Купала: партрэт у бронзе для Вільнюса

№ 4 (1078) 26.01.2013 - 02.02.2013 г

27 студзеня ў сталіцы Літоўскай Рэспублікі пройдуць урачыстасці з нагоды юбілею купалаўскай "Паўлінкі": сто гадоў таму адбылася яе прэм’ера.

Арганізатары святочных мерапрыемстваў — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і наша пасольства ў Літве. Беларускую дэлегацыю на ўрачыстасцях будзе ўзначальваць намеснік міністра культуры краіны Тадэуш Стружэцкі.

Распачнецца святкаванне цырымоніяй замены мемарыяльнай шыльды ў гонар беларускага Песняра. Тая, першая, была устаноўлена на пачатку 2000-х гадоў, і, як высветлілася з часам, атрымалася не надта ўдалай. Кажуць, што і партрэтнай выяве Купалы не стае падабенства, і тэкст кепска чытаецца, асабліва калі шыльда намакае пасля дажджу… Ініцыятыву пасольства па замене шыльды падтрымала Міністэрства культуры нашай краіны. Беларуская дзяржава прафінансавала праект. Зрабіць новую шыльду было даручана двум маладым скульптарам Сяргею Аганаву і Вользе Нячай. Па словах Сяргея, яны арыентаваліся не на кананічныя выявы Купалы, дзе ён немалады і стомлены, а на фотаздымкі Віленскага перыяду ягонай творчасці. Іх Купала — малады і рамантычны. Партрэт Песняра дапаўняе верш, ягонай жа рукою і напісаны  — факсіміле ў бронзе.

У той жа дзень адкрыецца выстаўка з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Гэта дакументы, што датычацца Віленскага перыяду ў жыцці і творчасці Песняра. Асобны раздзел прысвечаны "Паўлінцы": там, у прыватнасці, прадстаўлена калекцыя афіш спектакля за розныя гады, з розных гарадоў. Самым каштоўным экспанатам дырэктар музея Алена Ляшковіч назвала эскізы касцюмаў да "Паўлінкі" работы народнага мастака Беларусі Аскара Марыкса.

Завершыцца свята ў Вільнюсе канцэртам фальклорнага гурта "Купалінка" Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Артысты зладзяць імпрэзу па матывах "Паўлінкі".

П.В.