Адпаведнае рашэнне прыняло Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Прэтэндаваць на гэтае званне могуць фізічныя і юрыдычныя асобы, якія аказалі бязвыплатную дапамогу або ахвяравалі сродкі на падрыхтоўку ды ажыццяўленне культурных мерапрыемстваў, праектаў. Паводле даных Міністэрства культуры, летась на развіццё культурных праектаў у краіне было выкарыстана каля 12 мільярдаў спонсарскіх сродкаў.
Упраўленні культуры абласных і Мінскага гарадскога выканкамаў, дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя Міністэрству культуры, гаспадарчыя таварыствы гэтай сферы (са згоды мецэната) альбо сам мецэнат падаюць у Міністэрства культуры заяўкі з імёнамі мецэнатаў не пазней за 1 сакавіка.
Пры выбары мецэната года ўлічваюцца сацыяльная і грамадская значнасць аказанай дапамогі, яе сістэмнасць і доўгачасовасць, а таксама памер зробленых летась ахвяраванняў.
Сярод асноўных задач рэспубліканскай акцыі — сnымуляванне развіцця ў краіне мецэнацтва, прыцягненне грамадскай увагі да спонсарскай падтрымкі ў сферы культуры. Пад час акцыі мяркуецца наладжванне прэс-канферэнцый, сустрэч мецэнатаў з дзеячамі культуры і мастацтва.