Часопіс "Мастацтва". 30 гадоў!

№ 4 (1078) 26.01.2013 - 02.02.2013 г

Нашы калегі з рэдакцыі часопіса "Мастацтва", якая ўваходзіць у склад рэдакцыйна-выдавецкай установы "Культура і мастацтва", гэтымі днямі адзначаюць 30-годдзе з дня выхаду першага нумара выдання. З гэтай нагоды калектыў рэдакцыі павіншаваў міністр культуры Рэспублікі Беларусь.

Шаноўныя сябры!

За трыццаць гадоў часопіс "Мастацтва" стаў неад’емнай часткай духоўнай прасторы рэспублікі. Гэта ўнікальнае прафесійнае выданне, якое канцэнтруе ўвагу сваіх чытачоў на самых гарачых кропках сучаснага арт-поля. На яго старонках публікуюцца як грунтоўныя аналітычныя артыкулы, так і аператыўныя рэцэнзіі на актуальныя падзеі мастацкага жыцця, — тым самым выданне прадстаўляе шырокую панараму беларускага мастацтва. Часопіс імкнецца захоўваць пазіцыю аб’ектыўнага аглядальніка і трымае руку на пульсе сучаснага арт-працэсу. Крытычныя артыкулы, апублікаваныя ў "Мастацтве", істотна ўплываюць на культурную сітуацыю ў краіне!

/i/content/pi/cult/410/8385/1-1.jpeg

Гэта выданне, якое ствараецца прафесіяналамі для прафесіяналаў і неабыякавых аматараў — усіх, хто ўважліва сочыць за самымі значнымі арт-падзеямі. Аўтарамі часопіса з’яўляюцца лепшыя мастацтвазнаўцы краіны, чые меркаванні набываюць значэнне аб’ектыўнай экспертнай ацэнкі. Часопіс не толькі аналізуе творчы працэс — "Мастацтва" вылучае лепшыя набыткі нацыянальнай і сусветнай культуры і спрыяе выхаванню чытачоў на яе ўзорах.

Ад усёй душы жадаю калектыву часопіса прафесійных поспехаў, невычэрпнага творчага натхнення, новых здзяйсненняў, міру і дабра! Няхай і надалей прыбывае ў скарбонцы створанага калектывам выдання за трыццаць гадоў, а сённяшні юбілей надасць імпульс імклівага руху наперад — да новых дасягненняў і поспехаў!

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь

Барыс СВЯТЛОЎ