Трактоўка помніка Максіму Танку

№ 4 (1078) 26.01.2013 - 02.02.2013 г

22 студзеня ў галерэі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў былі прадстаўлены на разгляд журы конкурсныя праекты помніка Максіму Танку ў Мядзеле. Сярод чатырох праектаў журы мусіла вызначыць лепшы. Помнік будзе стаяць у цэнтральнай частцы райцэнтра побач з невысокім будынкам з рысамі "сталінскага ампіру".

Адзін з праектаў увасабляе Танка, які сядзіць на ганку бацькоўскай хаты, другі — на беразе возера. Яшчэ адзін адлюстроўвае класіка, які стаіць на камені. У членаў журы ўзніклі сумневы наконт таго, што яны гарманічна ўпішуцца ў ландшафт. З’явіліся і пытанні адносна трактоўкі вобраза. Перавага была аддадзена варыянту, дзе паэт прадстаўлены ў руху: нібыта ён імкліва ідзе па брукаванай дарозе. Журы на чале з першым намеснікам міністра культуры Уладзімірам Карачэўскім адзначыла выразны сілуэт скульптуры і насычаную сімволіку: творчасць як дарога. Эскіз прыняты для далейшай распрацоўкі.

/i/content/pi/cult/410/8389/1-2.jpeg

Аўтары гэтай праектнай прапановы — скульптары Іван Міско і Аляксандр Фінскі, архітэктар Армен Сардараў. Карэспандэнт "К" павіншаваў пераможцаў і запытаўся пра канцэпцыю помніка. Іван Міско і Армен Сардараў выказалі задавальненне тым, што журы правільна зразумела ідэю творчага калектыву. Аўтары насамрэч трактуюць творчасць як рух, як шлях, а сімвалам руху з’яўляецца дарога.

Іван Акімавіч згадаў, што ведаў Максіма Танка асабіста, але стварыць выяву паэта пры яго жыцці не давялося. З натуры Танка ляпіў толькі Заір Азгур. Скульптары імкнуліся выявіць у помніку ўласцівы Танку ў жыцці і творчасці дэмакратызм у спалучэнні са шляхетнай вытанчанасцю. Армен Сардараў дадаў, што невыпадкова дарога брукаваная: гэта адбітак тых рэалій цывілізацыі, у якіх фарміраваўся талент паэта. А тое, што помнік стаіць нібыта на пагорку — знак нашай традыцыі, згодна з якой вартае ўвагі мусіць быць вонкава вылучана з ландшафту.

П.В.