Шорт-ліст Года кнігі

№ 4 (1078) 26.01.2013 - 02.02.2013 г

24 — 25 студзеня Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь праводзіла Нацыянальны конкурс "Мастацтва кнігі". Асаблівую значнасць гэтай падзеі надае тая акалічнасць, што конкурс падводзіў вынікі Года кнігі, які адначасова быў юбілейным годам нашых Песняроў — Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Для большай аб’ектыўнасці адбор лепшых кніг 2012 года праходзіў у два этапы. 24 студзеня працавала мастацка-экспертная рада, якая разглядала лонг-ліст, каб ператварыць яго ў шорт-ліст. А наступным днём ужо ўласна журы працавала з шорт-лістом. Кансультант упраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Валерый Рагалевіч паведаміў нам пра намінацыі конкурсу.

Найперш гэта Гран-пры "Трыумф", разам з якім уручаецца Дыплом Францыска Скарыны. Потым ідуць тэматычныя намінацыі: "Літфармат" — за мастацкую літаратуру, "Падручнік новага стагоддзя" — за навучальную літаратуру, "Фотапогляд" — як вынікае з назвы, фотаальбомы, "Залатыя скрыжалі" — за даведачна-энцыклапедычную літаратуру, "Арт-кніга" — выяўленчае мастацтва, факсімільныя, рэпрынтныя і бібліяфільскія выданні, "Эўрыка" — навуковая і навукова-папулярная літаратура, і, нарэшце, "Духоўнасць" — за рэлігійную літаратуру.

Далей ідуць прэміі спецыяльныя. "За ўнёсак у захаванне духоўнай спадчыны", "За прапаганду чытання" (яе атрымліваюць не выдавецтвы, а ўстановы і арганізацыі, якія спрыяюць распаўсюджванню друкаванага слова ў грамадстве: бібліятэкі, кніжныя крамы, клубы і г. д.), "Садружнасць" — за сумесныя праекты. Паводле традыцыі, ствараецца прэмія для спецыяльна запрошанага госця. Калі такім госцем на расійскіх конкурсах бывае Беларусь, дык прэмія за лепшую нашу кнігу называецца "Белыя росы".

Апошняя намінацыя — "Майстэрства". Летась яе пасмяротна прысудзілі Мікалаю Казлову за значны ўнёсак у развіццё мастацтва кнігі. Сёлета прэмій будзе тры: лепшаму ілюстратару, лепшаму дызайнеру, лепшаму фотамастаку.

У лонг-лісце былі прадстаўлены 173 кнігі, у шорт-ліст трапіла 59 — не больш за 5 па кожнай намінацыі.

Вынікі конкурсу будуць абвешчаны 6 лютага на ўрачыстасці ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

П.В.