці — урач ці настаўнік…

— Гаворка — пра “залатую сярэдзіну”, пра той мінімум пазабюджэту, без якога ўстанова не зможа адчуць сябе больш-менш самастойнай у выбары сваёй “тэхнічнай” будучыні…

— Усё залежыць ад распарадчасці кіраўніка той установы. Калі ён зацікаўлены ў развіцці, дык будзе зарабляць на энергазберагальныя лямпачкі, на сучасную апаратуру... І — без шкоды для творчасці. Такой пастаноўцы спраў можна павучыцца ва Украіне, у Польшчы. Там ладзяцца платныя канцэрты на прадпрыемствах…

— У сельскіх бібліятэках камп’ютары збольшага ёсць, а ў клубах?

— Безумоўна, упраўленне ўсяляк да гэтага імкнецца. Але выкананне намечанага залежыць і ад мясцовых улад. Калі старшыня райвыканкама пазначае ў сваім фінансавым патоку грошы для развіцця сельскай культуры, дык там і праблем няма з набыццём клубных ноўтбукаў. Безумоўна, той-сёй з датацыйных раёнаў адстае ў гэтым плане. Там, дзе хапае вытворчых прадпрыемстваў, справы рухаюцца хутчэй.

— А вы можаце папракнуць пэўных начальнікаў аддзелаў культуры ў адсутнасці аўтарскіх праектаў, увогуле, — у безыніцыятыўнасці?

— Я добра ведаю кола абавязкаў начальніка аддзела культуры: з гэтай сферы прыйшоў і ведаю дэталёва яе знутры... Пасіўны ў творча-вытворчых пытаннях начальнік можа пратрымацца на пасадзе месяц-два. Без учэпістасці ды крэатыўнасці цяпер не абысціся…

— Але ж не ўсе такія актыўныя, як, скажам, Надзея Жук з Кобрына, Уладзімір Шэляговіч з Іванава ці Васіль Заруба са Століна…

— Ну дык не ўсе ж аддзелы вобласці знаходзяцца ў роўных умовах…

— Маю на ўвазе не эканоміку раёнаў, а шматстайнасць творчага праектавання, яркую рэалізацыю нестандартных ідэй…

— Жабінкаўскі раён “паставіў” спевака на дзіцячае Еўрабачанне. Лунінецкі — “засвяціўся” з вакалістам на АНТ. Гэта вынік планамернай работы і ўпраўлення, і абласнога Грамадска-культурнага цэнтра... Так, гэта планамерная дзейнасць па падтрымцы таленавітай моладзі. Але і іншыя праекты не менш выніковыя. У Іванаўскім раёне 22 працэнты школьнікаў навучаецца ў школах мастацтваў — самы высокі паказчык на Брэстчыне... Шмат цікавага знойдзеце ў Івацэвіцкім, Камянецкім, Пружанскім, Драгічынскім, Ляхавіцкім раёнах…

— Цікавага сапраўды шмат. Як, зрэшты, і ў сферы прафесійнага мастацтва. А чаму вашы брэсцкія Акадэмічны тэатр драмы з яго цудоўнымі спектаклямі, Тэатр лялек са шматлікімі замежнымі перамогамі, самабытны Палескі драмтэатр так рэдка гастралююць па Беларусі, у тым ліку і ў Мінску?

— З аднаго боку, гастролямі нашы тэатры не пакрыўджаны: мяжа — побач. З іншага ж, у Мінску пры гэтым яны бываюць рэдка… Папрок на адрас і адміністратараў, і піяр-менеджараў. Але ў нас невялікая краіна, каб выязджаць штогод на гастролі ў сталіцу. Ды і непаўторных таленавітых тэатраў вельмі шмат... Тым не менш, я ўлічу вашу заўвагу ў сваёй далейшай дзейнасці.

— Пабачыўшы Абласны краязнаўчы музей, мы зрабілі адназначную выснову: у сталіцы такіх шыкоўных устаноў пакуль няма…

— Даўно кажу: аб’екты культуры могуць прыцягнуць патрабавальных наведвальнікаў толькі крэатыўнасцю. Але і без належнай рэкламы не абысціся. Разам з кіраўніком музея Аляксеем Міцюковым запрасілі начальнікаў аддзелаў адукацыі (а гэта дванаццаць раёнаў, тры буйныя гарады), правялі бясплатную экскурсію, раздалі буклеты. У музеі ці не кожны клас пабываў. Павучыўся тут крэатыўнасці і кожны начальнік аддзела…

— Дырэктар музея даплачвае сваім супрацоўнікам за арыгінальныя ідэі ды іх рэалізацыю. Ці стала гэта нормай у аддзелах?

— Ну, вось такі наш менталітэт: іншым разам і за руку трэба весці... Калі жадаеш дабіцца поспеху — бяры сцяг, ідзі ў народ, даказвай і пераконвай асабістым прыкладам!.. Але, пагадзіцеся, людзі ў культуры працуюць, па сутнасці, без выхадных далёка не за заробак…

Рэзюмэ “К” у дарозе

Пытаемся на завяршэнне сустрэчы:

— Тым не менш, Сяргей Барысавіч, у чым “тэхналогія” творчага поспеху?

— Кожны на сваім месцы павінен быць прафесіяналам, — адказаў нам суразмоўца.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"