Старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін СУМАР: “Стратэгія эфектыўнасці і эканомікі, і культуры: па-гаспадарску ставіцца да рэсурсаў на карысць сучаснікаў ды нашчадкаў”

№ 4 (1078) 26.01.2013 - 02.02.2013 г

Што на Брэстчыне дарагога каштуе, або “Калі чалавек нешта мае за душой, гэта не трэба хаваць”

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін СУМАР ведае на памяць колькасць вясковых бібліятэк вобласці і з захапленнем наведвае музеі самабытных майстроў. Гэтыя штрыхі да яго партрэта выявіліся пад час сустрэчы губернатара з удзельнікамі нашай выязной рэдакцыі і падаліся нам папраўдзе красамоўнымі. Як і тое, што распачалі мы гутарку адразу ж на беларускай мове. “Часам менавіта яна дазваляе трапна ды сакавіта выказаць тую або іншую думку”, — сказаў Канстанцін Андрэевіч. Зрэшты, гэта далёка не адзіная рыса, якая сведчыць, што кіраўнік абласнога выканаўчага камітэта — асоба, да культуры не абыякавая...

/i/content/pi/cult/410/8393/1-1.jpeg

— 2013-ы быў абвешчаны ў краіне Годам беражлівасці. Безумоўна, гэты лейтматыў будзе актуальны і ў галіне культуры, і пытанне тут — толькі ў выбары правільнай стратэгіі, якая паўплывае на канкрэтныя дзеянні. Што і як мы павінны асабліва берагчы і зберагаць?

— Думаю, стратэгія тут можа быць толькі адна: мы павінны яшчэ раз непрадузята ацаніць эфектыўнасць сваёй працы і выявіць тыя затраты, ад якіх можна адмовіцца без шкоды для агульнай справы. Але, бадай, самае галоўнае — гэта навучыцца па-гаспадарску выкарыстоўваць усё тое, што намі створана за мінулыя гады. Дый не толькі гады — стагоддзі! Нельга дапусціць, каб былі страчаны набыткі нашых продкаў — тыя ж помнікі спадчыны.

Пераканы, што абвяшчаючы Год беражлівасці, Кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка меў на ўвазе не толькі эканомію, але таксама і гэты, куды больш глабальны, аспект. Нам трэба навучыцца беражліва ставіцца да ўсіх тых рэсурсаў, што назапашаны на нашай зямлі, умець выкарыстоўваць іх на карысць сучаснікаў ды нашчадкаў. У аднолькавай ступені гэта датычыцца і эканомікі, і культуры.

Згадаем, да прыкладу, унікальны музей разбяра па дрэве Івана Супрунчыка ў вёсцы Цярэблічы Столінскага раёна, дзе маляўніча адлюстравана гісторыя жыцця нашых продкаў. Я быў там некалькі разоў і штораз здзіўляўся ўбачанаму ды пачутаму. Альбо вясковы музей яшчэ аднаго самабытнага майстра — Мікалая Тарасюка з Пружаншчыны... Гэта наш скарб, і цяпер перад намі стаіць задача яго захаваць ды актуалізаваць — скажам, у мэтах турызму або выхавання.

— Наколькі вядома, вы асабіста прымаеце ўдзел у вырашэнні актуальных пытанняў аховы спадчыны, і такая пазіцыя прыносіць свой плён: па частцы помнікаў, якія аднаўляюцца за кошт мясцовых бюджэтаў, рэгіён, мабыць, лідзіруе...

— Сапраўды, Брэстчына стала ці не першай вобласцю краіны, дзе праца ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны была пастаўлена на сістэмныя рэйкі: створаны міжведамасны Каардынацыйны савет, і ён сапраўды плённа працуе. Больш за тое: у абласным бюджэце з’явіўся канкрэтны артыкул, што прадугледжвае выдаткаванне сродкаў на рэстаўрацыю. Можа, сумы там пакуль фігуруюць і не зусім тыя, якія хацелася б, але.. Праца спакваля ідзе, і яе вынікі — ужо навідавоку. Многія дзівяцца, пабачыўшы, як пераўвасобіўся за апошнія гады палац Нямцэвічаў у Скоках. На жаль, агульныя эканамічныя складанасці крыху запаволілі яго рэстаўрацыю, аднак яе лагічны фінал ужо не за гарамі.

Згадайма і куды большы па сваіх аб’ёмах помнік спадчыны — Косаўскі палац. Яго аднаўленне фінансуецца на парытэтных асновах з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Сродкі выдаткоўваюцца своечасова, паспяхова асвойваюцца, праца ідзе без супыну... І першыя вынікі ўжо ёсць: яшчэ не так даўно мы бачылі там брудную руіну, цяпер жа — уражанні зусім іншыя. Не пабыўшы ў Косаве хаця б год, абавязкова адчуеш розніцу, асабліва калі трапіць у інтэр’еры, спусціцца ў сутарэнні. Адразу пераконваешся, што там адраджаецца атмасфера даўніны.

— А ці ёсць новыя маштабныя задумы ў справе адраджэння спадчыны?

— Не так даўно распачаўся праект па аднаўленні сядзібы Дастаеўскіх у Іванаўскім раёне, актыўны ўдзел у якім возьме і расійскі бок, і бюджэт Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

— У адным са СМІ давялося чытаць, што мясцовая ініцыятыва тут — самая мінімальная...

— Мякка кажучы, гэта не зусім так. Не чакаючы, пакуль будзе сфарміраваны бюджэт Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, Брэсцкая вобласць выдаткавала са свайго бюджэту неабходныя сродкі, каб даць старт рэалізацыі праекта. Летась у Дастоеве адбыліся археалагічныя раскопкі — выяўлены падмуркі пабудоў маёнтка. Гэтыя работы былі неабходны для таго, каб архітэктары змаглі распачаць выраб праектнай дакументацыі.

Дарэчы, яшчэ некалькі цікавых задум датычыцца Брэсцкай крэпасці. У многіх яна асацыіруецца выключна з Цытадэллю. Але варта памятаць, што насамрэч тэрыторыя крэпасці куды большая. І таму ў паветры даўно лунае задума стварыць на яе плошчах прывабны для турыстаў гісторыка-культурны цэнтр. Ён будзе ўключаць і музей, і гатэльны комплекс, і гандлёвыя аб’екты...

Мы ўжо вялі перамовы на гэты конт з бельгійскімі інвестарамі і нават нібыта прыйшлі да паразумення, але… Як падаецца, справу спыніла нейкая нядобразычлівасць, што выпраменьваюць на адрас нашай краіны асобныя дзеячы пэўных структур Еўрасаюза. Але паколькі праект — папраўдзе перспектыўны, нам удалося зацікавіць ім расійскіх прадпрымальнікаў.

— Архітэктурная і гістарычная спадчына, жывыя традыцыі, некранутая прырода — Брэстчына мае мноства фактараў для развіцця свайго турыстычнага патэнцыялу. І, як сведчыць хаця б наплыў наведвальнікаў у тую ж крэпасць або Белавежскую пушчу, прагрэс тут — відавочны...

— Больш за тое: пра гэта сведчаць і статыстычныя даныя. Нам ужо, фактычна, удалося зраўняць аб’ёмы экспарту ды імпарту турпаслуг, а гэта дарагога каштуе! Шмат станоўчых зрухаў прынесла і развіццё аграэкатурызму. У вобласці працуе каля 180 сядзіб, і сярод іх наведвальнікаў нямала замежнікаў.

— Тым не менш, як падаецца, мяжа росту пакуль тут яшчэ не дасягнута. У прыватнасці, гэта датычыцца транспамежных маршрутаў. Ці робіцца на іх акцэнт у развіцці турызму на Брэстчыне?

— Натуральна, мы ж — памежны рэгіён! Таму дадзенае супрацоўніцтва для нас вельмі выгаднае, і не толькі ў эканамічным аспекце. Неаспрэчна, транспамежныя праекты спрыяюць папулярызацыі беларускай культуры, фарміраванню станоўчага іміджа нашай дзяржавы.

Зрэшты, мы павінны разумець, што тыя ж праекты па адраджэнні спадчыны разлічаны не толькі на турыстаў. Тут вельмі важны і выхаваўчы аспект. І калі маладое пакаленне не будзе ведаць гісторыю сваіх родных мясцін, калі з маленства яму не будзе прывіта пашана да гістарычных каштоўнасцей, дзе гарантыя, што яно з беражлівасцю паставіцца да нашых набыткаў, што адноўленыя помнікі не будуць ізноў страчаны?

— Сёння многія задаюцца пытаннем: як “дастукацца” да моладзі”? У тым ліку — сродкамі культуры…

— Колькі мы ні будзем казаць “халва”, у роце саладзей не стане. Наша моладзь цудоўна гэта разумее і на адны толькі лозунгі не “вядзецца”. Таму я прызвычаены весці з ёю шчырую гутарку. Не трэба запэўніваць у тым, што ў нас тут — рай на зямлі, або баяцца закранаць злабадзённыя праблемы. Але пры гэтым мы павінны казаць: дык давайце вырашаць іх разам! Я заўсёды падкрэсліваю: зразумейце, калі мы сыдзем, вы ж прыйдзяце нам на змену і будзеце кіраваць нашай краінай.

І самае важнае — каб словы не разыходзілся са справай. Сваёй працай трэба рабіць усё магчымае, каб наша краіна была камфортнай для жыцця. Тады нікога з замежнікаў і пераконваць ні ў чым не давядзецца. Па прыклады далёка хадзіць не трэба. Я даўно заўважыў, што тая палітыка, якую праводзіць Прэзідэнт нашай дзяржавы, за апошняе дзесяцігоддзе вельмі паўплывала на маладых людзей, літаральна перавярнула іх свядомасць. Яны бачаць, што ў сябе на Радзіме можна атрымаць усё патрэбнае для нармальнага жыцця: і адукацыю, і працу, і бясплатнае лячэнне, і магчымасць сябе рэалізаваць — на сцэне, у спортзале ці дзе яшчэ. Таму сёння, паводле маіх назіранняў, абсалютная большасць маладых людзей шчыра адданая сваёй зямлі. Астатнія — гэта альбо тыя, каго ўвогуле нічым пераканаць немагчыма, альбо людзі несвядомыя ды хісткія, падуладныя розным эмоцыям ды павевам. Іх таксама не выпадае лічыць згубленымі: мабыць, яшчэ адумаюцца. Прыйдзе час — і само жыццё пераканае...

— Прыязджаючы на Брэстчыну, мы кожны раз упэўніваемся ў тым, што развіццё галіны культуры вобласці — вельмі дынамічнае. Спазнаўшы грунтоўную рэканструкцыю, многія ўстановы літаральна нараджаюцца наноў, выяўляючы высокія стандарты ХХІ стагоддзя. І гэта сапраўды ўражвае...

— З уласнага досведу магу запэўніць, што кожны дзень, які вы праведзяце на Брэстчыне, прынясе вам новыя станоўчыя ўражанні! І больш за ўсё ўражваюць нават не прыгожыя фасады ды і ўтульныя залы ўстаноў культуры, а менавіта тыя людзі, дзякуючы руплівасці якіх адбыліся гэтыя станоўчыя змены. Адных толькі грашовых сродкаў было б замала, каб вырашыць набалелыя праблемы паляпшэння матэрыяльнай базы: сродкі ж яшчэ трэба дбайна і з розумам асвоіць! І менавіта дзякуючы кіраўнікам розных узроўняў, якія ўкладаюць у аднаўленне ды далейшае жыццё аб’ектаў культуры нават не проста свае сілы і час, а папраўдзе часцінку сваёй душы, наша сацыяльная сфера няўхільна развіваецца.

— Тым не менш, без фінансавых укладанняў чакаць якасных зрухаў таксама наўрад ці выпадае...

— Безумоўна! Летась на рамонт і рэканструкцыю ўстаноў культуры было выдаткавана трохі менш сродкаў, чым раней. Але гэта абумоўлена адной простай прычынай: мы вельмі шмат зрабілі ў мінулыя гады. Дзякуючы Дзяржаўнай праграме адраджэння і развіцця сяла, усе асноўныя праблемы галіны былі вырашаны. Сям-там мы проста прывялі ўстановы культуры ў парадак, у многіх выпадках спатрэбілася грунтоўная рэканструкцыя, а дзе-нідзе — нават і новае будаўніцтва. Сродкаў было ўкладзена папраўдзе вельмі шмат, затое сёння літаральна ў кожным аграгарадку ёсць прыстойны Цэнтр культуры, прычым многія з іх нічым не саступаюць нават гарадскім. Таму, не крывячы душою, магу сказаць: у вобласці мы стварылі належную матэрыяльную глебу для “творчых парасткаў” яе жыхароў.

— Ці апраўдваюць сябе гэтыя інвестыцыі? Ці паспрыялі яны якаснаму зруху ў рабоце галіны культуры?

— Ізноў жа, творчыя вынікі залежаць не толькі ад укладанняў, але, перадусім, ад людзей. Тым больш, работнік культуры — гэта не проста прафесія, якую можна асвоіць, атрымаўшы пэўную адукацыю. Гэта асаблівы ўзровень духоўнасці і стан душы. На шчасце, на Брэстчыне не бракуе яркіх асоб, якія спалучаюць сваю кваліфікаванасць са шчырым энтузіязмам. Паглядзіце, колькі ў нас цудоўных калектываў, што актыўна гастралююць і ў краіне, і за мяжой, становяцца лаўрэатамі міжнародных конкурсаў! Тое ж датычыцца і музейшчыкаў, і бібліятэкараў...

Даўно пераканаўся, што творчы дух нашым работнікам культуры пазычаць няма патрэбы. А вось што да матэрыяльнага аспекту іх жыцця... Цяжка не пагадзіцца з тым, што ён пакуль пакідае жадаць лепшага, — і, думаю, не толькі ў нас на Брэстчыне. Так, мы прызвычаіліся казаць пра культуру ўзнёслым тонам, але ж нельга забываць і пра надзённыя праблемы тых людзей, якія ў ёй працуюць: скажам, пра памеры іх акладаў. Апошнім часам пэўныя зрухі тут назіраюцца, але трэба ў гэтым накірунку працаваць і надалей.

— Працэс аптымізацыі сельскіх устаноў культуры, што адбываецца цяпер ва ўсёй краіне, выклікае неадназначную рэакцыю. Безумоўна, і грошы ашчаджаць трэба, але ж і пра сацыяльны складнік нельга забываць...

— Вы абсалютна маеце рацыю! Больш за тое: сацыяльны, выхаваўчы складнік тут павінен быць на першым месцы. Што да аптымізацыі... Тут агульнага “рэцэпта” быць не можа: кожны выпадак патрабуе індывідуальнага разгляду. Бывае, у невялічкай вёсцы ёсць дзве бібліятэкі: грамадская (агулам у нашых вёсках іх 622) і школьная. Здавалася б, і там, і там чытачоў небагата, адлегласць паміж установамі — сотня метраў... Дык чаму б іх не аб’яднаць? Ніякай шкоды для справы тут не будзе, а выдаткі — значна скароцяцца.

Увогуле, я лічу, што будучыня — менавіта за буйнымі і сучаснымі ўстановамі культуры, здатнымі даць карыстальнікам самы шырокі спектр магчымасцяў. У маленькіх клубах асартымент, як правіла, зусім невялікі, і патрабавальнага вяскоўца ён ужо не задавальняе. Іншая справа — калі ў цябе ёсць права выбару. Хочаш — харэаграфія, хочаш — харавыя спевы... Любыя магчымасці выявіць і развіць свой талент! А талентаў у нас — мноства, галоўнае — прыгледзецца…

— Цяжка не пагадзіцца, але ж сёння немінуча ўзнікае пытанне: як дапамагчы таленавітым артыстам “з народу” выявіць усё, на што яны здатны? Асабліва гэта тычыцца менавіта рэгіянальных калектываў: не так і часта іх убачыш на вялікіх пляцоўках...

— Мы ўжо вынайшлі даволі эфектыўную методыку. Мабыць, у кожным раёне час ад часу праходзяць буйныя мерапрыемствы абласнога ўзроўню, і неад’емным складнікам большасці з іх з’яўляецца ўрачысты канцэрт. Раней на такія імпрэзы сцягваліся творчыя сілы, не раўнуючы, з усёй Брэстчыны. Цяпер жа мы прымяняем іншую тактыку: даручаем правесці канцэрт сіламі самога раёна. І гэта вельмі стымулюе творчую актыўнасць “на месцах”, спараджае своеасаблівую канструктыўную канкурэнцыю. Кожны ж прагне “не ўдарить лицом в грязь” перад сваімі калегамі з суседніх раёнаў!

— Наколькі вядома, вы таксама выходзілі на сцэну ў якасці спевака. Ды і дыск у вас выйшаў некалькі гадоў таму. Ці не боязна мець такое “нестандартнае” для высокай пасады хобі?

— Я заўсёды прытрымліваўся наступнага прынцыпу: калі чалавек нешта мае за душой, гэтага не трэба хаваць. А ў працы маё хобі толькі дапамагае. Паверце, такім чынам бывае куды прасцей дастукацца да сэрцаў людзей, чым любымі афіцыйнымі прамовамі...

Пытанні задавалі ўдзельнікі выязной рэдакцыі "К"

Фота Юрыя ІВАНОВА