Ляці, заяўка, на "…Базар"!

№ 4 (1078) 26.01.2013 - 02.02.2013 г

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пачало прыём заявак на ўдзел у адборачных турах да міжнародных конкурсаў "Славянскага базару ў Віцебску" — дарослага і дзіцячага.

Прыём заявак працягнецца да 15 сакавіка. Потым, паводле традыцыі, пройдуць самі адборы — і мы даведаемся, хто прадставіць нашу краіну на гэтых двух прэстыжных спаборніцтвах: Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск" і Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе, якія пройдуць у рамках нашага фестывалю мастацтваў у ліпені бягучага года.

У дарослым конкурсе могуць прымаць удзел спевакі ад 18 да 31 года, у дзіцячым — ад 7 да 12-ці гадоў. Але галоўным патрабаваннем на абодвух застаецца дастатковая ранейшая "апрабацыя": вопыт канцэртных выступленняў, паспяховы ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах ды фестывалях. Іншымі словамі, на конкурсы "Славянскага базару ў Віцебску" традыцыйна з’язджаюцца пераможцы іншых спаборніцтваў, каб яшчэ раз памерацца творчымі сіламі.

Заяўкі трэба накіроўваць у дзяржаўную ўстанову "Цэнтр культуры "Віцебск", аддзел міжнароднага супрацоўніцтва, (210026, г. Віцебск, Рэспубліка Беларусь, вул. Маякоўскага, 1, тэл.: +375-212 364-437; +375-212 373-340; факс: +375-212 374-949) каштоўнай бандэроллю, з паметкай: "Адборачны тур конкурсу "Віцебск" (дарослыя)" або "Адборачны тур конкурсу "Віцебск" (дзеці)". Спяшайцеся: на роздум засталося менш за два месяцы!